Веснавы дзень год корміць

З кожным днём сакавіцкае сонца ўсё шчадрэй абагравае зямлю. Гэтую акалічнасць улічваюць працаўнікі ААТ “Тураўшчына”, якія  актыўна выводзяць тэхніку на палеткі.

— Сёння наша першачарговая задача ў аптымальныя тэрміны правесці сяўбу яравых культур, — дзеліцца планамі дырэктар акцыянернага таварыства Раіса Страх. — Яны пастаўлены перад механізатарамі даволі канкрэтныя: пасеяць 300 гектараў аўса, столькі ж гароху, паўтары сотні салодкай кукурузы, больш як тысячу траў і тры тысячы гектараў кукурузы на корм жывёле.

Акрамя гэтага тураўскім хлебаробам неабходна правесці догляд за пасевамі азіміны, якія размешчаны на дзвюх з паловай тысячах гектарах. Па словах кіраўніка, плошчы пад гэтымі культурамі павялічаны на дзвесце гектараў.

— Практыка паказвае, што азімая пшаніца радуе большай ураджайнасцю чым ярына, — тлумачыць Раіса Васільеўна. — Летась, напрыклад, кожны яе гектар аддзячыў нас больш як паўсотняй цэнтнераў. Таму і прымаем захады, каб атрымаць важэйшы збор хлеба і не толькі выканаць дзяржзаказ, але і забяспечыць фуражом грамадскі статак.

Зараз вядуцца падкормкі пасеваў мінеральнымі тукамі. Імі сельгаспрадпрыемства забяспечана даволі нядрэнна. Сказалася адчувальная падтрымка ў гэтым плане бюджэтам.  Дапамогу фінансамі атрымалі і рамонтнікі, таму ў зімовы перыяд належна адрамантавалі тэхніку.

— Удалося паставіць на лінейку гатоўнасці машыны і агрэгаты не толькі айчыннай вытворчасці, але і замежнай, — расказвае кіраўнік. — Своечасова набылі патрэбныя запчасткі. Больш таго, аднавілі і трактарны парк — купілі два энерганасычаныя  “Беларусы”, а таксама кормаздабываючы комплекс “Ягуар”. Адзінае ў чым маем патрэбу — механізатарскія кадры. Гатовы хоць сёння працаўладкаваць з дзясятак гэтых работнікаў і кожнага забяспечыць добраўпарадкаваным жыллём.

Шырыцца ў акцыянерным таварыстве фронт палявых работ. У глебу ўносіцца арганіка, на палетках вядуцца ворыва, закрыццё вільгаці, перадпасяўная апрацоўка зямлі. У поўным аб’ёме гаспадарка забяспечана якасным насенным матэрыялам. Засеяна першая сотня гектараў аўсом. Хутка адкрыюць сезон і мясцовыя перапрацоўшчыкі. На кансервавым камбінаце распачнецца выпуск бярозавіку. Гэтага каштоўнага прадукту плануецца выдаць шэсць тысяч трохлітровых слоікаў. Спецыялісты цэха поўным ходам рыхтуюць для адпраўкі спажыўцам партыі сваіх традыцыйных вырабаў.

— Нашы кансервы карыстаюцца ўстойлівым попытам як унутры краіны, так і ў суседняй Расіі. Не маем праблем са збытам і іншай прадукцыі. У прыватнасці, садавіны, агародніны і бульбы, — адзначае Раіса Страх. — Таму нацэлены сёлета вырасціць і выпусціць яшчэ іх большую колькасць.

У народзе кажуць: веснавы дзень год коміць. Працаўнікі акцыянернага таварыства “Тураўшчына” строга трымаюцца гэтай мудрасці, таму і справы ў іх ладзяцца.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.