У фармаце даверу і патрабавальнасці

637Інфармацыйная група райвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні Аляксандра Мікалуцкага на мінулым тыдні наведала Жыткавіцкую сярэднюю агульнаадукацыйную школу №3, дзе сустрэлася з яе педагагічным калектывам і тэхперсаналам.
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Ахрамовіч выступіў перад прысутнымі з падрабязным дакладам на тэму “Аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Гомельскай вобласці і Жыткавіцкім раёне”.
Дакладчык, у прыватнасці, адзначыў, што на пачатак 2015 года ў нашым раёне жыве 6701 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. На ўліку ў службе занятасці знаходзіцца 36 чалавек – 35,6 працэнта ад агульнай колькасці беспрацоўных. Восенню мінулага года ў раён прыбыло 97 маладых спецыялістаў пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Дзесьці 30 чалавек з іх пражываюць з бацькамі або маюць уласнае жыллё, астатнія маладыя спецыялісты вырашаюць гэтае пытанне з дапамогай арганізацый, дзе яны працуюць.
Пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК БРСМ ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне маладых грамадзян нашага раёна. Вялікая работа праводзіцца моладдзю з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу, сем’ямі загінуўшых, пажылымі адзінокімі грамадзянамі, а таксама па догляду за помнікамі і памятнымі знакамі.
Не застаецца ў баку і такі важнейшы накірунак работы як прапаганда здаровага ладу жыцця і прафілактыка негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. У раёне рэгулярна праходзяць маладзёжныя акцыі “Анты-СНІД”, “Без тытуню”, “Моладзь – за моду на здароўе”, спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па розных відах спорту, арганізоўваюцца велапрабегі па месцах баявой славы, экскурсійныя паездкі і г.д.
На Жыткаўшчыне маецца 52 сям’і, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, у іх жыве 102 дзіцяці. Сярод іх 94 падлеткі стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, за кожным з якіх замацаваны грамадскі выхавальнік з ліку членаў грамадскага аб’яднання БРСМ. Актыўна вядзецца работа па ўцягненні такіх падлеткаў у розныя мерапрыемствы і акцыі. А студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Палешукі” ажыццяўляе сваю дзейнасць нават за межамі Беларусі. У летні канікулярны перыяд многія маладыя людзі працаўладкоўваліся на прадпрыемствы раёна. 27 валанцёрскіх атрадаў працуюць па добраўпарадкаванні ў 23 населеных пунктах: праводзіцца работа па ўборцы смецця і ліквідацыі несанкцыянаваных звалак, вырубцы кустарнікаў, зносу старых і ўстаноўцы новых агароджаў.
Пасля дакладу прысутныя з вялікай цікавасцю заслухалі выступленне старшыні райвыканкама Аляксандра Мікалуцкага. Яно датычылася становішча спраў моладзі ў нашым раёне. Моладзь у нас, як падкрэсліў Аляксандр Віктаравіч, у асноўным добрая, ёй па плячы немалыя справы. Трэба толькі нам, старэйшым, дапамагчы маладзейшым у такіх пытаннях як працаўладкаванне і жыллёвае ўладкаванне. Для маладога спецыяліста, як сведчыць жыццёвая практыка, у сваёй пераважнай большасці, вельмі важныя ў першыя месяцы работы нават не заробкі, а адчувальная падтрымка з боку старэйшых настаўнікаў, начальнікаў, кіраўнікоў. Толькі тады ён стане на новым месцы работы спецыялістам не часовым, а пастаянным. Што ж датычыць жылля, то ў Тураве будуецца арэндны дом, 27 кватэр аддадзена спецыялістам усіх сфер народнай гаспадаркі. Ёсць і кватэры, якія патрабуюць рамонту. Наступная праблема – абуладкаванне дзяцей-сірот, якіх у нас 270. І тут патрэбны сумесныя намаганні ўсіх службаў раёна.
Слушнымі, грунтоўнымі былі таксама ў час сустрэчы выступленні пракурора раёна Уладзіміра Валохіна і начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрыя Бондарава. Было адзначана, што ў раёне склалася даволі вострая сітуацыя са злачынствамі і правапарушэннямі сярод падлеткаў і, у першую чаргу, сярод навучэнцаў нашага ліцэя. Намецілася такая негатыўная тэндэнцыя як згуртаванне агрэсіўнай моладзі ў групы, якія чыняць супрацьпраўныя дзеянні.
Варта адзначыць, што ў час сустрэчы міжволі ўзнікла палеміка паміж педагогамі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў, градус дыскусіі часам нават, вобразна кажучы, зашкальваў… Тым не менш, калі страсці ўлегліся, то ўсе прыйшлі да высновы, што ў складаных пытаннях выхавання школьнікаў трэба працаваць разам, у адной звязцы і толькі на папярэджанне, увесь час узмацняць эфектыўнасць прафілактыкі.
Работнікі школы задалі таксама членам інфармацыйнай групы шэраг злабадзённых, на іх думку, пытанняў. Яны датычылі продажу спіртнога ў кулінарыі, добраўпарадкавання тэрыторыі ля жылых дамоў мікрараёна Азёрны і многіх другіх аспектаў нашай жыццядзейнасці. На адны пытанні былі дадзены адказы адразу, другія ўзяты на кантроль.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.