Россып медалёў і вялікі кубак — вынік выступлення жыткавіцкіх атлетаў на дваццатым Міжнародным турніры па гіравому спорту “Кубак Палесся”

11Россып медалёў рознай вартасці, а таксама галоўны трафей спаборніцтваў, вялікі кубак, вынік выступлення жыткавіцкіх  атлетаў на дваццатым Міжнародным турніры па гіравому спорту “Кубак Палесся” сярод юнакоў і дзяўчат. І на гэтым юбілейным саперніцтве нашы землякі пераканаўча даказалі наколькі высокі ўзровень развіцця гэтага віду спорту ў нашым рэгіёне.

Пра тое, што гэта юбілейныя спаборніцтвы, сведчыла многае. Найперш, цырымонія адкрыцця. Даўно на турніры не бачылі такой яркай і прыгожай дзеі, якая пачалася ўрачыстым выхадам каманд. Іх на спаборніцтвы  прыехала сёлета не меней дзясятка: з розных гарадоў Беларусі, Расіі і Украіны. Урачыстасць і важнасць прайшоўшай у райцэнтры спартыўнай падзеі падмацоўвалася і вялікай колькасцю ганаровых гасцей. У ліку іх старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі, яго намеснік Валерый Рагалевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Емяльянаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў  Уладзімір Гулюта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёна, а таксама вялікая колькасць знакамітых гіравікоў з розных краін-удзельніц, якія ў свой час паспяхова выступалі на турнірах самага высокага ўзроўню. Усіх іх гледачы віталі апладысментамі, але самыя гарачыя атрымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Адам Аліфяровіч і Васіль Чарнагалоў. Што гэтыя паважаныя і ганаровыя ў нашым горадзе людзі былі запрошаны на спаборніцтвы і адзначаны падарункамі, стала не выпадковасцю. Дарэчы, арганізатарамі турніру падарункам быў ушанаваны і ветэран вайны з аграгарадка Бялёў Рыгор Макарэвіч.  Усё ж дваццаты “Кубак Палесся” прысвячаўся знакавай даце ў гісторыі беларускага, рускага і ўкраінскага народаў — 70-годдзю Вялікай Перамогі, якую мы здабылі разам. І вось зноў прадстаўнікі гэтых нацый, праўда, цяпер нашчадкі герояў, аб’ядналіся ў Жыткавічах , каб у спартыўным саперніцтве паказаць, што сувязь паміж намі існуе і яна не разарвана. Менавіта на гэтым аспекце і зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі ў сваім прывітальным слове ўдзельнікам турніру:

— Спорт — гэта не толькі змаганне  паміж спартсменамі. Ён з’яўляецца і аб’ядноўваючай сілай для розных людзей і народаў. І мне вельмі прыемна, што ў нашым раёне сустракаюцца юныя гіравікі з розных краін, тым самым аддаючы павагу заслугам і традыцыям у гэтым відзе спорту, якія дасягнуты і напрацаваны  жыткаўчанамі. І цяперашняе саперніцтва яскрава пацвярджае, што моладзь імкнецца да здаровага ладу жыцця, а значыць, у нас будзе здаровая будучыня, новыя поспехі не толькі на спартыўных пляцоўках, але і ў іншых сферах дзейнасці.

Не менш шчырымі былі і вітанні гасцей. У прыватнасці, прадстаўніца Ровеншчыны, заслужаная гіравічка Аксана Маліноўска адзначыла, што ўкраінскім спартсменам вельмі імпануе беларуская гасціннасць, і на турнір “Кубак Палесся” яны прыязджаюць з вялікай радасцю. У доказ гэтага яна падаравала арганізатару турніру Леаніду Макарэвічу  гасцінцы з Украіны. А вось трэнер каманды з горада Жукава  Расійскай Федэрацыі Анатоль Арсюцін адзначыў не толькі  высокую  спартыўную састаўную “Кубка Палесся”, але і яго патрыятычную скіраванасць.

— Мне, як ураджэнцу мясцін, дзе нарадзіўся вялікі палкаводзец Георгій Жукаў, вельмі імпануе, што ў Беларусі свята захоўваюць памяць аб гераічным мінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, ладзяць у гонар тых падзей вялікія мерапрыемствы. Хочацца, каб і ў далейшым моладзь не забывалася, як мужна змагаліся  нашы дзяды за свабоду сваёй краіны і была гатова  да абароны  радзімы, — зазначыў расійскі трэнер.

І такіх шчырых слоў удзячнасці ў адрас арганізатараў  мерапрыемства і іх памочнікаў было выказана вельмі і вельмі шмат. А сапраўдных і шчырых сяброў у турніры “Кубак Палесся” маецца нямала. Гэта і дырэктары акцыянерных таварыстваў “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” і “Эрбен Груп” В. Кур’яновіч і В. Жуйкоў, “Тураўшчына” А. Кузменка, СШ №3 горада Жыткавічы Ганна Друк, кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў А. Галінзоўскі, А. Макарэвіч. І таму на падарункі гасцям гаспадары не скупіліся, адпаведна і прыезджыя таксама.

 Усіх прысутных у зале скарыла канцэртная праграма. Парадавалі гледачоў сваёй грацыяй і пластыкай выступленні танцораў узорнага калектыва “Калейдаскоп” гарадскога цэнтра культуры, чарлідзеры з трэцяй гарадской школы, гіравікі-жанглёры, а таксама  артыст-спартсмен Альберт Скараход. Дарэчы, прыемнай нечаканасцю для ўсіх была прысутнасць на турніры і Міхаіла Рабца, які стаяў ля вытокаў развіцця гіравога спорту на Жыткаўшчыне.

І ўсё ж яркая цырымонія адкрыцця стала толькі першай прыгожай старонкай у галоўнай дзеі саперніцтва на памостах. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі падзелены па вагавых катэгорыях на  дзесяць  груп. На выкананне  кожнага практыкавання ім адводзілася па дзесяць хвілін. Юнакі змагаліся ў штуршку і рыўку гіры, а дзяўчаты — толькі ў рыўку. Але паказаныя вынікі некаторымі  юнымі спартсменамі проста ўражвалі. Іх настойлівасць і воля да перамогі проста прыводзілі ў захапленне гледачоў, якія падтрымлівалі атлетаў апладысментамі.  Усе нават усталі з месцаў, калі на памосце працавала Елізавета Пінчук. Свой шлях у гіравы спорт яна пачала ў Дзякавічах, а калі перавялася вучыцца ў гарадскую гімназію, прыйшла ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу “Матор”, каб працягваць заняткі любімым відам спорту. Ёй пашчасціла, што трапіла ў групу такога вопытнага трэнера як Сяргей Юзюк, які і дапамагаў дзяўчыне рыхтавацца да турніру. І справіўся з задачай выдатна.

— Сто пяцьдзясят, сто пяцьдзясят адзін, сто пяцьдзясят два… Давай яшчэ! Трымайся! Сто семдзесят!” — на гэтай лічбе спынілі лік гледачы ў зале, калі Елізавета Пінчук апусціла дванаццацікілаграмовы снарад на памост.

— Малайчына! Ёсць залаты медаль, — у адным парыве выдыхнулі першы і цяперашні трэнеры спартсменкі Павел Андрэйкавец і Сяргей Юзюк.

Або як не ўспомніць валявую перамогу Сяргея Пінчука, які ішоў да яе нават не зважаючы на боль ад сцёртых снарадам да крыві мазалёў. Ён вытрымаў і таксама прынёс у скарбонку каманды залаты медаль. Таксама ўзнагароды вышэйшай пробы нам, жыткаўчанам, прынеслі Яўген Агіевіч і Юрый Сабайда. Няпроста было ім перамагаць, сапернікі  таксама дэманстравалі добрую падрыхтоўку. Адчувалася хваляванне, на яго глебе дапускаліся і тактычныя, і тэхнічныя памылкі. Але тым большай была радасць ад атрыманых перамог. Хлопчыкі і дзяўчынкі падыходзілі да вывешаных на стэндах пратаколаў, каб прааналізаваць свае вынікі і сапернікаў. Асабліва гэта было прыкметна пасля першага практыкавання ў хлопцаў. Бо падчас рыўка яны маглі значна паправіць сваё турнірнае становішча.

Вострае змаганне на пляцоўках ішло да апошняй хвіліны. Але такая атмасфера саперніцтва панавала толькі на памостах. У зале, пакуль суддзі падлічвалі балы і вызначалі пераможцаў, было ўсё па-сяброўску цёпла. Удзельнікі і трэнеры дзяліліся сваімі ўражаннямі ад выступленняў. У многіх яны былі самыя прыемныя.

— Вось прывёз трох гіравікоў, і ўсе тры заваявалі медалі, — не хаваў сваёй радасці перад Сяргеем Юзюком трэнер са Смаленска Сяргей Сяргееў.

— Мне гэты турнір таксама надоўга запомніцца, — весела гаманіў Сяргей Уладзіміравіч. — Упершыню ў спаборніцтвах такога ўзроўню прыняла ўдзел мая сямігадовая ўнучка Яўгенія. Сорак два разы падняла трохкілаграмовую гіру.

10Дзядулю было чым ганарыцца. Не аднаго чэмпіёна вырасціў. Вось цяпер ужо трэцяе пакаленне ў сям’і гіравікоў падрастае. Размовы перапыніла аб’яўленне суддзі аб агульным пастраенні каманд для атрымання заслужаных узнагарод. Горда ўздымаліся пераможцы і прызёры на п’едэстал гонару, атрымлівалі з рук дырэктара спартыўнай школы Леаніда Макарэвіча і Сяргея Юзюка заслужаныя медалі, дыпломы і падарункі. Ціха, нібы часавыя на варце, застывалі, калі гучалі дзяржаўныя гімны ў гонар пераможцаў. І гэта для хлопцаў і дзяўчат было найлепшым прызнаннем іх працы ў трэнажорных залах, дзе падчас трэніровак сыходзіла па сто патоў, каб  адчуць вось такую важнасць моманту. Закрываючы турнір, дырэктар ДЮСШ “Матор” Леанід Макарэвіч падзякаваў усім за выступленні і працу на мерапрыемстве, і запрасіў на “Кубак Палесся” наступнага года. Ён жа, як паабяцаў Леанід Рыгоравіч, адбудзецца абавязкова, і будзе яшчэ больш прадстаўнічым.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.