У камісіі па справах непаўналетніх

кдн2Іх прыклад – іншым навука
“Жанчыну пазбавіць мацярынскіх правоў, а яе дзіця ўзяць пад дзяржаўную апеку”, — такое нялёгкае і адначасова суровае рашэнне спецыялісты камісіі па справах непаўналетніх прынялі на сваім нядаўнім пасяджэнні ў дачыненні жыхаркі Азяранскага сельсавета. Вынесенае пакаранне для жанчыны з’явілася, нібы громам з яснага неба. Яна раз за разам толькі і вымаўляла адну фразу: “Я сама хачу гадаваць сваё дзіця! Я сама!..” Але гэтыя словы апошняй надзеі і адчаю проста праглынула гнятлівая цішыня, што ўсталявалася ў перапоўненым людзьмі службовым кабінеце.
— Вы ўласнымі рукамі разбурылі сваё сямейнае шчасце. Вас папярэджвалі неаднаразова аб наступствах таго ладу жыцця, які вы вядзеце, — пасля непрацяглай паўзы толькі і здолеў вымавіць намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі Леанід Валатоўскі, — шанц выправіцца і не адзін у вас быў.
Але жанчына ўжо не чула гэтых слоў, бо пакінула кабінет, зачыняючы за сабою дзверы. Тым самым была пастаўлена кропка, будзем спадзявацца, не апошняя, у яшчэ адной сямейнай трагедыі, на жаль, якіх на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх цяпер разглядаецца нямала.

кдн1Зруйнаваны сямейны ачаг
Канечне, калі разлучаюць маці з яе родным сынам у мірны час, вельмі страшная з’ява. Але, што рабіць і як паступаць, калі жанчына не можа і не хоча выконваць свой мацярынскі абавязак? Вось у такую непрывабную і не прыгожую сітуацыю трапіла і вышэйзгаданая наша гераіня. Першым званочкам для яе, што кардынальна патрэбна мяняць антыграмадскі ўклад жыцця, стала часовае перасяленне сына з сямейнага ачага ў сацыяльны прытулак. Зноў жа, адбылося гэта па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх. І для такой суровай меры ўздзеяння былі важкія падставы: жанчына злоўжывала алкаголем, не працавала, часта сварылася з сужыцелем,у хаце яе панаваў беспарадак, хлопчык не меў у дастатку ежы. Кабета, каб вярнуць сына дадому, клялася і бажылася перад адказнымі асобамі з дзяржаўных органаў, што жыць яна пачне па-новаму. На час перастала сябраваць з зялёным зміем, працаўладкавалася жывёлаводам у мясцовую гаспадарку. Ёй паверылі – хлапчука вярнулі, а з ім у дадатак цэлы спіс рэкамендацый, што патрабуецца яшчэ зрабіць маці, каб больш такая непрыемнасць не паўтарылася. Але запалу жанчыны надоўга не хапіла. Хутка яе жыццё і сына апынулася на старых рэйках. Аб чым не раз канстатавалі прадстаўнікі Азяранскай школы, якія наведваліся да жанчыны ў хату, спецыялісты назіральнай камісіі Азяранскага сельсавета, іншых службаў. Ад усіх гэтых кантралёраў жанчына нават хавацца пачала: павесіць на дзверы замок, а сама ў дом праз акно залезе і сядзіць там у бяздзеянні. Ды і на грамадскай ферме, дзе працавала жанчына, вялікім працоўным пачынам яна таксама не вызначалася, што адзначыла ў характарыстыцы кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Кабету часта пачалі бачыць выпіўшай. На гэтай глебе зноў усчаліся сваркі з сужыцелем. Да рамонту ў хаце рукі так і не дайшлі. Ды што там пра рамонт казаць, калі нават купленыя супрацьпажарныя апавяшчальнікі не здолела прымацаваць, ды навесці ў доме элементарны парадак. А яшчэ сапсаваўся халадзільнік і закончыўся ў балоне газ, таму з харчаваннем сына таксама праблемы не зніклі. Ратавала хлопчыка толькі школа, дзе ён мог пад’есці ўдосталь. Пра нейкае выхаванне ў сям’і ўвогуле ніякай гаворкі не вялося, падлетак быў сам па сабе.
Самае страшнае ў гэтай гісторыі тое, што ўсе ведалі і ведаюць пра беды сям’і, імкнуліся аказаць дапамогу, каб дзіця засталося з маці, але простае, нават злачыннае нежаданне жанчыны мяняць свой уклад жыцця, сталі той непрабіўнай сцяной, аб якую разбіліся ўсе добрыя пачынанні. А можа ўжо позна ўзяліся за перавыхаванне? Раней трэба было выкараняць парасткі атыграмадскіх паводзін, як толькі яны пачалі з’яўляцца на свет?.. Пытанняў сапраўды шмат у такіх сітуацыях, вось толькі адказы знайсці на іх надзвычай нялёгка.
Дарэчы, на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх разглядаўся падобны выпадак. У маці, якая пражывае ў вёсцы Града, таксама сына часова пасялілі ў сацыяльны прытулак. І прычынай таму стала паразмерная любоў жанчыны да алкаголю. У дні, хаця і нячастых запояў, яна таксама забывалася на ўсё: і на працу, і на свайго сына, і на мацярынскі інстынкт. Калі забіралі ў яе сына, ў крыві жанчыны выявілі амаль 2,8 прамілі алкаголю. І вось для такой асобы празвінеў першы і апошні званочак і дадзены шанц выправіцца. Апошні! Казала, што справіцца з праблемай, закадзіруецца. Спадзяецца на кіраўніцтва гаспадаркі, якое абяцала выдзеліць жыллё, каб там пачаць новае жыццё разам з сынам. А вось наколькі паспяхова ўсё складзецца? Пакуль пытанне застаецца адкрытым. Але вельмі хочацца, каб жанчына-маці выйшла з гэтага выпрабавання пераможцай.
Хлопцы ў краму за півам зайшлі…
У падлеткавым асяроддзі зараз гэты пенны напітак надзвычай любяць. Таму выпадкі, калі за распіццё піва ў грамадскіх месцах непаўналетнія трапляюць на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх даволі частыя. Вось і на гэты раз былі разгледжаны такія дзве справы.
Кампанія юнакоў, у якой аказаўся навучэнец Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя К., вырашыла ў адзін з сакавіцкіх вечароў, так бы мовіць, раслабіцца. Для чаго купілі піўка, якое выпілі ў адным з гаражных масіваў, што ў мікрараёне Азёрны. Падагрэўшыся спіртным хлопцы перад тым, як разысціся па дамах, прагуляліся па горадзе. Для непаўналетняга прагулка закончылася затрыманнем і складаннем на яго адміністрацыйнага пратакола. Таму і аказаўся К. на пасяджэнні камісіі. У ліцэі хлопца характарызуюць толькі са станоўчага боку, маці таксама цягі да спіртнога не заўважала. Але паддаўся ўплыву сваіх дарослых сяброў. Праўда, яму яшчэ пашанцавала, што на яго дарозе своечасова з’явіліся супрацоўнікі міліцыі. Што было б, каб К. пайшоў разам з адным са сваіх сяброў. Апошні ўчыніў у той вечар крымінальнае злачынства. Моцна пабіў чалавека. Ці ўстаяў бы падлетак ад спакусы паспрабаваць сябе і ў такой справе? Таму штраф, які накладзены камісіяй на непаўналетняга К. у памеры трох базавых велічынь, адчувальны для сямейнага бюджэту, але ў параўнанні з той адказнасцю, якую панясе яго сябра, — проста дарунак лёсу. За распіццё піва на вуліцы затрымалі і яшчэ аднаго ліцэіста А. Яго таксама пакаралі штрафам, але большым на дзве базавыя велічыні, чым папярэдняга навучэнца ўстановы. Адыграла ў гэтым ролю характарыстыка, якую падлетку далі ў ліцэі. Для А. яна аказалася не такой станоўчай.
Так, непаўналетнім даводзіцца строга адказваць за сваё бязволле, бяздумства, аслаблены кантроль з боку бацькоў. Часта па такой прычыне нават руйнуюцца іх мары на будучае. Ліцэіст Ш. ужо прыцягваўся да адказнасці за кіраванне аўтамабіля без вадзіцельскіх правоў. Пасля першага пакарання ён паставіў тлусты крыж на сваёй будучыні, якую планаваў звязаць з вайсковай службай у якасці афіцэра. І вось падлетак ізноў на пасяджэнні камісіі. Учыніў аналагічнае правапарушэнне: затрымалі Ш. супрацоўнікі ДАІ ноччу за рулём аўтамабіля сябра, які папрасіў першага дапамагчы адагнаць машыну дадому. Цяпер падлетку прыйдзецца выплаціць больш шасці мільёнаў рублёў штрафу. Толькі ці здарыўся б другі раз з хлопцам ганебны ўчынак, калі б яго своечасова спынілі бацькі і строга запыталі, куды гэта ён ідзе ноччу. Дарослых побач не было. Ці сталі б парушальнікамі навучэнцы ліцэя Ч. і С., якім бы маці перад тым, як адправіць сыноў на вуліцу ў цёмны час сутак, нагадалі, што патрэбна надзець флікеры? Адназначна, усё абышлося б. А так на камісіі юнакам вынесены папярэджанні. Зноў жа толькі з-за добрых характарыстык і па прычыне, што парушэнні яны зрабілі ўпершыню.
Сваю віну ліцэісты прызналі. Толькі галоўным пакараннем для іх сталі не салідныя штрафы і папярэджванні, а тое, што адказваць ім разам з бацькамі прыйшлося не толькі ў прысутнасці членаў камісіі, але і сяброў па вучобе, выкладчыкаў, кіраўніцтва ўстановы. Пасяджэнне праходзіла непасрэдна ў прафесійным ліцэі. І такая форма работы раённай камісіі па справах непаўналетніх: даваць адзнаку дрэнным учынкам падлеткаў непасрэдна па месцы іх вучобы і жыхарства будзе толькі ўкараняцца і развівацца. А чаму і не? І негатыўныя прыклады адгнагодкаў могуць стаць добрай навукай для іншых.
НА ЗДЫМКАХ: гуляюць бацькі, пакутуюць дзеці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.