Рэспубліканская акцыя «Мы, беларусы, — мірныя людзі!» прайшла ў Жыткавіцкім раёне

6Беларусы — мірныя людзі. Гісторыя не ведае прыкладаў нападу нашай краіны на іншыя дзяржавы, але калі трэба абараніць свой край, сваю Радзіму, беларускі народ заўсёды дэманстраваў якасці, якія ярка праявіліся ў маральным духу войскаў і працоўным подзвігу. І рэспубліканская акцыя, якая праходзіла ў мінулую пятніцу на гарадской плошчы, стала пацвярджэннем адзінства ўсяго беларускага народа.

Жыткавічы. Адкрываючы гэтае мерапрыемства, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі адзначыў, што калі мы хочам, каб наша краіна заставалася такой, якой яна з’яўляецца сёння – мірнай, моцнай і квітнеючай, каб яна развівалася і далей, мы ўсе разам павінны ахоўваць мір і спакой, лад і згоду на беларускай зямлі, умацоўваць эканамічную і сацыяльную стабільнасць у грамадстве.

– Сёння нас усіх аб’ядноўвае значная падзея –рэспубліканская акцыя «Мы, беларусы, – мірныя людзі». Гэтая акцыя накіравана на ўмацаванне адзінства беларускага народа ў год правядзення найважнейшых палітычных падзей у жыцці беларускай дзяржавы і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці грамадзян. Мір і згода – агульная каштоўнасць і велізарнае дасягненне нашай краіны, – падкрэсліў, выступаючы перад жыткаўчанамі і гасцямі горада, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі. – І самае важнае – ніколі і нікому не аддаваць галоўную гістарычную каштоўнасць нашага народа – суверэнную дзяржаву – Рэспубліку Беларусь.

У гэты дзень удзельнікамі акцыі сталі кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, школьнікі і навучэнцы, лідары і актывісты грамадскіх аб’яднанняў, многія жыткаўчане.

7На працягу некалькіх гадзін над горадам гучалі песні артыстаў нашага палескага краю. Мерапрыемства прайшло на высокім патрыятычным узроўні і спадабалася жыхарам горада, пра што сведчаць шматлікія водгукі яго ўдзельнікаў. Такія ж акцыі прайшлі ва ўсіх аграгарадках раёна.

Тураў. Урачыста прайшла культурна-грамадская акцыя «Мы, беларусы, – мірныя людзі» ў Тураве. У зале гарадскога Дома культуры сабраліся работнікі прадпрыемстваў і арганізацый населенага пункта, ветэраны працы, школьная моладзь. На сцэне іх віталі прадстаўнікі старэйшага пакалення – старшыня ветэранскай арганізацыі Турава Васіль Жылан і намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі, давераная асоба старшыні гарадскога Савета Рыгор Бастун. Выступоўцы гаварылі пра галоўныя дасягненні нашай краіны – мір і згоду, якія вось ужо больш за 70 гадоў пануюць у Беларусі. Ад імя моладзі горада гэтую думку падтрымаў кіраўнік патрыятычнага клуба «Доўг. Гонар. Айчына» Сяргей Волкаў, запэўніўшы, што цяперашняе пакаленне гатова развіваць закладзеныя прадзедамі традыцыі. Пранікнёнымі словамі было напоўнена і выступленне дэпутата гарсавета Галіны Рыжанковай. Да сваіх землякоў яна звярнулася з заклікам берагчы і шанаваць мір, прымнажаць яго заваёвы сваёй працай і патрыятычным стаўленнем да малой радзімы. Наколькі багаты талентамі гэты выдатны старажытны край, прадэманстравалі на сцэне ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці – калектывы Тураўскага ГДК і Дварэцкага ДК. Праграма двухгадзіннага канцэрта ўключала самыя розныя нумары – ад даўно ўпадабаных ваенных песень да сучасных твораў, па-майстэрску выкананых артыстамі з народа. Прыемныя ўражанні ва ўдзельнікаў акцыі пакінула выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая сабрала лепшыя работы выхаванцаў Тураўскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Чырвонае. Дружна адклікнуліся на рэспубліканскую грамадска-культурную акцыю “Мы, беларусы, – мірныя людзі” ў Чырвоненскім сельскім Савеце. Жыхары пасёлка і навакольных вёсак сабраліся ў Чырвоненскім сельскім Доме культуры.

Перад прысутнымі з прамовай выступіла старшыня Чырвоненскага сельсавета Зоя Купрацэвіч. Затым быў дадзены змястоўны, разнапланавы канцэрт, які вялі дырэктар Чырвоненскага СДК Таісія Макарэвіч і мастацкі кіраўнік гэтай установы культуры Ірына Васілеўская. Вельмі даспадобы прыйшліся гледачам нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні як мясцовых работнікаў культуры, так і суседзяў з Чырванаборскага цэнтра культуры і вольнага часу ды народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Пухаўчанка”.

Ленін. Цэнтрам правядзення патрыятычнай акцыі “Мы, беларусы, – мірныя людзі” у аграгарадку Ленін стала мясцовая ўстанова культуры. Менавіта тут а сёмай гадзіне вечара сабраліся старыя і малыя ленінцы. У МЦК усіх гасцінна сустракалі і праводзілі ў прыгожа аздобленую залу.

Усе прысутныя ўважліва слухалі выступленні старшыні Ленінскага сельскага Савета Васіля Нямчэні і старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельсавета Ады Рудзінскай. У сваіх прамовах яны адзначылі пра тое, якія добрыя і працавітыя людзі жывуць у нашым краі, як цяжка ім далася сённяшняя незалежнасць, бо на яе алтар пакладзена шмат ахвяр. Прызвалі выступоўцы мясцовых жыхароў памятаць аб гэтым і шанаваць сваю краіну, свой народ, мацаваць іх дабрабыт сумленнай і стваральнай працай. А потым сіламі самадзейных артыстаў маладзёжнага цэнтра культуры, а таксама вучняў мясцовай школы быў дадзены вялікі канцэрт. Кожны яго нумар людзі сустракалі апладысментамі, а прайшоўшае мерапрыемства, якое доўжылася больш за дзве гадзіны, у чарговы раз засведчыла пра моцную еднасць беларускага народа ў любові да сваёй дзяржавы.

Падрыхтавалі карэспандэнты «НП».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.