ЗАПЯВАЛА ДОБРЫХ СПРАЎ

Успамінаецца адно з раённых святаў, прысвечаных дажынкам, жамчужынай якога, лічу, быў і застаецца конкурс вясковых падворкаў. Як маніць-цягне тады ў той куток нашага райцэнтраўскага парка, дзе ажывае сапраўдная беларуская вёска з яе непаўторным нацыянальным каларытам.


Нібы ў сваё вясковае дзяцінства трапіў на некаторы час, нават быццам са сваімі продкамі, прашчурамі пабачыўся, паназіраў, як яны, дастаўшы з куфра сваё лепшае адзенне, сустракаюць, частуюць гасцей, весяляць іх музыкай ды песнямі-частушкамі.


Так было і пазалетась. І запомніўся чамусьці падворак Азяранскага сельсавета. У першую чаргу гаспадыняй – невысокага росту, жвавай, прыгожай і гаваркой. Успомнілася гэта, калі пабачыў на сцяне у службовым кабінеце старшыні Азяранскага сельсавета Міхаіла Аліфіраўца дыплом першай ступені, выдадзены Жыткавіцкім райвыканкамам за перамогу ў раённым конкурсе “Лепшы падворак гарсельсавета Жыткавіцкага раёна”. Прадстаўлены падворак, як паведамлялася ў ім, вызначаецца арыгінальнасцю афармлення, адлюстроўвае глыбокую самабытнасць, лепшыя традыцыі і абрады гэтай мясцовасці”. Праўда, гэта ўжо было за 2011 год.


А калі Міхаіл Валянцінавіч сярод сваіх самых надзейных давераных асоб прадставіў нам у Чэрніцкім клубе-бібліятэцы яго загадчыцу Кацяныру Санец, то я адразу пазнаў у ёю тую самую гасцінную, прывабную гаспадыню падворка і нагадаў ёй пра гэта.


— Так, гэта была я, — ветліва ўсміхнулася Кацярына Іванаўна. — Люблю спяваць, танцаваць, людзей весяліць. Падворак мы разам са старшынёй Савета збіраем хутка і лоўга, бо сама я родам з тутэйшай вёскі і да драбніц ведаю ўсе яго адметнасці.


Наша сустрэча адбылася якраз напярэдадні хрышчэння, святы ўжо заканчваліся, але ў прасторнай зале клуба яшчэ любавалася сама сабою высокая, зіхоткая ад цацак лясная прыгажуня – ёлка, а са сцэны даносіліся звонкія галасы мясцовага фальклорнага народнага гурта “Спасаўка”. Праўда, ужо ў запісу. Раней ён называўся “Журавінка”, а калі ў 2006 годзе яму прысвоілі званне народнага, то параілі назваць інакш, бо адна “Журавінка” у вобласці ўжо была. Назвалі “Спасаўка”, бо гэта адметная падзея была цесна звязана з народным святам Спаса.


— Ідуць да нас тыя, у каго душа па-ранейшаму спявае, хоць гэта пажылыя ўжо людзі, каму песня жыць дапамагае, — расказвае Кацярына Іванаўна. – І сярод іх хацелася б назваць Вольгу Кірылаўну Якушэвіч, Тамару Міхайлаўну Маркевіч, акампаніятара Сяргея Захаравіча Яфімовіча які іграе ў народным гурце “Міжрэчча”, што ў суседняй вёсцы Пагост.


Хочацца адзначыць і такую немалаважную рэч, як тое, што фальклорны ансамбль “Спасаўка” стаў у нашым раёне адным з зачыншчыкаў па “экспарту” платных канцэртаў у суседнія раёны – Лельчыцкі, Столінскі, Петрыкаўскі. І толькі затым па яго сцежках-дарожках пайшлі нашы другія гурты, папярэдне навёўшы даведкі: што ды як? Прымалі ўдзел у рэспубліканскіх дажынках 2010 года ў Лідзе, удзельнічалі ў асобных кампазіціях, што былі ў Мінску. А якое свята вёскі без “Спасаўкі” з яе нязменным лідэрам – запявалай Кацярынай Санец… У іх рэпертуары як народныя, так і аўтарскія песні, інтэрмедыі, гумарэскі.


Сёлетні год для Кацярыны Іванаўны і яе гурта – асаблівы, адметны: хутка споўніцца 50 гадоў як ёй, так і яе фальклорнаму ансамблю. Падвоены залаты юбілей. Не можа не радаваць яе тое, што услед за дарослымі прыходзяць спяваць у клуб і дзяўчынкі-падлеткі. І сярод іх і яе ўнучка Альбіна, якая вучыцца ў 3 класе школы і з 5 гадоў ужо на сцэне. У адной з першых песень Альбіны “Ой, у лужку пры лужку” было аж 12 куплетаў, і ўсе гэтая малеча, не прамінуўшы ніводнага, выканала на адным дыханні. Вельмі хоча бабуля Каця, каб сёлета яе ўнучка Альбіна паўдзельнічала ў адным з песенных конкурсаў на тэлебачанні. Дык пажадаем, каб яе мара ў новым годзе здзейснілася.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.