Корманарыхтоўшчыкі Жыткавіцкага раёна падводзяць апошнюю рысу ў сваёй дзейнасці

Изображение 001І хаця бягучы год быў не надта спрыяльным для росту сакавітых траў, але ў гаспадарках прыклалі ўсе намаганні, каб забяспечыць грамадскі статак на зіму сенажом, сіласам і сенам. Па раёну здолелі назапасіць у разліку на адну ўмоўную галаву амаль па трыццаць цэнтнераў кармавых адзінак.

Асабліва ўдала спрацавалі корманарыхтоўшчыкі  па назапашванні сенажу. Пры даведзеным заданні нарыхтаваць яго 54900 тон, фактычна ў ямы і курганы паклалі 67301 тону, што складае 123 працэнты да запланаванага. Хаця ёсць гаспадаркі, дзе  апошні паказчык перавыкананы амаль у чатыры з паловай раза. Прыкладам такой дбайнасці з’яўляецца камунальнае сельгаспрадпрыемства “Бялёў”, дзе здолелі назапасіць амаль дзесяць тон сенажу. Прычым 1863 тоны заклалі гэтага корму ў жніўні, выкарыстаўшы на такія мэты не толькі зялёную масу, але і салому. У сельгаспрадпрыемстве здолелі амаль на дзве тысячы тон больш чым летась нарыхтаваць і кукурузнага сіласу. Таму і не дзіўна, што ў КСУПе “Бялёў” на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы маюць па трыццаць дзевяць цэнтнераў кармавых адзінак. І галоўнае, корманарыхтоўшчыкі гаспадаркі не спыняюць сваю дзейнасць і ў гэтыя дні. Атрад сельгаспрадпрыемства зараз плённа працуе на пойме Случы. На пойме Прыпяці вядуць назапашванне травяністых кармоў і механізатары КСУПа “Коленскае”.

Сваімі здабыткамі могуць ганарыцца і працаўнікі КСУПа “Чырвоны Бор”. Для грамадскага статка тут назапасілі 1350 тон сена, 10500 тон сенажу і 18700 тон кукурузнага сіласу. Гэта намнога болей чым планавалася, таму ў разліку на адну ўмоўную галаву чырванаборскія корманарыхтоўшчыкі маюць  па сорак адной кармавой адзінцы травяністых кармоў. Дарэчы, механізатары КСУПа “Чырвоны Бор” адны з нямногіх у раёне, хто паспяхова справіўся з вытворчым заданнем па  закладцы кукурузнага сіласу.

 Высокая забяспечанасць кармамі і ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Людзяневічы”. Тут мясцовыя механізатары ў разліку на адну ўмоўную галаву назапасілі амаль па трыццаць восем цэнтнераў кармавых адзінак. Менавіта людзяневіцкія корманарыхтоўшчыкі паклалі пад павеці найбольшую колькасць сена, 2240 тон, што на 172 працэнты болей чым было запланавана.

На жаль, такая станоўчая сітуацыя назіраецца не ва ўсіх гаспадарках. Напрыклад, у акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” ў разліку на адну ўмоўную галаву назапашана  ўсяго толькі па дваццаць чатыры кармавыя адзінкі, а ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра” нават няма і дваццаці трох кармавых адзінак. Значны недабор травяністых кармоў у гэтых сельгаспрадпрыемствах атрымаўся па прычыне невыканання вытворчых заданняў па назапашванні сена і сіласу. Напрыклад, тураўскія корманарыхтоўшчыкі здолелі пакласці пад павеці толькі 29 працэнтаў да неабходных аб’ёмаў сена і 84 працэнты кукурузнага сіласу. У ААТ “Прыазёрскае-Агра” гэтыя паказчыкі адпаведна выглядаюць 53 і 37 працэнтаў. Такое становішча характэрна для ўсяго раёна ў цэлым. Але ў іншых гаспадарках здолелі сарыентавацца і перакрыць недабор адных травяністых кармоў іншымі.  Таму і назіраецца такая стракатасць у паказчыках.

Канечне, калі параўноўваць  сёлетні плён працы корманарыхтоўшчыкаў раёна з мінулагоднім, то яно будзе не на карысць першага. Але вопыт працы і здабыткі  тых сельгаспрадпрыемстваў на “зялёным жніве” яшчэ раз пацвярджае прапісную ісціну, што мае той, хто добра дбае.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.