Спраў карысных Жыткавіцкай пярвічкі не пералічыць

глушень антонУ ліку актывістаў ветэранскага руху раёна знаходзіцца і Антон Глушань. Пра справы пярвічкі Жыткавіцкага аддзела ўнутраных спраў, якую ён узначальвае, добра вядома не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў вобласці. Прыкладам гэтаму можа служыць той факт, што па выніках мінулагодняй дзейнасці ветэранская арганізацыя работнікаў міліцыі Жыткаўшчыны заняла другое месца сярод аналагічных структур у сістэме абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. Гэта не першая перамога міліцэйскай пярвічкі раёна на такім узроўні. Ужо апошнія гадоў восем арганізацыя не пакідае тройкі прызёраў. А паставіў яе работу на такі высокі ўзровень антон Андрэевіч.
Кіруе Глушань ветэранамі органаў унутраных спраў ужо адзінаццаць гадоў. У адстаўку выйшаў у званні падпалкоўніка, з пасады начальніка Тураўскага аддзялення міліцыі. Увогуле, яму не адзін год давялося кіраваць рознымі калектывамі, таму ён добра ведаў і пра жыццё тых, хто па ўзросту пакідаў службу. Былі выпадкі, калі былому саслужыўцу, так бы мовіць, не было каму і вады падаць. Таму Антон Андрэевіч, калі ўзначаліў пярвічку, увёў жалезнае правіла, што за кожным нямоглым ветэранам замацаваў па два здаровых, каб яны адведвалі сваіх калег і дапамагалі.
— На цяперашні час у нас чатыры чалавекі, якіх мы пастаянна адведваем, — расказвае старшыня. — Увогуле ў складзе нашай арганізацыі падабралася нямала людзей, на долю якіх выпалі сур’ёзныя выпрабаванні. 15 удзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, тры ветэраны афганскай вайны — і гэта ўсе члены нашай пярвічкі.
Агульная колькасць арганізацыі — 63 чалавекі, з якіх 42 з’яўляюцца ветэранамі органаў правапарадку. Чацвёра размянялі восьмы дзясятак. Але старшыня да кожнага знаходзіць падыход, каб прыцягваць да агульнай працы. А яна даволі насычаная. У якой пярвічцы могуць пахваліцца тым, што кожны год яны разам збіраюцца на ўласны турыстычны злёт. А ветэраны-міліцыянеры праводзяць яго ўжо дванаццаць гадоў. Цяпер усе высілкі накіраваны на тое, каб у аддзеле стварыць музей аб буднях супрацоўнікаў праваахоўных органаў Жыткаўшчыны. Экспанаты для яго сабраны, цяпер старшыня разам з начальнікам міліцыі прапрацоўваюць варыянты, каб выдзеліць памяшканне для будучых экспазіцый. Дзякуючы і ветэранам, пра супрацоўнікаў міліцыі нашага рэгіёна выдадзена аж тры кнігі. Чым не прыклад, як неабходна ўшаноўваць памяць і ганарыцца дасягненнямі сваіх калег па службе.
Стаўленне да сваіх былых саслужбоўцаў у Антона Глушаня самае цёплае і паважлівае. Старшыня ніколі не забывае павіншаваць іх са святамі. Калі ж надараюцца юбілеі, то Антон Андрэевіч заўсёды з начальнікам міліцыі наведаюцца да віноўніка ўрачыстасці з падарункам. Прадастаўнікі ветэранскай арганізацыі заўсёды ўдзельнічаюць і ў траўрных мерапрыемствах. Вырашаць іншыя надзённыя праблемы пажылых супрацоўнікаў міліцыі дазваляе і створаная каса ўзаемадапамогі. Яна папаўняецца за кошт своеасаблівых ўзносаў членаў пярвічкі.
— Канечне, грошы невялікія, але разам з тым не патрэбна шукаць сродкі, каб купіць тую ж паштоўку да свята, або букет. Пэўную фінансавую падтрымку нам аказвае і кіраўніцтва райаддзела, — гаворыць лідар ветэранаў. — І такія адносіны ў многім спрыяюць правядзенню разнастайных мерапрыемстваў для ветэранаў. У нашай жа арганізацыі таленавітых людзей нямала. Гэта і Уладзімір Ярэміч, і Ганна Бандзюк, Уладзімір Гузаў, і многія іншыя. Яны і на інструментах музычных хораша іграюць, і песню праспяваць могуць. А вось Міхаіл Карпавец аказвае нашым ветэранам юрыдычныя кансультацыі. Вось так і працуем, падтрымліваючы адзін аднаго.
Задаволены старшыня міліцэйскай пярвічкі і сваім саветам, які дапамагае яму ў рабоце, каардынуе дзейнасць арганізацыі. У ім людзі заслужаныя, неабыякавыя да таго, што робяць. Гэта Уладзімір Таболіч, Таццяна Ярэміч, Ларыса Касцючэнка, Валянціна Башкевіч.
На нядаўнім справаздачным сходзе пярвічкі Антону Глушаню ў трэці раз аказалі давер кіраваць ветэранскай аргані-зацыяй. А гэта яшчэ пяць гадоў мэтанакіраванай і самаадданай працы. Да яе Глушань гатовы. Таму ў сваю гісторыю ветэраны органаў правапарадку раёна яшчэ ўпішуць не адну карысную справу.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.