За вопытам да жыткавіцкіх лесаводаў

Шмат аўтамабіляў было ў той дзень ля адміністрацыйнага будынка дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас”. На абласны семінар прыехалі дырэктары лясгасаў з усёй Гомельшчыны.
У 10 гадзін раніцы з уступным словам да ўдзельнікаў нарады звярнуўся генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесанарыхтоўчага аб’яднання Міхаіл Супрун. З парадкам дня семінара сваіх калег азнаёміў дырэктар Жыткавіцкага лясгаса Міхаіл Ляўковіч.
Першы аб’ект наведвання – цэх па перапрацоўцы драўніны, які, дарэчы, па выніках работы за мінулы год увайшоў у тройку лепшых на Гомельшчыне. З мэтай умацавання працоўнай дысцыпліны тут ўстаноўлена камера відэанагляду, плануецца з цягам часу наладзіць такое назіранне і па ўсяму перыметру гэтага важнейшага вытворчага аб’екта.
Каментарый даваў сам кіраўнік працоўнага калектыва М. Ляўковіч. І тут сапраўды было што прыезджым лесаводам пабачыць і пачуць: цэх весь час набірае сілу, мадэрнізіруецца, у строй уступаюць новыя лініі, закупляецца перадавая, больш эфектыўная тэхніка і механізмы, паляпшаюцца, больш сучаснымі становяцца ўмовы работы, быту і адпачынку людзей.
У свой час тут была ўведзена ў эксплуатацыю новая лінія італьянскай вытворчасці па выпуску абразных матэрыялаў з аб’емам перапрацоўкі круглага лесу на 24 тысячы кубічных метраў у год. Тут жа працуюць дзве сушыльныя камеры. Знешнеэканамічная дзейнасць прадстаўлена пастаўкай на экспарт лесаматэрыялаў і піламатэрыялаў.
Затым удзельнікі семінара наведалі рамонтна-механічныя майстэрні лясгаса, азнаёміліся з вытворчасцю па выпуску паліўных брыкетаў і гранул. Да вытворчасці паліўных брыкетаў – новага віду прадукцыі – калектыў прыступіў 2 гады назад. Было закуплена спецыяльнае драбільнае абсталяванне, якое дазволіла максімальна эфектыўна выкарыстаць адходы лесапілення і лесанарыхтовак. У ліпені 2010 года была выпушчана і адгружана на экспарт у Германію першая партыя паліўных брыкетаў: 43 тоны на суму 5,8 тысячы еўра. Новая прадукцыя была ўтульна расфасавана ў поліэтыленавыя пакеты па 10 кілаграмаў. І калі былыя палеты набываліся для тэхнічных патрэб, то брыкеты, маючы такую ж высокую цеплааддачу, могуць выкарыстоўвацца і камунальнымі службамі. Пры гэтым цана на міжнародным рынку на 20-22 працэнты вышэй.
Літаральна ўслед за першай пастаўкай брыкетаў быў заключаны наступны дагавор на продаж у Германію. З мэтай павелічэння аб’емаў вытворчасці ў снежні 2010 года ў Літве быў набыты другі станок па вырабу паліўных брыкетаў. Кошт праекта склаў 196 мільёнаў рублёў. Па суседству з арачным памяшканнем, дзе наладжана гэтая прыбытковая вытворчасць, ідзе акорванне калоў, якія таксама рэалізуюцца на экспарт у далёкае замежжа. Цудоўныя ўмовы тут свораны і для быту людзей.
Затым удзельнікі семінару накіраваліся на аўтобусе ў Ляхавіцкае лясніцтва, азнаёміліся з яго аб’ектамі, у тым ліку пабылі на стралковай лініі, аглядзелі вышку, падкормачную пляцоўку. Лесапаляўнічая гаспадарка складае ў лясгасе 54,3 тысячы гектараў плошчы, у тым ліку лясныя ўгоддзі займаюць 35,6 тысячы, палявыя – 9,4 тысячы, водна-балоцістыя – 9,3 тысячы гектараў. Тут водзяцца лось і кабан, воўк і заяц, бабёр і выдра, ліса і глушэц, водаплаўная і балотная дзічына. Створаны спрыяльныя ўмовы для тых, хто хоча выпрабаваць сваю ўдачу на паляванні.
Пасля абеду ў актавай зале адміністрацыйнага будынка лясгаса адбылася калегія Гомельскага аб’яднання. На ёй былі разгледжаны такія пытанні як аб выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця лясгасаў вобласці за студзень 2012 года, аб рэалізацыі праектаў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці работы дрэваапрацоўчых вытворчасцяў лясгасаў і другія. Перад прысутнымі выступіў генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесанарыхтоўчага аб’яднання Міхаіл Супрун, яго намеснікі і галоўныя спецыялісты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.