На дарозе творчай і жыццёвай…

443Вечар-прэзентацыя Уладзіміра Гаўрыловіча “ На маёй дарозе”, прысвечаны 25-годдзю яго творчай дзейнасці, прайшоў нядаўна ў Гомелі. Шматлікія госці і прыхільнікі таленту Уладзіміра Мікалаевіча падчас мерапрыемства падрабязна даведаліся пра творчыя здабыткі пісьменніка, той шлях, што ён прайшоў за вышэйназваны прамежак часу па жыццёвай і літаратурнай дарозе.
Безумоўна, усё было арганізавана вельмі цудоўна, гучала многа добрых і шчырых віншаванняў празаіку ад прадстаўнікоў улады, прафсаюза, творчай інтэлігенцыі Гомельшчыны, калег па пяру не толькі з Беларусі, але і Расіі, і Украіны. Бадай, самымі цёплымі былі шанаванні ад землякоў-жыткаўчан. Іх Уладзіміру Гаўрыловічу на мерапрыемстве ад усяго раёна выказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Птушко. Яна ж уручыла і гасцінец ад жыхароў роднай вёскі пісьменніка Вятчын, чым вельмі ўзрадавала таго, што памятаюць пра свайго ўраджэнца ў дарагой яго душы мясціне. Буру разнастайных пачуццяў у душы пісьменнніка выклікаў і спеў самадзейных артыстаў мастацкага калектыва “Вечарніца”, які створаны ў нашым раёне пры народным клубе аматараў народнай творчасці “Вечарына” раённага цэнтра фальклору. Знаёмыя матывы і цудоўныя галасы спявачак, нібы перанеслі пісьменніка з далёкага Гомеля на родную Жыткаўшчыну, абудзілі ў памяці знаёмыя краявіды і мілыя вобразы роднага краю, якія Уладзімір Мікалаевіч вельмі хораша апісвае ў сваёй прозе. І ўвогуле ўся яго творчасць прысвечана роднай зямлі і родным людзям.
— Творца, які нясе людзям дабро. Шчыры і сардэчны чалавек, які ўсё на сваёй дарозе прапускае праз сэрца. Таму і творы, якія выходзяць з-пад яго пяра, чытаюцца на адным дыханні, — такую ёмкую характарыстуку дала Уладзіміру Гаўрыловічу вядучая свята. – І так чвэрць стагоддзя ён працуе з людзьмі і для людзей. І талент яго разгараецца ярчэй і ярчэй… Аб гэтым сведчаць і 14 выдадзеных кніг, шматлікія ўзнагароды рэспубліканскія і міжнародныя, абласныя, якія празаік, публіцыст, драматург здабыў цяжкай працай на літаратурнай ніве.
Нарадзіўся Уладзімір Гаўрыловіч 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна. Яго маці, Яўгенія Ігнатаўна, усё жыццё працавала калгасніцай, даглядала і даіла кароў на ферме мясцовай гаспадаркі “Кастрычнік”. Яе не стала 5 жніўня 2014 года, праз два дні ёй споўнілася б 80 гадоў. Бацька, Мікалай Васільевіч, працаваў рабочым, лесарубам, лесніком у Вятчынскім лясніцтве. Памёр з-за раптоўнай хваробы ў 1979 годзе.
Уладзімір Мікалаевіч — самы малодшы сын у сям’і, якую пасля смерці бацькі апекаваў родны дзед, Ігнат Адамавіч Буякевіч. Яго хата стаяла па-суседству. Найбольшае ўздеянне на станаўленне асобы будучага пісьменніка аказала яго радня. З ранняга дзяцінства прывучалі старанна працаваць, быць сумленным і адказным. Уплыў дзядулі, які фактычна замяніў бацьку і быў надта паважаным чалавекам на вёсцы, пасля вайны з чатырма класамі адукацыі 14 гадоў узначальваў мясцовы калгас “ІІ пяцігодка”. Гаспадарка на той час лічылася даволі вялікай па памерах. Праз гады рэальныя жыццёвыя гісторыі, расказаныя дзедам унуку, сталі асновай для мастацкіх твораў празаіка Гаўрыловіча. У ліку такіх і раман “Забранае шчасце”.
Не магло не адбіцца на светаўспрыманні цяперашняга пісьменніка і тое, што вёска Вятчын схавалася за легендарным Князь-Возерам, ахутаная балотамі і бязмежнымі лясамі, якія вельмі багатыя на грыбы і ягады. Уладзімір з самага маленства любіў хадзіць у лес, бо менавіта яго дары дапамагалі сям’і выжываць. У дзяцінстве хлопчык палюбіў кнігу. Пастушком зачытаўся так, што нават згубіў карову. Жывёліна збегла з гурта, за што, зразумела, Валодзя меў наганяй. Дзяцінства было насычаным на цікавыя падзеі, гульбішчы, сустрэчы, як і ва ўсіх, але і стратамі родных людзей (памёр бацька), што ў пэўным сэнсе адбілася на псіхалагічным стане хлапчука.
Вучыўся ён у школе нядрэнна, найбольш на “чацвёркі” і “пяцёркі”, часам і падляноўваўся. Але кніга была галоўным клопатам і хобі, як цяпер кажуць. Таму надта любіў урокі роднай мовы і літаратуры, якую выкладала Г. Жыткавец, рускай мовы — В. Кошман, гісторыі — В. Нікановіч, хіміі — В. Зацапіліна. У школе Уладзімір Мікалаевіч быў актывістам. Нават школьны самадзейны тэатр стварыў, у якім ажыццявілі пастаноўку аб іншапланецянах. Гэта надало яму аўтарытэту не толькі сярод аднакласнікаў, але і настаўнікаў. Менавіта тады Уладзімір Гаўрыловіч і пачаў пісаць апавяданні, вершы, заметкі ў райгазету. Праўда, як успамінае сам пісьменнік, вершы не ўдаваліся. Першае кароткае апавяданне было напісана ў 6 класе, якое пасля было дапрацавана і надрукавана ў райгазеце ў 1987 годзе. Першы твор, зразумела, быў пра каханне.
Калі Гаўрыловіч заканчваў школу, на развітальнай вечарыне дырэктар Валянцін Зацапілін выдзеліў юнака з ўсіх астатніх выпускнікоў: “Табе, Валодзя, дарога толькі ў педагагічны ўніверсітэт”. І ён паступіў адзін з усяго класа на філалагічны факультэт педуніверсітэта імя М.Танка. Вучоба давалася лёгка і складана адначасова ў фінансавым плане. Маці вучыла ўсіх дзяцей адразу, старэйшыя брат і сёстры абзаводзіліся сем’ямі, ім трэба было таксама дапамагаць. Але ж жыццё студэнцкае — такая цікавая рэч! Валодзя запісаўся ў самадзейны тэатр “Жывое слова”, быў задзейнічаны ў спектаклях, ездзіў на гастролі па рэспубліцы. Пачаў супрацоўнічаць з газетамі “Савецкі настаўнік” і “Чырвоная Змена”. Вучыўся таксама на факультэце грамадскіх прафесій на аддзяленні “журналістыка”. Пасля трэцяга курса вяртаецца ў родную вёску. Дырэктар школы запрашае яго на пасаду настаўніка беларускай мовы і літаратуры.
У школе была вялікая нагрузка (1,5 стаўкі). Уладзіміра Мікалаевіча абралі старшынёй прафкама і сакратаром настаўніцкай камсамольскай ячэйкі. Адначасова з працай і грамадскай работай ён працягваў і вучобу ва ўніверсітэце. А яшчэ ў маладога настаўніка хапала часу, каб стварыць самадзейны тэатр. Праз нейкі час яго выхаванцы занялі другое месца ў конкурсе “Калядная зорка” ў Гомелі. Не парывае супрацоўніцтва Гаўрыловіч і з рэдакцыямі газет “Настаўніцкая газета” і “Новае Палессе”.
Наступнай вясной юнака прызываюць на службу у войска. Пачэсны мужчынскі абавязак ён выконвае ў Расіі і ва Украіне. Піша ў вайсковыя газеты, трымае цесную сувязь з раёнкай і са школай. Пасля службы вяртаецца на настаўніцкую пасаду ў Вятчынскай школе. У 1989 годзе пачаў стала выступаць у перыядычным друку з мастацкімі творамі. У газеце “Новае Палессе” надрукавалі яго апавяданне пра каханне “Няспелая вішня”. Яно выйшла з друку ў маі, калі жаніўся аднакласнік Уладзіміра Мікалаевіча. Таму ў гэтым творы ёсць рэальныя прататыпы. Яго нявеста — прыезджы фельчар. Прыгожая дзяўчына, на якую прыхільна глядзелі многія старшакласнікі. “Няспелая вішня” ў тым, што з першага кахання нарадзілася дзіця, але хлопцу было толькі сямнаццаць. Дзяўчына вымушана была вярнуцца да бацькоў, але ўсё, у рэшце рэшт, закончылася вяселлем. Героі апавядання і зараз жывуць у вёсцы, і з’яўляюцца сябрамі аўтара. Гэтая публікацыя была ў нейкай ступені падарункам ім да вяселля.
Некалькі апавяданняў Гаўрыловіча друкуе часопіс “Маладосць”. Яны прыхільна сустрэты чытачамі, але раскрытыкаваны адным з крытыкаў. Пакрыўдзіўшыся, Уладзімір піша толькі для сябе. Тым часам нават не меўшы пакуль вышэйшай адукацыі, яго прызначаюць дырэктарам Бялёўскай школы, дзе ён працуе да 1997 года. Выкладае родную мову і літаратуру, стварае самадзейны тэатр “Зніч”, які становіцца вядомым не толькі ў раёне, але і вобласці. Школа займае прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве. Аднак Гаўрыловіч не пакідае пісаць і дасылае ў газеты нарысы, заметкі, творы іншых публіцыстычных жанраў.
Лёс распарадзіўся так, што ў сувязі са стварэннем сям’і – ажаніўся ён на сваёй зямлячцы-паляшучцы і прыгажуні Валянціне, Уладзімір Мікалаевіч пераязджае на сталае жыхарства ў Жыткавічы. Тут ён працуе нядоўга намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ №2. Але яго публікацыі ў педагагічнай прэсе былі заўважаны і Гаўрыловічу прапанавалі ўзначаліць калектыў раённай газеты “Новае Палессе”
Уладзімір Мікалаевіч – чалавек, які заўсёды прагнуў новага, згаджаецца, і – “закасвае рукавы”. Праз нейкі час калектыў раёнкі стабілізуе сваю работу, узрастае папулярнасць выдання, павялічваюцца тыражы. Газета атрымлівае заслужаныя ўзнагароды: ганаровыя граматы Міністэрства інфармацыі, Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў. У 2006 годзе загадам Міністэрства інфармацыі Уладзіміру Гаўрыловічу ўручаны Ганаровы знак “Выдатнік друку Беларусі”. З 1997 года празаік друкуе свае творы ў мясцовым і рэспубліканскім друку, становіцца пераможцам розных літаратурных конкурсаў. Выдае першую кнігу “Споднія яблыкі” (1998 г.). Затым адна за адной выходзяць кнігі прозы і публіцыстыкі “Глыбокія карані”, “Забранае шчасце”, “На варце – днём і ноччу”, “Жыватворныя крыніцы Жыткавіцкага краю”, “На мяжы”, “Крокі па роднай зямлі”, “Вяртанне”… Яго кніга “Плата за каханне” стала лепшай кнігай года Беларусі ў 2007г. У снежні 2005 года пісьменнікі Гомельшчыны выбіраюць Уладзіміра Гаўрыловіча сваім кіраўніком. За гэты час праведзена шмат літаратурных акцый у абласным і раённых цэнтрах.
Празаіка і публіцыста Гаўрыловіча цікавіць шырокі спектр палескага жыцця, людзей, якія асабліва яму блізкія. І з- пад яго пяра з’яўляюцца новыя нарысы, дакументальныя аповесці, мастацкія творы. Сапраўды, у яго творчасці нямала аўтабіяграфічных рэчаў. Гэта і раман “Забранае шчасце” – пра радню і землякоў пісьменніка. У аповесці “Анёлак мой Анёлак” нават назва вёскі не зменена. Кранаюць повяззю з роднымі мясцінамі і многія іншыя апавяданні.
У творчасці Уладзіміра Гаўрыловіча даволі моцна гучыць і праваслаўная тэматыка. У яго сям’і заўсёды трымаліся праваслаўных традыцый. Ён стараўся жыць па тых жа самых законах, што яго дзяды і прадзеды. Працуючы ўжо рэдактарам газеты, Уладзімір Мікалаевіч першым у сваім выданні адкрыў рубрыку “Існасць”, збіраў матэрыялы пра палескіх святароў-асветнікаў. Шмат прыклаў намаганняў, каб адрадзіць несправядліва напаўзабытае светлае імя славянскага падзвіжніка Кірылы Тураўскага. Таму і не дзіўна, што адно з першых інтэрв’ю пры ўступленні на пасаду епіскапа Турава-Мазырскай Епархіі епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан даў маладому журналісту з Жыткаўшчыны Уладзіміру Гаўрыловічу. З таго часу не было такой дзеі, свецкай або царкоўнай, каб яна не была асветлена на старонках газеты “Новае Палессе”.
У 2011 годзе пісьменніку і журналісту прапанавалі даць новы штуршок у развіцці гарадской газеты “Гомельскія ведамасці” Гэта быў перыяд апантанай працы. Пад кіраўніцтвам Гаўрыловіча выданне па выніках першага года работы атрымала прыбытак і ў далейшым не толькі замацавала, але і значна прымножыла гэты паказчык. Поўнасцю былі пераабсталявана і адрамантавана рэдакцыя. І тут Уладзімір Мікалаевіч распрацаваў новы праваслаўны праект, своеасаблівы “Шлях да храма”. А першую прэс-канферэнцыю ў новым прэс-цэнтры, які стварыў Гаўрыловіч пры рэдакцыі, даў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Дарэчы, святар быў у ліку ганаровых гасцей на ўрачыстасці, якія віталі пісьменніка з нагоды яго творчага юбілею.
Але лёсам было вызначана Уладзіміру Мікалаевічу ісці далей, каб быць бліжэй да людзей, да герояў сваіх будучых твораў. Сёння ён уласны карэспандэнт рэспубліканскага штотыднёвіка “Беларускі час”. Узначальвае вядучую творчую арганізацыю Гомельшчыны – “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. За апошнія два гады з друку выйшлі тры кнігі пісьменніка. У серыі “Бібліятэка “СПБ” выйшаў раман “Цяпло маладзіка”. У гэтым творы ўсё ўзята з жыцця. Дзед пісьменніка не раз казаў: вайна – страшэнная рэч. Але нават у складаны перыяд гісторыі існавала ўсё, чым быў жывы чалавек. Побач з гераізмам было месца каханню. Раман – вынік сустрэч пісьменніка з землякамі іх расповедаў. Гэта гісторыя пра дзвюх сясцёр, адна з якіх у гады вайны па загаду партызанскага камандавання стала старастам. Але яна закахалася ў нямецкага афіцэра, які на самой справе быў антыфашыстам і дапамагаў амаль да канца вайны партызанам. У рамане шмат сюжэтных ліній, у якіх адказы на такія адвечныя пытанні: чалавек, родны край, краіна, сусвет. Таму і адбываюцца падзеі на шырокім прасторавым абсягу: Расія,Гомель, Тураў, Швейцарыя.
Услед за раманам “Цяпло маладзіка” выходзяць яшчэ дзве кнігі Уладзіміра Гаўрыловіча. Аповесці “Скажы, што кахаеш…” (яна адзначана літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага) і і “Анёлак мой, Анёлак”, а таксама раман “Забранае шчасце. Апошні твор расказвае пра пераломны этап у жыцці беларускага сялянства ў ХХ стагоддзі – пачатак калектывізацыі ў вёсцы, калі гаспадары зямлі, якія палівалі яе салёным потам і дамагаліся за кошт нястомнай працы паляпшэння свайго матэрыяльнага дабрабыту, усяго пазбаўляліся, называліся ворагамі народа і ссылаліся ў бязлюдныя суровыя паўночныя землі.
З’яўленню ўсіх гэтых твораў Уладзіміра Гаўрыловіча, яго творчаму самаўдасканаленню, безумоўна, спрыяла аказаная ў свой час падтрымка выдатнага беларускага празаіка лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Саламахі. Ён і зараз не забывае свайго калегу па цэху. Увогуле да творцы-паляшука многія калегі ставяцца прыхільна, даюць высокую адзнаку яго творам. І гэта вельмі добра адчувалася на святочнай вечарыне, дзе было зачытана нямала віншавальных тэлеграм і выказана ўдзячных словаў у адрас Уладзіміра Мікалаевіча. Таму падчас заканчэння Гаўрыловіч ад душы ўсіх падзякаваў за аказаную ўвагу і шчыра прызнаўся, што мне шчасціць на добрых людзей, якія сустракаліся на маёй дарозу. Такіх значна болей у свеце, чым кепскіх, таму творы пісьменніка і нясуць дабрыню людзям, каб і заўтра наш агульны дом быў святлейшым і шчаслівейшым.
Па матэрыялах юбілейнай сустрэчы падрыхтаваў
С. Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.