На пасяўным канвееры КСУПа “Бялёў” у Вольгі Аліфяровіч бадай самы гарачы ўчастак

повар белевНа гаспадарчай кухні яна гатуе абеды для ўдзельнікаў веснавых-палявых работ, чым спрыяе паспяховаму правядзенню гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі.
Як толькі мясцовыя механізатары масава вывелі тэхніку на палеткі, кіраўніцтва сельгас-прадпрыемства адразу прыняло рашэнне аб аднаўленні пасля зімы работы гаспадарчай сталоўкі. Прычым, зрабілі гэта аднымі з першых у раёне. Каго запрасіць на пасаду кухара, доўга не раздумвалі – канечне ж, Вольгу Мікалаеўну Аліфяровіч. Яна ўжо некалькі гадоў запар гатавала гарачыя абеды і вячэры для працаўнікоў і ад іх нараканняў не паступала. Жанчына адразу шчыра ўзялася за даручаную справу. Найперш, навяла пасля доўгага перапынку ў дзейнасці харчовага блока ўзорны парадак у памяшканні, праверыла спраўнасць тэхналагічнага абсталявання, падрыхтавала неабходны посуд. І толькі пасля гэтага прыступіла да асноўнай работы, на якую яе запрасілі.
– Канечне, у мінулыя гады лягчэй было працаваць, давалі памочніка, а цяпер гаспадарыць адна буду, – расказвае пра сваю дзейнасць Вольга Мікалаеўна. – Але пастараюся справіцца, не падвесці. Усё ж цяжка сейбітам у полі без гарачай ежы працаваць па дванаццаць гадзін.
Кухарка даволі адказна падыходзіць да складання мяню. Ёй хочацца, каб стравы былі не толькі смачнымі, але і разнастайнымі. Прадукты для гэтага маюцца, кіраўніцтва забяспечвае. У дзень, калі наведвалі сельгаспрадпрыемства, Вольга Мікалаеўна згатавала для механізатараў на першае: наварысты суп, на другое: катлеты з бульбяным пюрэ, на дэсерт – салодкую гарбату. Па велічыні порцыі разлічаны на сапраўдных мужчын-асілкаў, якія заняты нялёгкай работай. На цяперашні час кухарка гатуе да двух дзясяткаў абедаў, але з ростам напружання на палях працаваць сталоўка будзе да позняй восені, колькасць порцый намнога павялічыцца.
Добра адладжанае забеспячэнне механізатараў на палявых работах гарачым харчаваннем – гэта не адзіны станоўчы момант, які вырашыла кіраўніцтва гаспадаркі, каб паспяхова правесці пасяўную. Да дробязяў адпрацаваны меры стымулявання працаўнікоў, прадумана арганізацыя выканання асноўных агратэхнічных прыёмаў, падабраны і расстаўлены на кожным вытворчым участку старанныя і спрактыкаваныя кадры. Таму і вынік маюць адпаведны.
– З заданнем па сяўбе ранніх каласавых наш калектыў, як тое і прадугледжана, справіўся да 10 красавіка, – упэўнена гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Ачапоўскі. – Пасеяна 165 гектараў такімі культурамі. Яшчэ на першым этапе кампаніі нашы механізатары правядуць падкормкі мінеральнымі тукамі 800 гектараў пасеваў азімых зерневых, унясуць у глебу 8,1 тысячы тон арганікі. А потым возьмемся за кукурузу і аднагадовыя, якія адпаведна зоймуць 800 і 100 гектараў, каб забяспечыць грамадскую жывёлагадоўлю кармамі на зімоўку.
У ліку тых механізатараў, што зараз паспяхова выконваюць пастаўленыя на бягучую пасяўную задачы Леанід Папок, які заняты на сяўбе, Віктар Яскавец, які рыхтуе глебу, Анатоль Чмыхун і Аляксандр Брынявец, што вядуць падкормкі азіміны, а таксама Віталь Чмыхун, Мікалай Чэркас і Васіль Макарэвіч, якія задзейнічаны на ўнясенні арганікі.
Сяргей Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.