Аляксандр Ахрамовіч адзначыў 75-годдзе з дня нараджэння

Толькі сонца стала садзіцца на начлег, у мікрараёне Паўночны райцэнтра загучалі песні. У той вечар народны ансамбль “Жытніца” выконваў музычныя нумары для аднаго чалавека — Аляксандра Ахрамовіча, які адзначыў 75-годдзе з дня нараджэння.

Ідэя парадаваць бацьку такім незвычайным падарункам прыйшла яго дзецям і жонцы, якія з дапамогай самадзейных артыстаў і ператварылі яе ў жыццё. Радня, суседзі, знаёмыя юбіляра, што сабраліся на мерапрыемства, дружнымі апладысментамі прывіталі Аляксандра Аляксандравіча, які выйшаў з пад’езда шматпавярхоўкі. Такая ўвага нават для яго, чалавека кампанейскага і дружалюбнага, выклікала здзіўленне і разгубленасць,  што хутка змяніліся радасцю. Акінуўшы ўдзячным позіркам людзей, імяніннік з першымі акордамі велічальнай песні далучыўся да ўсеагульнага вяселля.  Пад гукі мелодыі Аляксандр Аляксандравіч станцаваў з жонкай Марыяй Іванаўнай, а пасля ўліўся ў рады артыстаў і праспяваў з імі народную песню. І варта прызнацца, Ахрамовіч мае ў выканальніцкай справе нядрэнныя здольнасці  і добры голас. Таму сумесны нумар атрымаўся і выклікаў хвалю станоўчых эмоцый у прысутных. Узнёслымі вершаванымі радкамі вітала юбіляра кіраўнік мастацкага калектыву Таццяна Яўлаш. У сваіх уступах да чарговых музычных кампазіцый яна надзвычай цёпла распавяла пра Аляксандра Аляксандравіча, падкрэсліваючы яго найлепшыя чалавечыя якасці. Іх жа вельмі шмат. Найперш, Ахрамовіча ў раёне ведаюць як асобу аўтарытэтную, вылучаючы яго працавітасць. Яму давялося займаць нямала адказных пасад і ў органах улады, і ў галіне адукацыі, і ў сельскай гаспадарцы — і паўсюдна ён з пашанай ставіўся да тых, хто шчыраваў з ім побач, цаніў іх дзелавітасць, падтрымліваў ініцыятывы, пранікаўся праблемамі. Хаця за нядбайнасць, вобразна кажучы, спуску не даваў. Не адно дзесяцігоддзе ўласнага жыцця Аляксандр Аляксандравіч прысвяціў таму, каб яго малая радзіма працвітала, каб тут камфортна і багата жылося людзям. Гэта ў яго з дзяцінства, бо добра памятае тую пасляваенную няшчымніцу і разруху, якія перамагаліся тутэйшымі стваральнай і, часам, непасільнай працай. Таму заўсёды перажываў, калі не меў магчымасці дапамагчы чалавеку, калегам.

Сорак шэсць гадоў Ахрамовіч пражыў у пары з Марыяй Іванаўнай. Яны выгадавалі і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё кожнаму свайму дзіцяці, цяпер старанна дапамагаюць стаць на  крыло ўнукам.

Вось ужо некаторы час Аляксандр Ахрамовіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але ён поўны сіл і энергіі, імкнецца прыносіць карысць роднаму краю грамадскай работай. З яго ініцыятывы і пад непасрэдным кіраўніцтвам  актыўна працуе клуб ветэранаў-кіраўнікоў. Не прамінае юбіляр паўдзельнічаць і ў іншых грамадскіх мерапрыемствах, за што мае належную павагу.

…Над шматпавярхоўкамі мікрараёна не сціхалі гукі вядомых песняў. І такая шчодрасць артыстаў “Жытніцы” зразумелая, бо ім выпала нагода ўшанаваць чалавека, які ўласнымі справай, адукацыяй, прафесіяналізмам унёс у агульнараённую скарбонку немалы ўклад. Таму няхай збудуцца пажаданні артыстаў, іншых удзельнікаў мерапрыемства ў адрас юбіляру. Каб здароўя хапала і жылося доўга і багата.

Сяргей БелкА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.