Кіпучае жыццё пярвічкі Жыткавіцкага раёна

акунец ветеран22 лютага ветэранская арганізацыя раёна правядзе сваю справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Менавіта гэты выпуск
тэматычнай старонкі прысвечаны тым актывістам грамадскага руху, якія сваімі лідарскімі якасцямі мацуюць ветэранскія справы, тым самымдэманструюць, што і пажылыя людзі могуцьі на заслужаным адпачынку весці актыўны лад жыцця, прыцягваць да яго іншых.

Вера Акунец 38 гадоў адпрацавала ў бібліятэчнай сістэме раёна. Пастаянныя зносіны з людзьмі, што вымагала прафесійнае прызванне, стала для жанчыны такой жа неабходнасцю, як паветра. Таму Вера Васільеўна, нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, імкнецца быць разам з людзьмі ў гушчыні грамадскага жыцця. Больш таго арганізуе іх на карысныя і патрэбныя справы.
На заслужаны адпачынак Вера Акунец выйшла ў 2006 годзе. Канечне, цяжка было напачатку жанчыне без калектыву, без сваіх чытачоў, клопатаў па рабоце. Але аддушына знайшлася. Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры горада запрасіў Веру Васільеўну ўліцца ў іх рады. Доўга не думала, пагадзілася. Усё ж не адной час марнаваць. Дзякуючы прыроджанаму таленту лідара, актыўнай жыццёвай пазіцыі, яна хутка набыла аўтарытэт сярод членаў пярвічкі. Як вынік, яе праз два гады абіраюць намеснікам старшыні арганізацыі. А яшчэ праз такі ж тэрмін яна становіцца яе лідарам. З той пары ўжо пяць гадоў мінула. Нядаўна ў пярвічцы прайшоў справаздачна-выбарчы сход, на якім яе члены адзінадушна на чарговую пяцігодку даверылі старшынёўскі партфель Веры Васільеўне. Зразумела, што не за проста так гэта зрабілі, а ацанілі за тыя справы, што на грамадскай пасадзе выконвае Вера Акунец.
— Наша пярвічная ветэранская арганізацыя работнікаў культуры горада Жыткавічы з’яўляецца не самай вялікай у раёне. Зараз у ёй налічваецца 43 чалавекі, — расказвае лідар пра сваю структуру. — Але члены савета арганізацыі імкнуцца, каб кожны ветэран адчуў, што пра яго не забываюць, што ён патрэбны грамадству.
Менавіта гэты прынцып і стаў асновай мноства добрых і карысных спраў. А распачала іх старшыня з таго, што склала спіс сваіх падначаленых, які штогод удакладняе. Як ні кажы, а час не стаіць на месцы — у рады пярвічкі прыходзяць новыя члены, нехта іх пакідае, на жаль, назаўсёды. Таму праяўленне клопату адзін пра аднаго, увага пра хворых і адзінокіх пажылых людзей, наведванне іх у бальніцы і дома стала асноўным правілам у дзейнасці вышэйзгаданай ветэранскай структуры. Верай Акунец складзены і графік асабістага прыёма ветэранаў. Цесную сувязь яна падтрымлівае і з кіраўнікамі ўстаноў, што таксама дапамагае вырашаць пытанні пажылых людзей.
— Складанасць працы ў нашай пярвічцы заключаецца ў тым, што ў яе састаў уваходзяць былыя работнікі з розных арганізацый, у ліку якіх школа мастацтваў, аддзел культуры, бібліятэкі, рэдакцыя газеты, — расказвае Вера Васільеўна. — І тут без сувязі з кіраўнікамі, прафкамамі, маладымі работнікамі не абысціся. Вельмі ўдзячная, што знаходжу поўнае паразуменне. Канечне, дапамагае ў рабоце і ранейшая мая прафесія, бо многіх ведаю людзей, многія ведаюць мяне. Адным словам, стараемся, каб жыццё ветэранскай пярвічкі знаходзілася ў безупынным руху.
Члены арганізацыі наведваюць сходы, дзе актыўна абмяркоўваюць планы сваёй дзейнасці. Частыя госці яны і на многіх культурных мерапрыемствах, прычым не толькі як сузіральнікі, але і арганізатары. Пасільны ўдзел яны прымаюць і ў працоўнай дзейнасці, наводзяць парадак ля сваіх сядзіб, дач, на вуліцах. Ды і ў выбарах прэзідэнта ветэраны былі ў ліку самых актыўных. Шмат станоўчых эмоцый засталося ў пажылых людзей і ад праведзеных экскурсій на аграсядзібу “Закінуты рай” і ў новую бмібліятэку.
— Сумесны адпачынак толькі спрыяе большаму яднанню паміж намі, — гаворыць старшыня пярвічкі. — І гэта таксама ідзе на карысць нашай работы. Усё ж, калі людзі становяцца бліжэй духоўна, яны і да справы даручанай ставяцца адпаведна. Таму ў нашых бліжэйшых планах пастарацца наладзіць цесныя стасункі з іншымі пярвічкамі горада і раёна.
У тым, што ветэранская пярвічка культработнікаў райцэнтра развівае сваю дзейнасць, па словах яе старшыні, заслуга яе памочнікаў — актывістаў. Іх у Веры Васільеўны вельмі шмат. Гэта Валянціна Ахрамовіч, Ганна Лой, Людміла Субоціна, іна Коршак, Валянціна Хаміцэвіч, Вольга Жураўлевіч, Людміла Кіцура і іншыя. Менавіта з імі Вера Акунец і мяркуе ажыццявіць мноства добрых і карысных спраў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.