З ПАШАНАЙ да друкаванага слова

У апошні час у бібліятэкара Бялёўскай бібліятэкі Зінаіды Абрамовіч значна пабольшала клопатаў. Але яны ніколькі не абцяжарваюць гаспадыню ўстановы, а, наадварот, натхняюць на яшчэ больш стваральную працу.


Зараз Зінаіда Мікалаеўна па-новаму абжывае будынак бібліятэкі. Тут сёлета праведзены вялікі рамонт: замянілі дах, вокны, дзверы, абнавілі і пафарбавалі сцены, змайстравалі падвясную столю. Цяпер жанчына стараецца ўдыхнуць цеплыню, стварыць утульнасць у гэтым новым будынку. Ужо ёю расстаўлены паліцы і кнігі на іх. На цяперашні час чакае мастака з райцэнтра, каб аформіць выставы. Дарэчы, у гэтым годзе бібліятэка пачала актыўна распрацоўваць экалагічную тэматыку і будучыя выставы будуць прысвечаны менавіта прыродным ландшафтам роднага краю, найбольш вядомым і значным прыродным цудам Жыткаўшчыны. Бібліятэкарам у гэтыя дні вядзецца падбор матэрыялаў. І ўсё ж асноўны клопат у Зінаіды Мікалаеўны — гэта якаснае абслугоўванне чытачоў. Іх у бібліятэкі налічваецца 465 чалавек. Відавочна, што многія любяць чытаць у Бялёве: і дарослыя, і дзеці. 3230 наведванняў установы чытачамі зарэгістравала бібліятэкар з пачатку бягучага года. Асабліва актыўныя вучні мясцовай школы, якія прыходзяць за літаратурай, каб падрыхтавацца да заняткаў. Цікавяцца яны і прыгодніцкім жанрам, і энцыклапедычнымі даведнікамі, дзіцячымі часопісамі і іншымі выданнямі. Для самых маленькіх чытачоў, вучняў пачатковых класаў працуе пры бібліятэцы аматарскі клуб.


Зінаіда Мікалаеўна на яго занятках прывівае дзецям любоў да кнігі, да творчасці пісьменнікаў. Для іншых чытачоў бібліятэкай праводзіцца шмат мерапрыемстваў: літаратурныя вечарыны, дыспуты, лекцыі, віктарыны, іншыя мерапрыемствы. Абслугоўвае бібліятэкар і жыхароў на даму. Гэта людзі, якія па свайму стану здароўя не могуць наведваць установу. Зінаіда Мікалаеўна загадвае сельскай бібліятэкай у Бялёве больш двух дзесяткаў гадоў. За гэты час яна добра вывучыла чытацкія запыты вяскоўцаў. Жанчыны, напрыклад, зачытваюцца раманамі пра каханне, мужчыны — дэтэктывамі. Аднолькава любяць усе чытаць перыядычныя выданні, асабліва расійскія. Кніжны фонд бібліятэкі разам з перыёдыкай на цяперашні час налічвае больш дзевяці тысяч экземпляраў, так што многія чытачы могуць знайсці сабе кнігу па густу. Скажам, што хаця і павольна, у невялікай колькасці паступаюць у бібліятэку новыя кнігі. У гэтым годзе такіх на кніжных паліцах з’явілася больш васьмідзесяці. Самае галоўнае, яны ўсе запатрабаваны чытачамі.


Бібліятэкар, акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, шмат надае ўвагі эстэтычнаму выгляду ўстановы. У гэтым ёй дапамагае ўласнае захапленне кветкамі. Таму з ранняй вясны два позняй восені красуюцца каля ўстановы прыгожыя кветнікі, якія таксама вабяць чытача. Зінаіда Мікалаеўна мае цвёрдае перакананне, што грамадская бібліятэка на вёсцы яшчэ не вычарпала свае магчымасці як культурнага і сацыяльнага цэнтра. Не кожнаму па кішэні цяпер набыць новую кнігу, а ў бібліятэцы яе можна атрымаць і пачытаць бясплатна. Людзей, якіх вабіць прыгажосць мастацкага слова, у Бялёве, нягледзячы на тэхнічны прагрэс, яшчэ дастаткова. У ліку найбольш актыўных наведвальнікаў бібліятэкі Зінаіда Мікалаеўна называе Леру Галавач, Алену Макарэвіч, Сяргея Воранава, Наталлю Уханаву, Юлію Мазуленю і іншых. Усе гэтыя людзі рознага ўзросту, але іх аб’ядноўвае любоў да кнігі, друкаванага слова, і Зінаіда Мікалаеўна сваёй працай робіць усе, каб кніга была жаданым госцем у кожным доме вяскоўца.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.