Уладзімір Саўчыц у камандзе аматараў спорту

Уладзімір Саўчыц памятае пра кожны падарунак, які ўручалі яму ў дзяцінстве на дзень нараджэння. Самымі важнымі і знакавымі з іх былі лыжы, канькі і шахматы. У пэўнай ступені гэтыя тры рэчы  адыгралі вызначальную ролю ў лёсе Уладзіміра Іванавіча, які ўсё жыццё прысвяціў спорту. І нават у свае 65 не парывае з ім. Спартыўная грамадскасць раёна ў юбілейны дзень хораша і шчыра павіншавалі ветэрана са знакавай  датай.

На мерапрыемстве прагучала шмат шчырых і цёплых слоў ад людзей, што сябравалі з Уладзімірам Іванавічам, калег па рабоце. Кожны з выступаўшых успомніў нямала добрых спраў, якія імяніннік зрабіў дзеля здаровага ладу жыцця ў рэгіёне. Намеснікі старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі і Дзмітрый Лабко адзначылі дзелавыя якасці і арганізатарскія здольнасці Саўчыца. Яго ўменне згуртаваць людзей, а Уладзімір Іванавіч доўгі час узначальваў аддзел спорту і фізічнай культуры райвыканкама, прыносіла нядрэнны плён. На вечарыне згадалі пра ўклад чалавека ў развіццё як дарослага, так і дзіцячага спорту ў рэгіёне. Турніры і спартакіяды, турыстычныя злёты – усё гэта праходзіла непасрэдна пад яго крылом і па яго ініцыятыве. Але самае галоўнае, што Уладзімір Іванавіч заўсёды сам з’яўляўся ўдзельнікам спаборніцтваў. Жыткавіцкую футбольную каманду «Ніва» ў вобласці і рэспубліцы ведалі як грознага і несаступчывага саперніка. На поле з капітанскай павязкай заўсёды выходзіў Уладзімір Саўчыц, які  не толькі гульнёй, але і аўтарытэтам натхняў сваіх футбалістаў на перамогі.

Ён і зараз у страі. Дапамагае асвойваць азы валодання скураным мячом не толькі малым, але ўжо і людзям даволі сталым. Пасля працы, па вечарах, яны з задавальненнем ганяюць мяч, і Уладзімір Саўчыц разам з імі. Як заўважыў Дзмітрый Лабко, незважаючы на ўзрост, Саўчыц заўсёды змагаецца да канца, нягледзячы  на працягласць гульні. Зялёны газон або спартзал ён пакідае апошнім.

Шахматы яшчэ адно з захапленняў юбіляра. Таму яны абавязковы від у штогадовай спартакіядзе калектываў фізічнай культуры. Узгадваецца выпадак, як Уладзіміру Іванавічу ўдалося пасля значнай колькасці няўдалых спроб абыграць аднаго з лепшых шахматыстаў рэгіёна Уладзіміра Тарасевіча. Падрабязны агляд гэтай цікавай партыі надрукавала раёнка. Дарэчы, варта сказаць, што Уладзімір Іванавіч пра спартыўнае жыццё рэгіёна заўсёды імкнуўся даносіць да шырокай грамадскасці праз газету «Новае Палессе». У сваіх артыкулах ён расказваў не толькі пра змаганні, але і найбольш здольных аматарах здаровага ладу жыцця. На жаль, некаторыя з іх пайшлі з жыцця, але Уладзімір Іванавіч імкнецца ўвекавечыць іх імёны ў турнірах. Па словах старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Адама Купрацэвіча, дзякуючы Саўчыцу  жыве ў народзе памяць і аб воінах-інтэрнацыяналістах, і іншых выбітных земляках, у гонар якіх пастаянна праводзяцца спаборніцтвы па розных відах спорту. Шмат зроблена пры ім і па ўмацаванні матэрыяльнай базы. Чаго вартая рэканструкцыя стадыёна. Разам з тым падкрэслівалі ўсе, наколькі ён прынцыповы і настойлівы пры дасягненні пастаўленай мэты. Як успомніў Адам Прохаравіч, у перыяд яго кіраўніцтва галіной культуры, Уладзімір Іванавіч катэгарычна забараніў праводзіць на футбольным газоне святочнае мерапрыемства.  Прычына адна – на арэне не ўкаранілася ў поўную сілу трава і яе маглі пашкодзіць, што б пасля негатыўна адбілася на якасці пакрыцця гульнявога поля.

Удзячнасць і віншаванні прагучалі ў адрас юбіляра і ад дырэктара прафсаюзнай ДЮСШ «Матор» Леаніда Макарэвіча, таксама выдатнай асобы на спартыўнай ніве раёна. З вялікім задавальненнем Уладзімір Саўчыц выслухаў пажаданні  ад цяперашняга кіраўніцтва сектарам па спорту і турызму Аляксея Краўчэні і  адміністрацыі Жыткавіцкай ДЮСШ Валянціны Прыкоты. Сённяшняе пакаленне гатовае не толькі працягваць слаўныя традыцыі, але і пашыраць іх. Дзейнасць Уладзіміра Саўчыца стане для такой работы найлепшым прыкладам.

Любоў да здаровага ладу існавання  ва Уладзіміра Іванавіча з самага дзяцінства. Рос ён у шматдзетнай сям’і. Як старэйшы сын павінен быў і меншых даглядаць, і бацькоўскія даручэнні па дому выконваць. Але гэта не адбівала ахвоты паганяць з равеснікамі мяч, пакатацца на каньках і лыжах,  пагуляць у хакей. І любоў з гадамі толькі ўмацоўвалася. Нездарма кажуць, што наканавана лёсам, таго не перайначыш. Гэта пра Саўчыца. Хаця і скончыў інстытут механізацыі, нават працаваў па інжынернай спецыяльнасці з дзясятак гадоў, але ж  дзіцячае захапленне перамагло і практычна ўсё жыццё прысвечана спорту. Ён нават адмысловую формулу вывеў, таму заўсёды знаходзіцца ў добрай форме. Аб чым усе даведаліся з фотавыставы, што прымеркавалі арганізатары да юбілею. Прагучалі ў адрас юбіляра песенныя і музычныя нумары ад народнага ансамбля «Жытніца».

Уладзімір Саўчыц крочыць па жыццёвай дарозе з вялікай камандай аднадумцаў. І яго вельмі радуе, што яе састаў пастаянна папаўняецца новымі гульцамі.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.