СТАВІЦЬ ПЫТАННІ ЖЫЦЦЁ

Сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі ў вёсках Пухавічы і Ляхавічы заўсёды напоўнены напалам эмоцый збоку мясцовых жыхароў. Настолькі шмат яны задаюць пытанняў, што старонняму на такіх мерапрыемствах чалавеку падасца, быццам улада даўно махнула на гэты край і яго людзей рукой. Калі ж пачынаюць разбіраць сітуацыю, атрымліваецца, так бы мовіць, што не так і страшна ўсё, як гэта абмалёўваецца. Усяго спраў, і насельніцтву, і ўладзе варта толькі сумесна прыкласці намаганні, і многія праблемы разыдуцца, нібы хмарынка на небе ў яснае, сонечнае надвор’е. І жыць па прынцыпе: мая хата з краю тут не выпадае.


Сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама нумар адзін з жыхарамі вёскі Пухавічы распачалася з выступлення начальніка аддзела ідэалогіі райвыканкама Леаніда Валатоўскага. Леанід Міхайлавіч расказаў прысутным на мерапрыемстве, як дзяржава імкнулася забяспечваць прымальныя ўмовы жыцця сваім грамадзянам у няпросты ў эканамічных адносінах прайшоўшы год. Усё ж, якія складанасці не давялося перажыць, але людзі сам-насам з імі не заставаліся. Па магчымасці індэксаваліся і павышаліся заробкі, пенсіі, выплаты на дзяцей. Тым, хто маў патрэбу, органамі сацыяльнай службы аказвалася дапамога як матэрыяльная, так і з набыццём сталага месца працы. І пералік такіх дзеянняў можна працягваць. І ў нашым раёне таксама прымаліся захады, каб палепшыць жыццё людзей. На жаль, іх становіцца з кожным годам менш і менш, аб чым сведчаць статыстычныя дадзеныя дэмаграфічнага становішча на Жыткаўшчыне. Нараджаецца менш дзяцей, больш людзей памірае. Гэты дысбаланс асабліва моцна б’е па сельскіх населеных пунктах.


Пасля выступлення начальніка ідэалагічнага аддзела жыхары пачалі дружна задаваць пытанні членам інфармацыйнай групы, у склад якой ўваходзілі кіраўнікі розных сфераў жыццядзейнасці рэгіёна: медыцыны, адукацыі, гандлю, праваахоўных органаў, мясцовага сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства. Як ужо адзначалася, пытанняў было вельмі шмат, і задаваліся яны з такім эмацыянальным узрушаннем, што некаторыя “гарачыя галовы” прыходзілася і “астуджваць” у ходзе своеасаблівай дыскусіі, бо акрамя сваёй “праўды” яны не хацелі чуць нічога і нікога іншага.


Што ж цікавіла жыхароў вёскі Пухавічы? Напрыклад, пажылы мужчына праявіў клопат пра сваю дачку. Маўляў, столькі ўсім дапамогі аказалі, а ў яе бок, маці траіх дзяцей, нават ніхто і не зірнуў. Ён жа ўжо стары і дапамагаць дочцы і ўнукам не можа. Безумоўна, гэтае пытанне было ўзята на кантроль, і члены інфармацыйнай групы запэўнілі, што давядуць яго да кіраўніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. І калі жанчыне паводле нашага заканадаўства сапраўды неабходна дапамога, яе абавязкова акажуць. Вось, на жаль, толькі адно, ніхто не запытаў у клапатлівага бацькі, а да каго ён звяртаўся ці яго дачка раней, каб дапамаглі. Чаму так доўга чакалі?..


— Калі лазню ў нас пабудуюць? Пры калгасе яна была, а калі калгас далучылі да суседняй гаспадаркі, усё разбурылася.


— Парадак навядзіце ля магазіна. Чаму не прымаюць пустыя бутэлькі?


— У іншых населеных пунктах агароджы людям ставяць, а ў нашай вёсцы ўсе паваліліся. Нават на цэнтральнай вуліцы і ніхто вухам не вядзе. Пастаўце і нам агароджы…


Зала сыпала пытаннямі, нібы кулямётнымі чэргамі. Толькі пачуўшы такое, у галаве круцілася адна думка: наколькі моцныя ў гэтым населеным пункце спажывецкія настроі. Так, лазня працавала, але ж не закрывалі яе пасля далучэння мясцовага калгаса да суседняга. Проста саміж жыхары разабралі, разбурылі душавую, што працавала на былым мехдвары. Смецце ля іхняга магазіна таксама ніхто іншы, як самі не раскідвае. А вось прыбраць за сабой, відаць, сілы не стае. Што тычыцца агароджаў, то сапраўды у шэрагу аграгарадкоў іх збудавалі за дзяржаўныя грошы. Але гэта было тады, калі жылі мы больш заможнейшым жыццём і не сутыкаліся з такімі эканамічнымі цяжкасцямі. Цяпер у будаўніцтве агароджаў на сваіх падворках самы актыўны ўдзел прымаюць гаспадары. Прычым паўсюдна. І такіх прыкладаў у раёне вельмі шмат. У аграгарадках Дзякавічы, Ленін, вёсках Дзедаўка, Гулевічы, Марохарава і іншых. Сельсаветы толькі дапамагаюць з набыццём матэрыялаў і не больш таго. У Пухавічах, напэўна, да такога яшчэ “ не дараслі”, усё спадзяюцца на дзяржаўныя грошы. Свае ж сродкі ўкладваць у справу добраўпарадкавання не вельмі ахвочы. Красамоўна аб тым засведчыла адно з зададзеных пытанняў.Ужо колькі гадоў жыхароў з нямногіх двухпавярховак населенага пункта турбуе праблема каналізацыйных сцёкаў. Не раз яны аб тым напаміналі прадстаўнікам улады. Паспрабавала вырашыць іх праблему мясцовае сельгаспрадпрыемства, але сіл па тэхнічных прычынах не хапіла. На прайшоўшай сустрэчы праблема была агучана ў чарговы раз. Калі ж жыхарам дома прапанавалі дапамогу камунальнай службы, праўда, за яе прыйдзецца заплаціць з уласнай кішэні, людзі заціхлі імгненна.


Не буду адмаўляць, што ёсць праблемы ў Пухавічах і для ўладаў. Напрыклад, рамонт і падсыпка дарог на вуліцах, або знос будынка даўно пакінутага дзіцячага садзіка, або выдзеліць добры выпас для прыватных каровак у вёсцы Пласток. Сапраўды, не справяцца з гэтым жыхары, але навесці парадак на сваіх сядзібах, высекчы кустарнік – усё гэта яны змогуць самастойна. І тут, як кажуць, поле дзейнасці для прадстаўнікоў сельсавета, менавіта яны павінны натхніць насельніцтва вёскі на справу добраўпарадкавання.


Ключавымі пытаннямі падчас сустрэчы з’яўляліся праблемы з медыцынскім абслугоўваннем. Дарэчы, востра яны стаялі не толькі ў Пухавічах, але і Ляхавічах. Тлумачэнне людзям даў галоўны ўрач установы аховы здароўя Мікалай Бабенка. У сваёй аснове праблема крыецца ў недахопе кадраў медработнікаў. На жаль, не затрымліваюцца яны надоўга ў гэтых мясцінах, а з іх ураджэнцаў ахвотнікаў працаваць у родных вёсках няма.


— Па размеркаванню павінен прыехаць урач у Чырвонае, але ці даедзе пасля заканчэння. Усё ж дзяўчына — замуж выйдзе, а там дэкрэтны водпуск, — даводзіў прысутным Мікалай Мікалаевіч.


Платныя і бясплатныя паслугі медыцыны, калі павінен выязджаць па выкліку хворага ўрач, а калі хуткая дапамога, калі фельчар – усё гэта з’яўляецца яшчэ адным вострым вуглом для жыхароў населеных пунктаў, дзе працавала інфармацыйная група. І хаця праз сродкі масавай інфармацыі ўжо неаднаразова даваліся разнастайныя тлумачэнні, толькі ці да людзей не даходзіць такая інфармацыя, ці яны не чытаюць раённую газету і не слухаюць раённае радыё, пытанняў да ўрачоў заўсёды маецца ў насельніцтва шмат. Мяркую, што прыйдзецца яшчэ раз карэспандэнтам газеты звярнуцца да гэтай тэмы і, магчыма, неаднойчы. Як і патлумачыць некаторым пенсіянерам-вяскоўцам, чаму ім даводзіцца плаціць падаткі за карыстанне зямлёй.


У Ляхавічах узнялі пытанне і аптэчнага абслугоўвання і гандлёвага, а таксама добраўпарадкавання. Канечне, што ва ўсім кампетэнтныя службы пастараюцца разабрацца і дапамагчы. Толькі хочацца зазначыць, кожны павінен дбаць пра свае абавязкі і выконваць іх сумленна, а не толькі карыстацца правамі. І яшчэ, не ўсе праблемы можна вырашыць імгненна. А вось у многіх з нас меркаванне адно: хачу ўсё адразу і зараз, хаця для гэтага і пальцам паварушыць лянуемся. Дзяржава няхай робіць. Праблем і пытанняў кожнаму з нас жыццё падкідвае заўсёды нямала.


Закончыліся сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама нумар адзін з жыхарамі Пухавіч і Ляхавіч усё ж на мажорнай ноце – вясёлымі канцэртамі, якія арганізавалі супрацоўнікі гарадскога цэнтра культуры.


Падрыхтавалі карэспандэнты «НП».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.