Сваім вопытам і напрацоўкамі на мерапрыемстве з калегамі дзяліліся на НПС “Тураў” і ДУА “Верасніцкая сярэдняя школа”

идеологияФормы і метады інфармацыйна-ідэалагічнай работы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна вывучалі намеснікі кіраўнікоў і спецыялісты па ідэалогіі падчас прайшоўшага на днях семінара працаўнікоў вышэйзгаданай сферы дзейнасці. Сваім вопытам і напрацоўкамі на мерапрыемстве з калегамі дзяліліся на НПС “Тураў” і ДУА “Верасніцкая сярэдняя школа”. Семінар прадэманстраваў, што граматна пастаўленая і мэтанакіраваная ідэалагічная работа аказвае станоўчы ўплыў на вынікі па асноўнай дзейнасці калектыву, а таксама спрыяе ўсталяванню добрага мікраклімату паміж яго членамі.
НПС “Тураў” — прадпрыемства ў раёне ўнікальнае. Таму экскурсія, якую арганізавалі гаспадары для ўдзельнікаў семінара, выклікала ва ўсіх непадробную цікавасць.Высокая адзнака была дадзена гаспадарам за культуру вытворчасці, цудоўную добраўпарадкаванасць тэрыторыі, належныя бытавыя ўмовы для рабочых прадпрыемства. Госці з вялікім задавальненнем наведалі пакоі для пераапранання, сушкі спецвопраткі, душавыя, вучэбны клас, адміністрацыйны будынак, шэраг вытворчых аб’ектаў. Усюды ў іх пануюць чысціня і парадак. Апошняе для калектыва прадпрыемства даўно стала звычайнай нормай. Хаця, як было адзначана дырэктарам станцыі Васілём Каральцом, падтрымліваць аб’екты бытавога прызначэння ў належным стане і ім не так лёгка. На перапамповачнай станцыі ўтрымліваюць сталовую для рабочых, гасцініцу, забяспечваюць вадой і цяплом жылы пасёлак. Але, па словах кіраўніка, гэта неабходна, бо скіравана ўсё для карысці і камфорту рабочых, якія працуюць на асноўны вынік. НПС “Тураў” па многіх паказчыках уваходзіць у лік лепшых сярод аналагічных структурных падраздзяленняў ААТ “Гомельтранснафта Дружба”.
Падчас практычнай часткі семінара спецыялісты ідэалагічнай вертыкалі на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргеем Агіевічам пазнаёміліся і з інфармацыйным складнікам на прадпрыемстве. Практычна на кожным аб’екце аформлены стэнды па тэхніцы бяспекі. Ідэалагічны накірунак дзейнасці адлюстраваны ў поўнай ступені ў адміністрацыйным будынку. Спартыўныя дасягненні, Дошка гонару, насценная газета, будні і святы працаўнікоў калектыву і многае іншае – уся гэтая інфармацыя даступна кожнаму работніку.
– Менавіта праз удзел у самых разнастайных мерапрыемствах мы фарміруем дух калектывізму, узаемадапамогі і ўзаемавыручкі, – адзначыла спецыяліст па кадрах, а па сумяшчальніцтву і ідэалагічнай рабоце нафтаперапампоўваючай станцыі Святлана Загорная. – Ідэолаг на прадпрыемстве не толькі першы памочнік кіраўніцтву ў арганізацыі духоўнага жыцця працаўнікоў, іх вольнага часу, ён актыўна дапамагае і ў справе павышэння дысцыпліны на вытворчасці, што таксама адбіваецца на рабочым рытме калектыву. І па многіх пазіцыях інфармацыйна-ідэалагічнай работы мы маем нямала поспехаў.
Не менш актуальнае пытанне ідэолагі раёна на семінары разгледзелі і падчас наведвання Верасніцкай сярэдняй школы. Дырэктар навучальнай установы Валянціна Казак паказала ўдзельнікам мерапрыемства, наколькі значна палепшыліся ўмовы для вучобы ў школе. Пасля капітальнага рамонту тут з’явілася і спартыўная зала, і бібліятэка, і многа прасторных класаў, сучаснае абсталяванне. І многае з пералічанага ўдалося здзейсніць дзякуючы ўсебаковай і пастаяннай падтрымцы вытворчых прадпрыемстваў-шэфаў. Менавіта сацыяльнае партнёрства паміж імі і школай дырэктар акрэсліла простай, але ёмкай формулай: дапамога шэфаў дазваляе паляпшаць умовы навучання, у сваю чаргу прафарыентацыя выпускнікоў, якая вядзецца ва ўстанове, дае магчымасць прадпрыемствам вырашаць свае кадравыя пытанні, а ў канчатковым выніку атрымліваецца годны грамадзянін краіны з актыўнай грамадскай пазіцыяй, які здольны прыносіць сваёй радзіме карысць.
У доказ гэтага Валянціна Адамаўна прывяла нямала станоўчых прыкладаў дзейнасці навучальнай установы. Па яе словах, сацыяльнае партнёрства паміж школай і вытворцамі – гэта не толькі дапамога апошніх, але і зваротны працэс, у якім навучальная ўстанова адыгрывае важнае значэнне.
– У нас склаліся цесныя стасункі з кіраўніцтвам НПС “Тураў” і ААТ “Тураўшчына”, а таксама з прадстаўнікамі сацыяльнай сферы аграгарадка, – расказвала дырэктар. – Частыя экскурсіі на вытворчыя аб’екты шэфаў дапамагаюць арыентаваць дзяцей на будучы прафесійны выбар. У школьным спартзале пастаянна праводзяць трэніроўкі работнікі нафтаперапампоўваючай станцыі, дзякуючы чаму яны паспяхова выступаюць на розных спаборніцтвах. Шэфы не адмаўляюць школе і ў выдзяленні транспарту для арганізацыі экскурсій, мы ж у сваю чаргу актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх святах, што праводзяцца ў населеным пункце. Прадстаўнікі арганізацый уваходзяць у склад бацькоўскага камітэта, настаўнікі, мясцовая ўлада, шэфы актыўна вядуць змаганне з негатыўнымі з’явамі ў аграгарадку, сумесна надаюць увагу патрыятычнаму выхаванню вучняў. І самае галоўнае, што гэтыя сувязі толькі мацнеюць і напаўняюцца новым зместам.
Безумоўна, што ідэолагі прадпрыемстваў на семінары ўзялі для сябе нямала карыснай інфармацыі, якую выкарыстаюць у сваёй працы. Нездарма ж кажуць, што для яе ўдасканалення не маецца межаў, а вопыт і напрацоўкі іншых з’яўляюцца добрай падтрымкай на гэтым шляху.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.