Пошта стане мабільнай

589 Калгас забралі! Цяпер і пошту хочаце закрыць! Мы будзем скардзіцца! — так эмацыянальна адстойвалі людзі права мець у сваім населеным пункце стацыянарнае аддзяленне паштовай сувязі. Таму невыпадкова, што на нядаўніх вясковых сходах, якія адбыліся з жыхарамі вёсак Пухавічы і Марохарава, галоўнай дзеючай асобай і стаў начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ягор Шабаеў. Менавіта да яго ў людзей накапілася найбольш пытанняў, якія тычыліся закрыцця паштовых аддзяленняў у гэтых вёсках. Таму Ягору Сяргеевічу прыйшлося не адзін раз пераконваць вяскоўцаў, каб даказаць правільнасць абранага рашэння, а яшчэ давесці, што без паштовай сувязі жыхары не застануцца, а новыя формы работы, якія збіраюцца ўкараняць на прадпрыемстве, дазволяць аказваць паслугі на больш якасным узроўні.

— У РУП “Белпошта” ажыццяўляецца маштабны праект па аптымізацыі сеткі аб’ектаў паштовай сувязі, закрываюцца нерэнтабельныя аддзяленні ў маланаселеных пунктах, — даводзіў Ягор Сяргеевіч вяскоўцам. — У нашым раёне плануецца закрыць у бягучым годзе чатыры такія пошты.
На цяперашні час у раёне свае паслугі насельніцтву прадстаўляе трыццаць адно аддзяленне паштовай сувязі, з якіх шаснаццаць стратныя, бо працуюць у маланаселеных пунктах. І далейшае іх утрыманне проста не магчымае, бо асноўная доля паслуг на вёсцы прыходзіцца на прыём плацяжоў мабільных аператараў, РУП “Белтэлеком”, за электрычную энергію. Штодзённа выручка на такіх АПС складае 80-100 тысяч рублёў, а за месяц даход не перавышае два мільёны рублёў. Асноўныя ж паштовыя паслугі: пасылкі, бандэролі, заказныя лісты прымаюцца па 1-4 штук у месяц.
— Справа ў тым, што Жыткавіцкі РУПС нясе вялікія страты ад аказання паслуг па тарыфах, якія ўстаноўлены дзяржавай на ўзроўні ніжэй сабекошту, — адзначае начальнік Ягор Шабаеў. — Але найгалоўнейшая наша бяда ў тым, што даводзіцца ўтрымліваць вялікую колькасць нерэнтабельных паштовых аддзяленняў. Попыт на іх паслугі нязначны, даходы не пакрываюць расходы, і, калі і надалей не прымаць захадаў па выпраўленню такога становішча, у нас не будзе магчымасці не толькі развівацца, але нават падтрымліваць высокі ўзровень якасці паслуг, што мы аказваем зараз.
Занепакоенасць кіраўніка зразумелая. Сапраўдны гаспадар ніколі не дазволіць працаваць сабе стратна. Узяць для прыкладу паштовае аддзяленне ў вёсцы Вятчын. Яно размяшчаецца ў старой хаце. Знешні выгляд пошты ніяк не адпавядае сучасным патрабаванням, хаця затраты на рамонт і абслугоўванне гэтага памяшкання, на яго ацяпленне, за электрычную энергію, тэлефонную сувязь, інтэрнэт штогод выдаткоўваюцца даволі значныя. У зоне абслугоўвання гэтага АПС усяго 363 чалавекі. Відавочна, што даходы гэтай пошты вельмі мізэрныя. А яшчэ патрэбна ж плаціць заробкі чатыром работнікам. Зразумела, што высокімі іх ніяк не назавеш. А гэта параджае і кадравыя праблемы. Ужо даўно прайшоў час, калі, каб працаўладкавацца на вясковую пошту, стаялі ў чэргах. Таму ўсё часцей надараюцца выпадкі, калі тут працуюць пенсіянеры. Кіраўніцтва Жыткавіцкага РУПСа стараецца падтрымліваць сваіх работнікаў. На той жа Вятчынскай пошце начальнік спалучае сваю пасаду з абавязкамі прыбіральшчыцы і качагара. На іншых нерэнтабельна працуючых аддзяленнях сярод паштальёнаў было праведзена ўзбуйненне ставак за кошт аб’яднання даставачных участкаў. Гэта і дазволіла забяспечыць поўную загружанасць супрацоўнікаў і адпаведна павялічыць ім заробкі. Тут варта звярнуцца да Інструкцыі аб парадку разліку і размяшчэння аб’ектаў паштовай сувязі і паштовых скрынак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якая зацверджана загадам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 28.10.2009 года №310. У ёй дакладна прапісана, што нарматыў колькасці сельскага насельніцтва, якое абслугоўваецца адным стацыянарным аддзяленнем паштовай сувязі, складае дзве тысячы чалавек. Таму стацыянарныя аб’екты паштовай сувязі павінны функцыянаваць у найбольш буйных населеных пунктах, як правіла, у адміністрацыйных цэнтрах гаспадарак і сельскіх Саветаў. Заканамернае пытаннне: як жа быць у такім выпадку жыхарам маланаселеных пунктаў? Што работнікі пошты гатовы прадаставіць у замен ім замест закрытых аддзяленняў? Па словах Ягора Шабаева, жыхары і гэтых вёсак нічога не страцяць. Пры закрыцці пошты людзі будуць абслугоўвацца тымі ж паштальёнамі, якія працавалі ў аддзяленні, і яны прадаставяць усе неабходныя паслугі насельніцтву: прымуць плацяжы, аформяць падпіску на перыядычныя выданні, прададуць тавары народнага спажывання і іншае. Таксама паштавікі замест стацыянарных аддзяленняў плануюць укараняць у такіх маланаселеных пунктах перасовачныя аддзяленні паштовай сувязі (ПАПС). У Жыткавіцкім РУПСе актыўна вядзецца падрыхтоўка такога аддзялення на колах. Гэта будзе аўтамабіль, абсталяваны неабходнай тэхнікай: камп’ютарам, з арганізацыяй канала сувязі праз мабільнага аператара, што дазваляе ў рэжыме рэальнага часу ў самыя сціслыя тэрміны перадаваць інфармацыю аб залічэнні на рахунак атрымальніка электронных плацяжоў і пераводаў. Таксама паштальёны мабільных АПС будуць выдаваць пенсіі, выплачваць дапамогі, афармляць падпіску, прымаць усе неабходныя камунальныя і паштовыя плацяжы. Змогуць вяскоўцы набыць тут і тавары народнага спажывання, бо ў аўтамабілі прадугледжваецца ўстаноўка вагаў і горкі-вітрыны для тавараў. Штодзённа такая пошта на колах будзе рухацца па ўстаноўленаму маршруту і зацверджанаму раскладу, ажыццяўляць прыпынкі ў населеных пунктах. Час прыпынку будзе вызначаны з улікам патрэб людзей. Усю гэтую інфармацыю паштавікі давядуць да насельніцтва. Ёсць у мабільнай пошты і яшчэ адна перавага: гэта тычыцца вёсак з вялікай працягласцю (Вятчын і Пухавічы таксама немалыя). Таму перасовачнае аддзяленне можа тут спыніцца і ў некалькіх месцах, так бы мовіць, падвязе паштовыя паслугі ледзь не ў самую хату.
— Укараненне мабільных аддзя-ленняў паштовай сувязі з’яўляецца адным з крокаў па павышэннні рэнтабельнасці і эфектыўнасці нашай работы, — расказвае начальнік Жыткавіцкага РУПСа Ягор Шабаеў. — І хаця на стацыянарнай пошце мы і павесім замок, людзі ў маланаселеных пунктах без нашых паслуг не застануцца. Закрыццё нерэнтабельных АПС ніколькі не пагоршыць якасць абслугоўвання кліентаў. Работнікі ж нашага РУПСа гарантуюць, што паштовыя паслугі атрымаюць у поўным аб’ёме ўсе жыхары нашага раёна, незалежна, дзе яны пражываюць: у маленькай вёсачцы ці ў буйным населеным пункце.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.