Не адкладваючы пакупкі на апошні дзень

Жнівень – гарачая пара для бацькоў, бабуль і дзядуль у плане падрыхтоўкі іх дзяцей і ўнукаў да новага навучальнага года. Як пераканаліся мы пасля нядаўняга наведвання гандлёвых кропак райцэнтра, з кожным днём паломніцтва сюды маладых сем’яў усё болей нарастае, а работніцам прылаўка, якія да таго ж выступаюць і ў ролі першаступенных кансультантаў і памочнікаў, сумаваць у крамах не даводзіцца.

Безумоўна, такія паходы ў магазіны — гэта важкія нагрузкі на сямейны бюджэт, але яны разам з тым і прыемныя, бо кожнаму хочацца, каб яго дзіця выглядала не горш іншых. І разам з тым — каб цэны на тавары былі не “куслівыя”.
— За пакупкамі для сваіх дзяцей і ўнукаў да нас пачалі заходзіць жадаючыя яшчэ напрыканцы чэрвеня, — уводзіць у курс спраў загадчыца аддзела “Дзіцячы свет” універмага Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства Наталля Гром. — Прычым актыўнымі кліентамі былі як мясцовыя пакупнікі, так і заезджыя расіяне. А мы гэтага і чакалі, таму даваць заяўкі вышэй, завозіць усе неабходныя тавары ў шырокім асартыменце пачалі загадзя. Вось і зараз, з першых дзён жніўня, чакаем новае папаўненне.
Разам з Наталляй Уладзіміраўнай аглядаем яе далёка не бедную «гаспадарку» і прыцэньваемся да абновак. А тавары тут і сапраўды прадстаўлены ў немалым асартыменце. Большасць іх — беларускай вытворчасці.
Сваім арыенцірам мы ўзялі ўяўнага хлопчыка-першакласніка, які прыкладна можа быць ростам ад 116 да 128 сантыметраў. Вось касцюмчык 128 росту вытворчасці адкрытага акцыянернага таварыства “Славянка”, што ў Бабруйску, коштам 512700 рублёў. Крыху танней такія ж вопраткі гомельскага “Камінтэрна” — 476600 рублёў. Разнастайны асартымент сарочак самых яркіх колераў. Белыя — таннейшыя. Сарочка лімоннага колеру каштуе 97400 рублёў, а далей ідуць ад 101 тысячы і вышэй. Побач і гальштукі-“бабачкі” для хлопчыкаў, штаны салігорскай фабрыкі “Калінка” (рост — 128) за 165 тысяч рублёў і гомельскага “Камінтэрна” за 180 тысяч рублёў. Усё ў рэшце рэшт, як сказала загадчыца, залежыць ад якасці.
Жадаючыя могуць выбраць тут і абутак для сваіх дзяцей. Чаравікі для хлопчыкаў вытворчасці магілёўскай фабрыкі “Шагавіта” ад 29 да 31 памераў каштуюць ад 300 тысяч рублёў і вышэй. Вялікі выбар рукзакоў для вучняў пачатковых класаў. Адзін такі заплечнік гомельскай фабрыкі “Галатэя” каштуе 271700 рублёў.
— Акрамя абутку і вопраткі, пакупнікі могуць набыць у нас і канцылярскія тавары, — заўважае Наталля Гром. — Гэта сшыткі, ручкі шарыкавыя, фламастары, кардон, пластылін, гуаш.
Так, ва ўнівермагу горада Жыткавічы добры выбар тавараў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Работніцы аддзела “Дзіцячы свет” своечасова падрыхтаваліся да новага школьнага сезона і чакаюць сваіх далейшых пакупнікоў.
З кожным днём усё больш актыўным становіцца гандаль школьна-пісьмовымі і канцылярскімі таварамі ў магазіне “Культтавары”, што ў некалькіх кроках ад універмага. Як паведамілі мясцовыя прадаўшчыцы, асобныя кліенты закупляюцца на 100, 200 і болей тысяч рублёў. А ўсё таму, што асартымент вялікі, у дастатку тут сшыткаў школьных, альбомаў для малявання, рукзакоў, алоўкаў простых і каляровых у наборах, фламастараў, фарбаў, прадметных сшыткаў і г.д. Праўда, пакуль што няма дзённікаў для старшых класаў.
…Выйшаўшы з магазіна “Культтавары”, мы сустрэлі прыяцеля, які сёлета з жонкай адпраўляюць аднаго сына ў чацвёрты клас, а другога ў першы. Сустрэча гэта была якраз дарэчы, і мы пацікавіліся, у якую “круглую капейчыну” абыдуцца сям’і зборы ў школу.
— Не меней чым па два мільёны рублёў на кожнага хлопца, — патлумачыў Аляксандр. — Вось вам выкладка ў тысячах на нашага першакласніка: чаравікі — 200, красоўкі — 200, касцюм — 350, спартыўная форма — 250, сарочка — 150, гальштук — 25, рукзак — 350, канцтавары 500 тысяч рублёў. Між іншым, канчатковая сума магла быць вышэй, калі б не тавары па зніжаных цэнах у “Багіры”…
Размова з маладым бацькам і падказала нам наступны маршрут руху — у гандлёвы цэнтр “Багіра”, дзе нас ветліва сустрэла дырэктар Галіна Сергіенка. Як высветлілася, сюды напярэдадні новага навучальнага года з задавальненнем наведваюцца кліенты як з нашага раёна, так і са Століна і Петрыкава. Бо для сваіх пастаянных пакупнікоў тут зніжкі да 3 працэнтаў, а для шматдзетных сем’яў — да 5. У продажы маюцца тавары для хлопчыкаў і дзяўчынак самага пашыранага асартыменту беларускай і замежнай вытворчасці.
У мікрараёне Азёрны мы спыніліся ля кіёска №104 і, як паведаміла яго работніца Галіна Самайловіч і сведкамі чаго мы самі сталі, тут таксама ў дастатковай колькасці канцылярскіх тавараў.
Такім чынам, нягледзячы на тое, што звычайна “гонка” за таварамі для школы пачынаецца з другой паловы жніўня, а іх пашыраны асартымент будзе прадстаўлены да 10 верасня, работніцы крам раяць не адкладаць пакупкі на апошні момант. Вялікіх чэргаў пакуль няма ды і лепш пачаць няспешную, паслядоўную падрыхтоўку да школы. Гэта менш адчувальна для кашалька, спакойней і зручней.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.