У Жыткавіцкім гарадскім Цэнтры культуры адкрылася выстава “Генацыд беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны”

З нагоды 80-годдзя Хатынскай трагедыі ў гарадскім Цэнтры культуры адкрылася выстава “Генацыд беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны”. Адкрываючы мерапрыемства, памочнік пракурора Жыткавіцкага раёна Марыя Шынвары зазначыла, што спаленая гітлераўцамі ў сакавіку 1943 года невялікая беларуская вёска разам з жыхарамі, з якіх палова дзеці, ва ўсім свеце даўно стала сімвалам пакут і бесчалавечнасці фашызму.

— Зараз пракуратура рэспублікі праводзіць следства аб генацыдзе беларускага народа, — расказала Марыя Шынвары, звяртаючыся да першых наведвальнікаў экспазіцыі — навучэнцаў гімназіі. – У нашым рэгіёне таксама ёсць паселішчы, якія раздзялілі лёс Хатыні, і сённяшнія пакаленні павінны аб гэтым памятаць заўсёды.

Пра страшныя падзеі ваеннай калацечы, жорсткасць ворагаў і іх памагатых, гора і слёзы мірных ахвяр юнакам і дзяўчатам падрабязна расказала настаўнік гісторыі гімназіі Вольга Мазуркевіч. Ля кожнага стэнда, дзе спыняліся ўдзельнікі экскурсіі, немагчыма было стаяць без эмоцый. Зверствы фашысцкіх катаў на Жыткаўшчыне ўражвалі сваёй жудасцю. Гэта і здзекі над палоннымі ў канцлагеры, які размяшчаўся на вуліцы Першамайскай райцэнтра,  енк і плач зажыва гарэўшых у агні жыхароў Поўчына, Надубава, Дзякавічаў, Беразнякоў, Вятчына, Іёвічаў і іншых паселішчаў нашага краю.

Шырока на выставе былі прадстаўлены і музейныя чамаданы, якія сабралі выхаванцы навучальных устаноў. У іх — лісты і ўзнагароды, салдацкія рэчы. Гожа дапаўнялі тэму экспазіцыі і літаратурныя творы, у якіх распавядаецца пра злачынствы фашыстаў над мірнымі жыхарамі, а таксама малюнкі цяперашніх дзяцей, што пры дапамозе фарбаў і алоўкаў паказалі пра гора беларусаў. Немалаважным дапаўненнем да мастацкіх твораў мясцовых аўтараў сталі і копіі карцін знакамітага беларускага мастака Міхаіла Савіцкага, які быў вязьнем канцлагера Дахаў, а пасля вайны стварыў аб гэтым жудасным перыядзе серыю твораў “Лічбы на сэрцы”. Немалую цікавасць праявілі рабяты і да экспазіцый, якую падрыхтавалі супрацоўнікі пракуратуры. На іх прадстаўлены шматлікія дакументы аб зверствах гітлераўцаў не толькі на нашай зямлі, але і ў канцлагерах, куды масава вывозілі ў рабства беларусаў.

Выстава ў ГЦК – гэта яшчэ адзін напамін усім нам, што мір дастаўся вялікаю цаною і яго патрэбна берагчы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.