Працаваць на карысць краіны
Пра тое, як развівалася эканоміка нашага раёна і дзяржавы ў цэлым, якія захады кіраўніцтвам прымаліся па падтрымцы сваіх грамадзян у няпросты час, што выдаўся сёлета, ішла размова інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, з працоўным калектывам сярэдняй школы №3 райцэнтра.
Наталля Макарэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, падрабязна расказала пра сацыяльную падтрымку насельніцтва ў прайшоўшым годзе. Хаця і нялёгка было, але дзяржава гарантавала сваім грамадзянам працу, па магчымасці раслі заробкі, аказваліся іншыя сацыяльныя выплаты і іншае. Мікалай Міхайлавіч на сустрэчы агучыў інфармацыю пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і нашага рэгіёна. Так, былі праблемы, але ж яны вырашаліся. Зразумела, па вядомых прычынах не ўсяго ўдалося дабіцца, як гэта планавалася, толькі сітуацыя ў эканоміцы, дзякуючы прымаемым захадам кіраўніцтва краіны і на месцах, не выйшла з-пад кантролю. Наадварот, яе ўдалося стабілізаваць і нават забяспечыць па многіх пазіцыях нядрэнны рост.
Пасля агучаных інфармацый прадстаўнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы, а гэта кіраўнікі, якія адказваюць за розныя сферы жыццядзейнасці раёна, адказалі на пытанні настаўнікаў. Іх у першую чаргу турбавала, чаму ў нашым раёне цэны на малако і хлеб вышэйшыя чым у суседняй вобласці. Цікавіла многіх і арганізацыя медыцынскага абслугоўвання ў гарадской паліклініцы, правядзення медаглядаў школьнікаў. Узнята было і пытанне рамонту жылля. Правапарушэнні ў падлеткавым асяроддзі, яшчэ адна праблема, якую закранулі падчас сустрэчы настаўнікі трэцяй школы. Ніводны зварот педагогаў не застаўся без увагі, кіраўнікі службаў раёна пастараліся даць неабходныя тлумачэнні. Па тых жа праблемах, якія патрабуюць дадатковага разгляду, адказы будуць даведзены калектыву школы пазней.
Зацікаўленая размова цягнулася не адну гадзіну і закончылася пажаданнямі добрых вучняў і ўсяго найлепшага, якія выказаў педагогам старшыня райвыканкама, а таксама паспяхова працаваць на карысць сваёй краіны.