Пераможны старт жыткавіцкіх гіравікоў

— Даецца кантрольны адлік часу. Пяць. Чатыры. Тры. Два. Адзін. Старт, — нібы выстралы прагучалі каманды суддзі. Пасля гэтых слоў суддзі-інфарматара рукі спартсменаў дружна ўскінуліся ўверх, выносячы туды сталёвыя гіры.. Так пачалася барацьба за галоўны трафей Міжнароднага турніру па гіравому спорту сярод юнакоў і дзяўчат “Кубак Палесся”, які ў сямнаццаты раз прымалі ў мінулую суботу Жыткавічы.


Турнір распачаўся з урачыстага выхаду каманд. Іх прыехала нямала. У першую чаргу з гарадоў і вёсак Беларусі. Удзельнічалі ў саперніцтве юныя гіравікі з Мазыра, Лельчыц, Рагачова, Пярэвіч, Пружан і іншых населеных пунктаў. Жыткаўчане ўвогуле выставілі аж тры каманды юных асілкаў. Як ніколі шмат каманд прынялі ўдзел з Расійскай Федэрацыі. Яны прадстаўлялі такія гарады як Смаленск, Котава, Жукаў. Украіну прадстаўлялі рабяты з мястэчка Роўна, што пад Сарнамі. Агульная колькасць спартсменаў на сямнаццатым турніры дасягнула васьмідзесяці. Таму і барацьба, адзначым, на памостах атрымалася даволі напружаная і цікавая.


Але напачатку юных гіравікоў прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, які пажадаў ім перамог на жыткавіцкім памосце. Канечне ж, не абышлося і без песень падчас цырымоніі адкрыцця турніру, а таксама паказальных спартыўных выступленняў. Пад гукі гімна, як гэтага патрабуе статут спаборніцтваў, быў узняты Дзяржаўны Сцяг. Увогуле варта сказаць, што арганізатары турніру ў чарговы раз прадэманстравалі падчас яго адкрыцця беларускую гасціннасць і талерантнасць. У многім гэтаму пасадзейнічаў калектыў настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы №3 райцэнтра, які прадаставіў для спаборніцтва спартыўную залу, дапамог яе ўпрыгожыць, а таксама быў актыўным удзельнікам у цырымоніі адкрыцця турніру. Ды і кіраўнік Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода Віктар Кур’яновіч таксама не застаўся ў баку ад падрыхтоўкі спартыўнага мерапрыемства, дапамог з размяшчэннем удзельнікаў, вырашыў іншыя арганізацыйныя пытанні.


Што тычыцца саперніцтва, яно праходзіла ў сямі вагавых катэгорыях сярод юнакоў і дзвюх – сярод дзяўчат. Хочацца сказаць, што з кожным годам ўдзельнікі турніру прыязджаюць на яго ўсё больш і больш падрыхтаванымі, адмабілізаванымі іх трэнерамі на перамогу. І гэтая акалічнасць робіць саперніцтва непрадказальным, трымае ў напружанні гледачоў да апошняга выступлення, калі ўжо дакладна можна называць пераможцаў. І прыкладаў таму шмат. Напрыклад, вось як разварочвалася барацьба ў самай лёгкай падгрупе, дзе выступілі юнакі вагой да сарака кілаграмаў. Практыкаванне «штуршок»: у ім лідарства трымаў юны гіравік з вёскі Пярэвічы Жлобінскага раёна Д. Багатаў, які аж на чатыры разы больш штурхнуў пару гіраў за нашага земляка В. Дзенісевіча. Па той упэўненасці, з якой выступаў госць турніру і ў другім практыкаванні “рыўку”, падумалася, што сваёй перамогі ён не ўпусціць. Але наш зямляк стварыў тут сапраўдны цуд – на дваццаць разоў у рыўку ўзняў гіру болей за саперніка і забяспечыў першы залаты медаль жыткавіцкай камандзе ДЮСШ “Матор”.


Не меншы напал барацьбы назіраўся і ў дзявочых падгрупах. Расіянка М. Шамуратава з горада Жукава толькі на два пад’ёмы больш узняла гіру чым наша зямлячка М. Карніяшык. Гэта прамое сведчанне вастрыні барацьбы на памосце. На жаль, у другой дзявочай групе такога саперніцтва не атрымалася, тут дамінавала юная гіравічка з каманды горада Жукаў Алена Кузняцова. Другое месца тут заняла яе сяброўка па камандзе Аляксандра Валністая. Рабяты і дзяўчаты з расійскага Жукава паказалі сябе на турніры не толькі спрактыкаванымі байцамі, але і стараннымі заўзятарамі. Трэба было бачыць, як горача яны падтрымлівалі адзін аднаго, падавалі карысныя парады. І тон у гэтым задаваў іх трэнер, які ні на хвіліну не адыходзіў ад сваёй каманды. Толькі і чулася: “Саша, трымайся! Яшчэ разок! Пастарайся, хутка стане лягчэй!” Таму і не дзіўна, што юныя асілкі гэтай дружнай каманды заваявалі яшчэ некалькі медалёў рознай вартасці, а таксама другую па значнасці ўзнагароду ў агульнакамандным саперніцтве. Дарэчы, настаўнік і юныя атлеты з Жукава далі высокую адзнаку спаборніцтвам гіравікоў, што праводзяцца ў Жыткавічах. Як яны адзначылі, гэты турнір патрэбна захаваць і развіваць, каб у ім прымалі ўдзел больш дзяўчат, бо сёння немагчыма ўявіць развіццё гіравога спорту без прадстаўніц слабой паловы чалавецтва.


– На жаль, у Расіі ды і ва Украіне не праводзяцца на цяперашні час спаборніцтвы паміж юнымі гіравікамі, а “Кубак Палесся” – гэта тая пляцоўка для маладых спартсменаў, якая дазваляе не толькі памерацца сіламі, але і наладжваць цеснае супрацоўніцтва, — зазначыў трэнер каманды горада Жукава.


У захапленні ад спаборніцтваў і трэнер каманды са Смаленска Дзмітрый Гула. Гіравым спортам гэты чалавек пачаў займацца яшчэ падчас службы ў арміі, якую праходзіў у Беларусі. Потым выступаў за нашу краіну на ўсесаюзных спаборніцтвах. Быў прызёрам, а перад самым распадам Саюза заваяваў нават чэмпіёнскае званне. Зараз трэніруе юнакоў у адной са спартыўных школ Смаленска і заўсёды з вялікім задавальненнем прывозіць сваіх выхаванцаў на турнір у Жыткавічы. Сёлета гіравікі з Смаленска выступілі вельмі ўдала. Усяго аднаго бала не хапіла, каб каманда ў агульным заліку стала трэцяй. Прыз дастаўся юным гіравікам з вёскі Пярэвічы Жлобінскага раёна. Гэтую каманду можна лічыць сапраўдным адкрыццём сямнаццатага “Кубка Палесся”. Практычна ў кожнай вагавай катэгорыі атлеты са Жлобіншчыны былі нацэлены на самыя высокія вынікі. І дамагаліся гэтага дзякуючы сіле волі і добрай падрыхтоўцы.


Першае ж каманднае месца на турніры заваявалі гіравікі ДЮСШ “Матор”. У жыткаўчан пераможцамі і прызёрамі ў спаборніцтвах сталі Анжэліка Хілюціч, Марыя Карніяшык, Улад Дзенісевіч, Сяргей Пінчук, Дзіма Юнчыц, Дзяніс Дудзіч, Дзіма Карпаў. Менавіта гэтыя рабяты і дзяўчаты ўнеслі найбольшы ўклад у агульнакамандную перамогу. Хаця перамогі даваліся няпроста кожнаму юнаму гіравіку. Каб узняцца на п’едэстал гонару некаторыя проста да крыві сціралі рукі, штурхаючы гіры. Але тым большай была радасць рабят, калі начальнік аддзела па спорту, фізічнай культуры і турызму Жыткавіцкага райвыканкама Уладзімір Саўчыц і дырэктар дзіцячай юнацкай школы “Матор” Леанід Макарэвіч уручалі пераможцам заслужаныя ўзнагароды. Запомняцца юнакам і дзяўчатам спаборніцтвы не толькі зацятым змаганнем, але і бяспройгрышнай латарэяй, якую зладзілі арганізатары турніру. Папулярнасць яе была надзвычай вялікая, прысутныя раскупілі практычна ўсе білеты.


Сямнаццаты Міжнародны турнір па гіравому спорту сярод юнакоў і дзяўчат ужо стаў гісторыяй. Але ўсе яго ўдзельнікі раз’ехаліся з адной надзеяй, што ў наступным годзе жыткавіцкая зямля прыме гэтак жа гасцінна юных гіравікоў у васямнаццаты раз.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.