Працаваць на дабрабыт людзей

Гомельшчыну ўзначаліў новы губернатар Іван Крупко. Яго прадстаўленне кіруючаму актыву рэгіёна стала знакавай падзеяй у грамадскім жыцці вобласці. Сваімі ўражаннямі і поглядамі аб гэтых мерапрыемствах карэспандэнт «НП» папрасіў падзяліцца старшыню раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Куляша:

– Найперш хачу адзначыць тое адзінадушша, якое праявілі дэпутаты абласнога Савета пры зацвярдэнні новага кіраўніка вобласці Івана Крупко.  Адразу было бачна, што гэты чалавек валодае неабходнымі ведамі і навыкамі для пасады такога маштабу. Да гэтага ўзначальваў  Міністэрства сельскай гаспадаркі, неаднаразова наведваў наш край і добра знаёмы з яго праблемамі і поспехамі. Таму і накірунак дзейнасці  далейшага развіцця абраны адназначны – павышэнне дабрабыту насельніцтва і ўмацаванне эканамічнай састаўной рэгіёна. Менавіта на гэтым у сваёй прамове акцэнтаваў увагу і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад кіруючым актывам Гомельшчыны. Сельгасвытворчасць і стварэнне новых прадпрыемстваў, забеспячэнне іх маладымі высокакваліфікаванымі кадрамі, будаўніцтва жылля, развіццё малых гарадоў і далейшая рэабілітацыя раёнаў, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС – гэта няпоўны пералік пытанняў, якія давядзецца вырашаць нам дзеля працвітання вобласці.

Як заўсёды Аляксандр Рыгоравіч выказваўся шчыра, не абмінаючы вострых вуглоў, па многіх унутрыдзяржаўных і сусветных праблемах. Прэзідэнт падкрэсліў, што на краіну зараз аказваецца вялікі ціск з боку Еўрасаюза і ЗША. Нядружалюбныя адносіны  гэтых дзяржаў перараслі ў сапраўдную гібрыдную вайну, у якой суседзі прымяняюць эканамічныя, палітычныя і інфармацыйныя сродкі. Тых жа, хто мае іншую пазіцыю ў дачыненні Беларусі, проста вымушаюць не супрацоўнічаць з намі. Хаця, калі глядзець, як абыходзяцца бесчалавечна польскія вайскоўцы на мяжы з бежанцамі, аб чым расказаў польскі салдат, што папрасіў у нас палітычнага паратунку, гэта проста жудасна. І ніхто з сусветных арганізацый, акрамя Беларусі, не прымае захадаў, каб абараніць абяздоленых людзей і асудзіць насілле ў дачыненні іх.

Зразумелая пазіцыя Прэзідэнта і па будучаму рэферэндуму, дзе беларускі народ выкажа свае адносіны да зменаў у Канстытуцыю. Кожны з прапанаваных пунктаў дакладна вывераны спецыялістамі рабочай групы і хутка Асноўны Закон будзе вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне. Канечне, дэструктыўныя сілы ўнутры будуць супрацьстаяць важнаму палітычнаму мерапрыемству, але думаецца, што народ праявіць разважлівасць і мудрасць, каб не дапусціць патрасенняў. Абстаноўка ў свеце паказвае, што мы павінны быць моцнымі і з’яднанымі. Толькі такім чынам удасца пераадолець усе складанасці і паспяхова развівацца.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.