Былую аперацыйную медсястру Людмілу Бандзюк калегі павіншавалі з юбілеем

Былую аперацыйную медсястру Людмілу Бандзюк  перадапошнім кастрычніцкім днём калегі павіншавалі з юбілеем у ліку першых. Візіт прадстаўнікоў адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта цэнтральнай раённай бальніцы стаў для вэтэрана працы прыемным сюрпрызам.

Ураджэнка Жыткавічаў звыш паловы жыцця аддала медыцыне. За больш чым сорак гадоў стажу яна спрычынілася да тысяч выратаваных жыццяў. Жаданне насіць белы халат з’явілася пад уплывам маці, якая працавала медыцынскай сястрой у інфекцыйным аддзяленні ЦРБ. Прафесійная біяграфія Людмілы Міхайлаўны пісалася ў родным горадзе, за выключэннем 16-гадовага перапынку. Лёс тады закінуў яе разам з мужам-вайскоўцам аж на Байканур. У ваенным шпіталі жыткаўчанка набіралася перадавога па тым часе вопыту. Яе вялікае майстэрства і чалавечую тактоўнасць да гэтай пары паплечнікі ўспамінаюць добрым словам.

– Я заўжды быў спакойны, калі дзяжурыла Міхайлаўна, – прызнаецца хірург Мікалай Бабенка, цяперашні прафсаюзны лідар ЦРБ. — Яна ўмела неназойліва падказаць і дапамагчы. Тэхнікай вядзення любой аперацыі валодала не горш за ўрача. У працягнутую руку патрэбны інструмент падаваўся без слоў.

Сваё існаванне віноўніца ўрачыстасці падпарадкоўвае хрысціянскім законам, з’яўляючыся актыўнай прыхажанкаю храма. Радуецца за ўжо дарослых дачок з іх дзецьмі і нараджэнню праўнучкі. Незважаючы на ўзрост, яна вядзе актыўны лад жыцця. Яшчэ не так даўно жанчыну можна было сустрэць на стадыёне ці ў басейне, а цяпер – на абавязковых прагулках. Калегі кажуць, што ніколі не бачылі юбілярку ў дрэнным настроі. Якія б турботы ні былі на сэрцы, сярод людзей – толькі на пазітыве і з усмешкай.

– Старалася быць патрэбнай людзям, — не хавала ўдзячнасці за ўвагу прыветлівая імянінніца. – Можа таму Бог і адмераў мне столькі. Трэба ўсё ў жыцці прымаць пакорліва, радуючыся кожнаму дарованаму дню.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.