Пра будучае — клапаціцца сёння

Павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі нацэлены работнікі і спецыялісты КСУПа “Людзяневічы” за сёлетні перыяд пашавага ўтрымання грамадскага статка. Як паказвае практыка, у пэўнай ступені мясцовым працаўнікам ферм гэта ўдаецца.


Яскравы прыклад — дзейнасць калектыва сцяблевіцккай фермы. Яшчэ некалькі месяцаў назад па прычыне нядобрасумленнасці некаторых жывёлаводаў гэтага вытворчага падраздзялення адтуль нават значную колькасць жывёлы перавялі. Безумоўна, што пазбавіліся і ад дрэнных работнікаў. Вынікі такой, так бы мовіць, “селекцыі” цяпер сведчаць самі за сябе. Па надоях ад каровы сцяблевіцкія аператары машыннага даення лідары па гаспадарцы. Калі летась яны даілі  ад каровы ўсяго крыху больш сямі кілаграмаў малака, то ў гэтыя дні надой набліжаецца да трынаццаці кілаграмаў. Як адзначаюць мясцовыя аператары, яшчэ ёсць рэзерв, каб прыбавіць малака, бо нямала кароў пакуль не расцяліліся.


Станоўчыя перамены назіраюцца і ў арганізацыі пасьбы. Яна вядзецца круглыя суткі, укараняецца франтальны выпас статка пад электрапастухі. Усё гэта, памножанае на стараннасць даярак, і дае плён.


— З прыбаўкамі па надоях працуюць і ў іншых структурных падраздзяленнях галіны, — расказвае галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Марына Друк. — Хаця напачатку пашавага перыяду ў нас і былі праблемы, але мы іх аператыўна ўхілілі. Цяпер усё наладзілася, і па надою ад каровы гаспадарка мае “плюс” у параўнанні з леташнім больш чым па кілаграму малака. Асабліва павялічвацца яно пачало, калі перавялі статкі на кругласутачнае пашавае ўтрыманне.


На выпасах у большасці выпадкаў ажыццяўляецца і даенне. Дарэчы, аб пашы ў гаспадарцы паклапаціліся загадзя. Вясной падкармілі мінеральнымі тукамі, некаторыя ўгоддзі перазалужылі.  Таму і аддачу атрымліваюць адпаведную. Гэта адзначаюць і радавыя жывёлаводы, і спецыялісты.


— Каровы наядаюцца вельмі добра, — гаворыць перадавы аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства Галіна Ханеня, якая працуе на людзяневіцкай малочнатаварнай ферме. — Гэта вельмі станоўча адбіваецца на надоях. Таму планую, што за гэты год ад замацаваных за мной каровак надаю малака значна болей. Летась надаіла больш чым па чатыры тысячы ад каровы. Цяпер, і па пяць не грэх атрымліваць.


Па словах загадчыцы людзяневіцкай фермы Жанны Татур, сёлета пастаўлена такая задача перад усімі аператарамі структурнага падраздзялення.


— Стараемся працаваць так, каб выконваліся ўсе тэхналагічныя патрабаванні, каб статак выпасаўся толькі франтальным спосабам, каб былі ў карытах соль, вада, мінеральныя дабаўкі, — расказвае спецыяліст. — Калі ж як не зараз на самай спыжыўнай траве атрымліваць вялікае малако.


Дарэчы, варта адзначыць, што калектыў людзяневіцкай фермы ўжо які год з’яўляецца бясспрэчным лідарам па надоях малака сярод іншых структурных падраздзяленняў гаспадаркі. І гэты імідж тут імкнуцца трымаць і надалей.


Канечне, яшчэ маецца ў жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства нямала праблем. Папрацаваць трэба і над якасцю прадукцыі. Яшчэ далёкія ад ідэалу і выпасы, дзе пакуль асноўнымі кампанентамі з’яўляюцца злакавыя расліны, а не бабовыя.  Востра стаіць пытанне з размяшчэннем маладнячку. Але нельга адмаўляць відавочнага, яны паступова вырашаюцца.


На цяперашні час у КСУПе вядзецца акультурванне раней пакінутых зямель, будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу. Па словах дырэктара Віктара Ульяновіча, будоўля ідзе з апераджэннем графікаў.


— Існуе дамоўленасць з будаўнікамі, каб яны найперш здалі ў эксплуатацыю цялятнік. Ужо да канца года мяркуем там размясціць маладнячок. Хаця каркасы і іншых памяшканняў ужо ўзведзены, —  дзеліцца планамі пра развіццё грамадскай жывёлагадоўлі Віктар Несцеравіч. — Заканчваем другую чаргу яшчэ адной фермы, якую будуем гаспадарчым спосабам.  Перавод жывёлы на пашавае ўтрыманне дае магчымасць весці рамонты памяшканняў і на іншых фермах. Матэрыялы для гэтага маюцца. Усё гэта дазволіць нам працаваць у будучым больш стабільна і вынікова.


Дбаюць у КСУПе не толькі пра тое, каб мець сучасныя памяшканні для ўтрымання жывёлы, але і аб кармавой базе. Ужо летась у гэтым накірунку быў зроблены даволі значны крок. Гаспадарка забяспечыла не толькі свае патрэбы ў травяністых кармах, але і прадавала іх. Сёлета плануецца таксама мець паўтарагадавы запас травяністых кармоў. Да іх нарыхтоўкі ўжо прыступілі. Таксама пасеяна тысяча пяцьсот гектараў кукурузы, якая пойдзе на корм жывёле.


Так, клопатаў у людзяневіцкіх жывёлаводаў зараз шмат. І яны звязаны не толькі з цяперашнім станам галіны, але і яе будучым.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.