Прымнажаць уласныя здабыткі

Па-святочнаму прайшоў справаздачны сход у акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”. І падставай для такой атмасферы на мерапрыемстве сталі мінулагоднія вынікі, якіх дабіўся калектыў.

Асноўныя паказчыкі леташняй дзейнасці агучыла дырэктар сельгаспрадпрыемства Раіса Страх. У сваім выступленні Раіса Васільеўна спынілася на здабытках кожнай вытворчай галіны і найбольш значных структурных падраздзяленняў гаспадаркі. У цэлым забяспечаны тэмп роста па валавай прадукцыі на 109,2 працэнта да ўзроўню папярэдняга года, дзякуючы гэтаму вырасла на 10,3 працэнта агульная выручка. Атрымаў калектыў ад леташняй працы і салідны прыбытак, што спрыяла павышэнню заробкаў работнікаў. Яны пацяжэлі больш як на семдзясят рублёў.

Парадавала мясцовых працаўнікоў раслінаводчая галіна, аддача мясцовых палеткаў вырасла на 10,5 працэнта. Напрыклад, збажыны з кожнага гектара намалацілі па  44,1 цэнтнера (другі паказчык у раёне), а агульны збор зерня склаў 14,8 тысячы тон. Гэта амаль трэць агульнарэгіянальнага каравая. Амаль шэсць тысяч тон сабралі ў гаспадарцы і агародніны. Апошняе дасягненне дазволіла  кіраўніцтву загрузіць сваю перапрацоўку. З канвеера філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” летась сышло 7580 тысяч умоўных слоікаў прадукцыі. На адну ўмоўную галаву назапашана па 24 цэнтнеры кармавых адзінак травяністага фуражу.

На жаль, не ўсё, як планавалі, атрымалася ў жывёлагадоўлі, хаця і забяспечылі тут прырост на 7,9 працэнта. Вытворчасць малака склала 18421,3 тоны, але ў параўнанні з 2018 годам гэтай прадукцыі не дабралі 0,4 працэнта. Па надою ад каровы сельгаспрадпрыемства мае другі паказчык у раёне. Летась ад адной рагулі тут атрымалі па 5584 кілаграмы малака. Падцягнулі работнікі мясцовых ферм і сярэднесутачныя прывагі на вырошчванні жывёлы, якія паважэлі на 106 грамаў. Намнога лепей у таварыстве спрацавалі і з ацёламі, а таксама нарошчваннем на грамадскіх фермах пагалоўя. У цэлым, летась закладзены трывалы падмурак для далейшага развіцця малочнай і мясной вытворчасці.

Адзначаючы станоўчыя зрухі ў вытворчасці, якіх у мінулым годзе дасягнуў калектыў ААТ “Тураўшчына”, старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Кулеш адназначна падкрэсліў, што сельгаспрадпрыемства з’яўляецца флагманам у аграрнай сферы рэгіёна. І красамоўнае пацверджанне таго – доля акцыянернага таварыства ў агульнараённым аб’ёме выручкі па выніках прайшоўшага года склала 52 працэнты.

– Несумненна, гэта вялікі ўклад у развіццё рэгіёна, – пахваліў мясцовых працаўнікоў Уладзімір Мікітавіч, – але ёсць усе падставы, што гэтае дасягненне можа быць значна вышэйшым. Менавіта ваша гаспадарка мае найбольш урадлівыя землі,  сучасныя комплексы, а самае галоўнае – працалюбівых спецыялістаў і рабочых, якія здольныя паказваць узор майстэрства і прафесіяналізму.

Самым увішным рупліўцам прадпрыемства Уладзімір Кулеш уручыў узнагароды ад раённнага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў, а таксама райкама прафсаюза работнікаў АПК.  У ліку тых, хто атрымаў граматы і падзячныя лісты, дырэктар акцыянернага таварыства Раіса Страх, брыгадзір малочна-таварнай фермы “Верасніца” Надзея Вашкова, ветэрынар Мікалай Паўловіч, трактарысты –машыністы сельгасвытворчасці  Віктар Вянгура, Іван Тачыла і Фёдар Мажака. Дарэчы, яшчэ два з паловай дзясяткі працаўнікоў гаспадаркі адзначылі падзячнымі лістамі ад яе кіраўніцтва.

Святочнасць і ўрачыстасць на працягу ўсяго сходу  падтрымлівалі самадзейныя артысты Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры, у прыватнасці, народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, а таксама верасніцкая спявачка Лідзія Пятрычыц, якія шчодра адорвалі працаўнікоў палёў і ферм музычнымі кампазіцыямі і гумарыстычнымі нумарамі.

Мяркуючы па тым, чаго ўдалося дабіцца летась калектыву акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, год ім быў пражыты недарэмна. Таму і разыходзіліся з мерапрыемства ўсе з надзеяй, што і ў бягучым 2020  уласныя паказчыкі  ўдасцца значна прымножыць.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.