Выратаваць прыроду – выратаваць сябе

выратаваць прыроду2Беларусь – вельмі прыгожая краіна. Край азёрны, край лясны. Так называюць Беларусь сёння, так называлі яе здаўна.

У наш час вельмі востра стаіць праблема суіснавання чалавека і прыроды. Так, менавіта суіснавання, бо калі напачатку свайго развіцця чалавек быў неад’емнай часткай прыроды, то зараз ён пачынае настолькі хутка змяняцца, што спрабуе адмежаваць яе ад сябе і нават выкарыстаць дзеля сваіх усё ўзрастаючых патрэб, не зважаючы на магчымыя катастрафічныя наступствы. Каб гэтага не адбылося, кожнаму патрэбна ўсвядоміць, што такое прырода, і як з ёю абыходзіцца.

Чалавеку абмежавацца ад прыроды немагчыма. Таму з ранняга дзяцінства ў кожнага з нас павінна выпрацоўвацца экалагічная культура.

На мой погляд, экалагічная культура – паняцце вельмі шырокае, таму для яго разумення трэба найперш вызначыць, што ж значыць слова “экалогія”. Калі сцісла, то па-першае – навука, па-другое – лад жыцця,  мыслення, стан душы, а па-трэцяе – метад пазнання сябе і свету.

Экалогія душы – абстрактнае паняцце, і таму ў адрозненні ад хімічных ці фізічных азначэнняў не мае якасных і колькасных характарыстык. Таму экалогія душы чалавека вымяраецца асабіста кожным. У больш простым разуменні экалогія душы – гэта жыццё ў згодзе з прыродай, выкананне законаў прыроды. Самае ж галоўнае для чалавека – гэта жыццё ў згодзе з самім сабой. Прырода пакуль што “церпіць” усе ўздзеянні чалавека. Але трэба памятаць, што зямля – гэта самая буйная адкрытая экалагічная сістэма. І зараз гэту сістэму пачынае “ліхаманіць”. У адной толькі Беларусі колькі праблем: забруджванне ад прамысловых прадпрыемстваў, праблемы пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і іншыя.

Вядома, Беларусь не самая «брудная» краіна ў свеце, нават пасля Чарнобыльскай аварыі. Дзякуй Богу, у нас яшчэ захаваліся дзівосныя куткі прыроды, здольныя ўразіць любога турыста. Ля нашай Случы, і не толькі ля ракі, ёсць цудоўныя зоны адпачынку. Улетку мы не раз праводзілі час у “Крыніцах”, на “Птушыным беразе”. Я думаю, што апісваць прыгажосць гэтых мясцін няма патрэбы. Назвы гавораць самі за сябе. Рабочыя лясніцтва папрацавалі над тым, каб гэта была сапраўдная зона адпачынку. У маляўнічых мясцінах прыроды з’явіліся крытыя альтанкі. З прыроднага матэрыялу выпілаваны крэслы і імправізаваныя сталы. Не засталіся ў баку і вучні нашай школы. Увесну па прапанове Жыткавіцкага лясгаса нашы  хлапчукі зрабілі  на ўроках працоўнага навучання 90 шпаковень. Матэрыялам забяспечыў таксама лясгас. Развешвалі шпакоўні школьнікі разам з работнікамі Мілевіцкага лясніцтва. Безумоўна, і ў зонах адпачынку, каб адпачываючым было на душы яшчэ прыемней. На жаль, часта даводзіцца назіраць, як некаторыя робяць прыродзе балюча: зламаныя маладыя дрэўцы, папсаваная кара, бруд, які застаўся пасля іх.

Калі так будзе працягвацца ва  ўсім свеце і далей, то, магчыма, што наша Зямля пазбавіцца чалавека. Добра, што многія гэта разумеюць, таму зараз такі актыўны “зялёны рух”. І кожны з нас павінен нешта рабіць, каб ратаваць прыроду, тым самым – сябе.

Магчыма, хараство і прыгажосць прыроды (асабліва восеньскай) навядзе многіх на думку, што ўсё навакольнае можна зрабіць яшчэ лепшым.

Можна навесці чалавецтва на шлях, які прымусіць некаторых задумацца, ці ўсё яны зрабілі дзеля гэтага, што могуць зрабіць, каб кожная мясціна, дзе мы жывём, была яшчэ прыгажэйшай, каб усё тое, што мы бачым кожны дзень вакол сябе, цешыла і радавала вока нашага чалавека. Каб усе памяталі, што блізкія і знаёмыя з маленства мясціны, дзе мы выраслі і жывём, ёсць часцінка таго вялікага і святога, што мы называем дарагім словам “Радзіма.”

М. Катовіч,

вучаніца 11 класа

Мілевіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.