Дзе гойдаюцца азёрныя хвалі

белое3белое4Нарэшце здарыўся працяг нашай рубрыкі. Пасля некаторага перапынку бяром кірунак у самую малую вёску Юркевіцкага Савета – Белае. Назву сваю, як не цяжка здагадацца, яна атрымала ад аднайменнага возера, на беразе якога і знаходзіцца.

Гістарычным радком

Вадасховішча гэта справядліва лічыцца жамчужынай Палесся. Раскінулася яно ў жывапісным сасновым бары з прымессю дубраў ды бяроз на паўтара квадратныя кіламетры. Яго даўжыня перавышае два з паловай кіламетры, а найбольшая глыбіня дасягае дзесяці метраў. Існуе легенда, што калісьці тут стаяў прыгожы старажытны горад, які праваліўся пад зямлю. На гэтым месцы ўтварылася возера, і настолькі празрыстай (белай) была ў ім вада, што праз яе на дне было відаць паселішча. У доказ гэтай гісторыі людзі часта знаходзілі побач рэшткі посуду, дробныя манеты, іншыя рэчы, якія прыносіла вада. Працягласць берагавой лініі возера складае шэсць кіламетраў. Белае – сапраўдны рай для рыбакоў ды турыстаў, што ў сезон едуць сюды з усіх канцоў Беларусі і нават замежжа. А вось пастаянна жывуць тут, як паведамілі ў сельсавеце, толькі  дзве сям’і колькасцю сем чалавек з аднолькавым на ўсіх прозвішчам Прылуцкія, хаця ўсяго зарэгістравана 13 грамадзян. Летам у бацькоўскія хаты прыязджаюць гарадскія нашчадкі. Адзін участак пад забудову набыў салігарчанін.

Згодна з пісьмовымі крыніцамі, Белае – паселішча Жыткавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні – вядома з ХІХ стагоддзя. Па перапісу 1897 года гэта быў хутар Белае Возера, дзе налічвалася 63 душы. Яго дарослыя насельнікі праз 30 гадоў аб’ядналіся ў калгас. Як сведчаць гістарычныя дадзеныя, самым дэмаграфічна спрыяльным для населенага пункта быў даваенны перыяд: напярэдадні Вялікай Айчыннай вёска мела 32 двары са 184 жыхарамі. Падчас карніцкай аперацыі 1 лютага 1943 года фашысты спалілі Белае поўнасцю, некалькі чалавек забілі, астатнія выратаваліся ад расправы, хаваючыся ў лесе. З 1959 года паселішча ўваходзіць у склад рыбгаса, тады тут пражывала 49 месцічаў. З той пары яно паступова пачало змяншацца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.