Цяпер пальецца і песня званчэй

Амаль два гады жыхары вёскі Марохарава марылі, каб у іх населеным пункце аднавіў пасля пажару сваю работу мясцовы дом культуры. У мінулую нядзелю гэтая мара збылася. У вёсцы ўрачыста прайшло адкрыццё Марохараўскага сельскага Дома культуры. Дзень выдаўся ясным, па-веснавому цёплым. Сама прырода нібы дапамагала людзям, спрыяла таму, каб доўгачаканае мерапрыемства прайшло радасна, і нішто не магло сапсаваць настрой вяскоўцам ад добрай справы. Яшчэ да пачатку ўрачыстасці жыхары Марохарава групамі і па адным прыходзілі да будынка Дома культуры. Многім не верылася, што і ў іх населеным пункце будзе свой ачаг культуры. Але ўпрыгожаная шарамі імправізаваная пляцоўка ля будынка, гучная музыка, якая разносілася з дынамікаў па ўсім наваколлі, ды навязаная перад уваходам чырвоная стужка адразу развявалі ранейшыя сумненні. Таму словы вядучых, якія абвясцілі аб пачатку свята, вяскоўцы сустрэлі дружнымі апладысментамі. Гэтак жа апладысментамі ды пышным караваем сустракалі і гасцей: старшыню раённага Савета дэпутатаў Ніну Рамановіч, намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Валерыя Рагалевіча, начальніка аддзела культуры райвыканкама Сяргея Агіевіча, старшыню Марохараўскага сельсавета Генадзя Лясько, дырэктара камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Марохараўскі” Івана Алесіча. У сваіх выступленнях яны выказалі шмат віншавальных слоў у адрас вяскоўцаў з такой значнай нагоды, як адкрыццё дома культуры, і пажаданняў, каб дзверы ўстановы былі заўсёды гасцінна расчынены для наведвальнікаў. Наколькі будзе весела ў новай установе цяпер залежыць менавіта ад саміх жыхароў ды культработнікаў. Усе выступоўцы выказаліся адназначна, што запатрабаванасць паслуг дома культуры будзе абавязкова ў людзей.


Роля і раённых уладаў, і мясцовых у тым, што адбылася гэтая падзея, відавочная. Па словах выступоўцаў, менавіта старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў свой час на зварот жыхароў Марохарава аб аднаўленні там клуба адназначна выказаўся, што ў гэтым населеным пункце такая ўстанова павінна працаваць. Аддзел культуры знайшоў фінансы, рабочых, каб правесці рамонт у пакінутым будынку лазні, якое выдзелілі пад дом культуры. І варта адзначыць, атрымалася даволі сімпатычна. Па-новаму афарбаваны і атынкаваны сцены, устаноўлены вокны і дзверы, на падлогу пакладзена плітка, зманціравана сістэма ацяплення і іншае дазволілі стварыць нядрэнныя ўмовы для працы культработнікаў і адпачынку людзей.


— Гэта вельмі знакавая падзея, што ў Марохараве адкрылася амаль праз два гады ўстанова культуры, — падкрэсліў Генадзь Пятровіч Лясько. — Цяпер людзі змогуць тут праводзіць свой вольны час, ладзіць розныя святы і мерапрыемствы. Да таго ж і добраўпарадкуецца тэрыторыя, упэўнены, што мясцовыя культработнікі і жыхары паспрыяюць у гэтай справе.


І вось настае самы ўрачысты момант падзеі. Начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Агіевіч пад дружныя воплескі людзей уручае сімвалічны ключ ад установы яе дырэктару Жанне Санюк, а таксама сертыфікат на падарунак – тэлевізар. Пасля чаго Генадзь Пятровіч Лясько, Ніна Мікалаеўна Рамановіч, Валерый Маркавіч Рагалевіч пераразаюць чырвоную стужку на ўваходзе ва ўстанову.


Адразу ж пераступілі парог і першыя наведвальнікі, а гэта, па самых сціплых падліках, паўвёскі. Усе з вялікай цікавасцю аглядалі новы будынак, у якім цяпер размясціліся не толькі дом культуры, але і бібліятэка. Ва ўстанове маецца танцавальная зала, якая сумяшчаецца з глядзельнай. Яшчэ адзін пакой будзе прыстасаваны для розных гульняў: шашак, шахмат, тэнісу. Агледзеўшы ўстанову і ацаніўшы якасць рамонту, людзі сабраліся ў актавай зале. У той дзень тут жа адбылося і першае мерапрыемства — святочны канцэрт, які для марохараўцаў падрыхтавалі самадзейныя артысты Жыткавіцкага ГДК. Першыя песні.


Першыя апладысменты. У новай установе яны былі надзвычай звонкімі і дружнымі. а яшчэ ўдзячныя словы ветэрана працы Марыі Купрацэвіч, якая выказала надзею, што жыхары вёскі будуць беражна эксплуатаваць новы дом культуры.


Па словах дырэктара Жанны Санюк, цяпер у установы ёсць мноства планаў.


— Будзем ствараць свой уласны самадзейны ансамбль, грамадскія аб’яднанні па інтарэсах для ўсіх узростаў, праводзіць разнастайныя святы і вечарыны, — расказвала пра будучую дзейнасць Жанна Іванаўна. — Ды і мясцовыя майстры таксама акажуць дапамогу ў арганізацыі гурткоў па народных промыслах. Для нас галоўнае працаваць так, каб людзям ва ўстанове было цікава бавіць вольны час. Дапаможа ў гэтым і бібліятэкар, яна таксама чалавек актыўны. Ды людзей таленавітых у Марохараве вельмі шмат. На бліжэйшы час у нас запланавана правесці некалькі канцэртаў калектываў мастацкай самадзейнасці з іншых клубных устаноў.


З вопыту сваёй дзейнасці ў галіне культуры, а працоўны стаж Жанны Іванаўны складае дванаццаць гадоў, яна ўпэўнена, што ўсё атрымаецца. І ўстанова яшчэ не раз парадуе вяскоўцаў цудоўнымі святамі і мерапрыемствамі, як гэта было падчас адкрыцця.


Марохарава не адзіны населены пункт, дзе кіраўніцтва аддзела культуры плануе адраджаць свае ўстановы. Вялікія рамонты запланаваны ў Запясоцкім сельскім клубе, Тураўскім музеі, Дварэцкім СДК, Жыткавіцкай дзіцячай школе мастацтваў імя У. Будніка. Гэта толькі задачы на бліжэйшы час. “ А чаму б і не ствараць добрыя ўмовы для людзей у сваіх установах, — зазначае Сяргей Віктаравіч, — калі яны запатрабаваны і ў жыхароў яшчэ маецца вялікая неабходнасць у культурным адпачынку, як кажуць, для душы. Вось гэтая запатрабаванасць і вымушае працаваць па абнаўленню сваіх устаноў. Марохараўскі сельскі Дом культуры менавіта і з’яўляецца тым станоўчым прыкладам нашай дзейнасці ў гэтым напрамку”.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.