Спажываць ці эканоміць?

Зараз ідзе грамадскае абмеркаванне прапановы Міністэрства энергетыкі ўвесці так званы дыферэнцыраваны падыход аплаты за электраэнергію. Сутнасць яго ў тым, што насельніцтву будзе прапанавана за пэўны аб’ём яе спажывання плаціць па адным тарыфе, а звыш гэтага ліміту – па больш высокай цане. Што думаюць нашы чытачы з нагоды такіх магчымых новаўвядзенняў?

Вольга ГУЛЮТА, служачая:
— Думаю, што наўрад ці хто станоўча паставіцца да новых магчымых так званых “правілаў гульні”, бо сярэдняя сям’я ў нас вялікім дастаткам пахваліцца не можа. Хаця як паглядзець… У наш час даволі складана ўявіць хатняе жыццё без пэўных даброт цывілізацыі, якія істотна аблягчаюць вядзенне гаспадаркі. Па два тэлевізары і халадзільнікі на сям’ю – гэта шмат дзе ўжо звычайная справа. А дададзім сюды пыласос, пральную машыну, мікрахвалевую печ. Да таго ж у апошні час сталі моднымі хлебапечкі, параваркі, кавамашыны, а зараз, восенню, многія ў сокавыціскалках перапрацоўваюць яблыкі… Вось і набягае салідная сума за электраэнергію. А калі ўлічыць, што гэтыя прыборы часам працуюць доўга, то канчатковы кошт за электраэнергію, несумненна, можа значна ўзрасці.
У нас двое дзяцей, сын яшчэ ходзіць у садзік, а дачка ўжо вучыцца ў школе, так што электраэнергіі, пры ўсёй ашчаднасці, прыходзіцца спажываць нямала. У рабоце часта пральная машына, каб сабраць дзяцей у сад і школу, трэба ўставаць раней, уключаць электрычнасць. Ды і пры падрыхтоўцы ўрокаў яго эканоміць не будзеш, каб сапсаваць зрок дзіцяці. Да таго ж па тэлевізару ім ахвота і мульцікі паглядзець, а нам, дарослым — навіны, прагноз надвор’я. Што ж зробіш, застаецца адно: быць болей эканомнымі.

Іван ПУПЕНКА, рабочы:
— Навіна аб тым, што ў нашай краіне плануецца ўвесці дыферэнцыраваныя тарыфы на аплату электраэнергіі не на жарт ўсхвалявала маіх родзічаў, суседзяў, знаёмых. Як паведамляецца ў прэсе, “Белэнерга” прапануе разгледзець магчымасць увядзення аб’ёму 120 кілават-гадзін (у ацяпляльны перыяд 135 кілават-гадзін) на аднаго чалавека плюс яшчэ 20 кілават-гадзін на кожнага наступнага зарэгістраванага члена сям’і ў доме, дзе працуюць электрапліты. Для тых жа, хто карыстаецца газам, льготныя аб’ёмы некалькі ніжэй: 7 — кілават-гадзін (80 кілават-гадзін зімой) плюс 15. А ўсё, што будзе зрасходавана звыш лімітаў, будзе каштаваць у два разы больш.
Няцяжка падлічыць, што звычайнай сям’і, якая складаецца з трох чалавек і мае ў гаспадарцы электрапліту, будзе адведзена 160 кілават-гадзін электраэнергіі ў месяц. Шмат гэта ці мала? Думаю, што да сённяшняй пары над гэтым пытаннем рэдка хто задумваўся. Прыйшоў на пошту альбо ў банк, заплаціў указаную суму і з пачуццём выкананага абавязку пайшоў дадому наматваць новыя кілаваты. Шчыра кажучы, я не ведаю, колькі электраэнергіі мы расходуем у месяц, плаціць ходзіць жонка.
Міністэрства энергетыкі ў сваіх новаўвядзеннях удакладніла, што сістэма дыферэнцыраванай аплаты за электрычнасць не будзе распаўсюджвацца на шматдзетныя сем’і. І з гэтым я згодны, бо ў сям’і, дзе трое малых дзетак, пральная машына працуе амаль штодзённа.

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, пенсіянерка:
— У прапанаваны ліміт на электраэнергію нам, пенсіянерам, цяжка будзе ўкласціся, бо мы большую частку часу праводзім дома і, вядомая справа, не сядзім склаўшы рукі, карыстаемся і святлом, і электрапрыборамі. Да таго у мяне часта бываюць, жывуць дзеці з унукамі. І ці трэба распавядаць, што такое дзеці ў кватэры? Пастаянна працуе пральная машына, часта даводзіцца даставаць пыласос. Нагрузкі на электрычнасць узраслі і з наступленнем новага навучальнага года, калі вечарам даводзіцца сядзець над урокамі.
І яшчэ. Распрацоўшчыкі новага механізму, напэўна, забыліся пра перыяд міжсезоння, калі ў верасні-кастрычніку цэнтральная ацяпленне яшчэ не дзейнічае, а ў кватэрах ужо даволі холадна. Таму ў сем’ях, дзе падрастае нават адзін малы, электраабагравальныя прыборы могуць «з’ядаць» значна больш электрычнасці, чым адмерана па табліцы льготных аб’ёмаў электраспажывання па базавым тарыфе.
Зрэшты, прапануемыя ліміты – гэта ж не абмежаванне падачы электраэнергіі. Карыстайся гэтымі дабротамі цывілізацыі колькі хочаш, але будзь гатовы зарабіць і за гэта заплаціць. Не хочаш плаціць шмат – навучыся эканоміць. Хаця наўрад ці хто гэтыя новаўвядзенні ўхваліць.
Бліц-апытанне правёў Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.