Добраўпарадкаванне – стыль жыцця

Кампенсацыйная выплата, якую ў памеры больш за пятнаццаць тысяч рублёў Марохараўскаму сельвыканкаму ажыццявіла акцыянернае таварыства «Жыткавіцкі ТБЗ», дазволіла мясцовай уладзе значна азяляніць паселішчы на адміністрацыйнай тэрыторыі.

За згаданыя грошы кіраўніцтва сельсавета закупіла 950 саджанцаў дэкаратыўных дрэўцаў, сотню – пладовых, 290 – кустарнікаў,  паўтысячы адзінак пасадачнага матэрыялу кветкавых культур. Распарадзіліся гэтым набыткам па-гаспадарску. Значная колькасць чаранкоў высаджана ў грамадскіх месцах аграгарадкоў Бялёў і Дуброва, вёсцы Марохарава. У першую чаргу ўпрыгожылі тэрыторыі ля помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. Дарэчы, за апошнія гады абеліскі ў Бялёве і Марохарава значна абнавілі і добраўпарадкавалі.  Маладыя расліны закрасавалі і на пустках, а таксама ў скверы насупраць будынка сельвыканкама і іншых тэрыторыях. Напрыклад, дзякуючы праведзенай рабоце па азеляненні, дзе раней у Бялёве знаходзілася царква, цяпер з’явіўся пладовы сад.

– Самае галоўнае, што вялікую дапамогу работнікам сельвыканкама аказалі людзі, – расказвае старшыня Савета Генадзь Лесько. – Тэхніку выдзяляла ААТ «Прыазёрскае-Агра», пасадкамі займаліся і дарослыя, і дзеці. Прычым не толькі выхаванцы тутэйшых навучальных устаноў, але і тыя, што летам прыязджалі на адпачынак да бабуль і дзядуль з іншых гарадоў. Вясной правядзем рэвізію, каб устанавіць, як прыжыліся нашыя пасадкі. Усе парасткі, што загінулі, адновім, грошы на гэта яшчэ засталіся.

Генадзь Пятровіч не хавае задаволенасці тым, як складваюцца справы з добраўпарад-каваннем. Гэты працэс не стаіць на месцы, з кожным годам удасканальваецца не толькі ў вёсках і аграгарадках. У прыватнасці, дзякуючы жыхарам і спонсарам удалося абсталяваць дзве  бятонныя пляцоўкі для збору смецця  на могілках у Бялёве і Замошшы. У месцах пахаванняў выразаюцца аварыйныя дрэвы, абнаўляюцца агароджы.

У бліжэйшы час запланавана набыць і ўстанавіць дзве адзінкі абсталявання для дзіцячых гульняў у скверы, што ў вёсцы Марохарава. З’явяцца тут і лаўкі для адпачынку.

– Неабходнасць у такой пляцоўцы вялікая, – расказвае Генадзь Лесько. – Калі ў Бялёве і Дуброве хлопчыкі і дзяўчынкі могуць бавіць час у школах, дзе ёсць  стадыёны, спартыўныя трэнажоры, інвентар для гульняў, то ў Марохараве такой магчымасці не маецца, але малых хапае і яны таксама хочуць весела праводзіць час.

Несумненна, што і гэтая заклапочанасць кіраўніцтва сельвыканкама дасць добры плён, а чарговы захад ў працы па добраўпарадкаванні зробіць жыццё тутэйшага насельніцтва камфортным.

Сяргей БЕЛКА

Фота з архіву сельвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.