Анжаліке Дзербянёвай грамадская работа не ў цяжар

Даверанай асобай старшыні Рычоўскага сельвыканкама Анжаліка Дзербянёва стала чатыры гады назад. Грамадская работа ніколькі ёй не ў цяжар. Наадварот, дазваляе ўмацаваць ўласны аўтарытэт у вачах вяскоўцаў.

Анжаліка Міхайлаўна — дырэктар мясцовай школы-садзіка. Безумоўна, што пасада абавязвае быць у курсе спраў падлеткаў не толькі хільчыцкіх, але і з навакольных вёсак. Ды і з іх бацькамі пастаянна трымаць кантакт удаецца. Яна добра запомніла наказ маці, Нэлі Мікалаеўны, таксама настаўніцы, што патрэбна заўсёды быць з людзьмі, дапамагаць ім. І Анжаліка Міхайлаўна кіруецца ім як і ў паўсядзённых дырэктарскіх клопатах, так і на грамадскай пасадзе.

— Канечне, прапанова стаць даверанай асобай была нечаканай. Але пагадзілася без ваганняў. Адно шкада, старэе вёска, — з сумам заўважае жанчына. — На цяперашні час у Хільчыцах пражывае 70 пенсіянераў. Безумоўна, і турботы ў іх адпаведныя. Напрыклад, стан дарог, расчыстка вуліц ад снегу зімой. Ні адзін такі зварот не пакідаю без увагі.

Давераная асоба вельмі ўдзячная кіраўніку Тураўскага ДЭУ-111 Мікалаю Штукару. На кожную яе просьбу той адгукаецца. І грэйдзер выдзеліць, і ямы падправіць, і трактар з лапатай прышле.

Звяртаюцца вяскоўцы да Анжалікі Міхайлаўны і з пытаннямі афармлення маёмасці. Тут ужо цесная сувязь наладжана з кіраўніцтвам  і спецыялістамі сельвыканкама.

— Без дакументаў на дамы і зямлю цяпер цяжка, —  гаворыць жанчына. — Вось зараз газ да паселішча падвялі і многія хочуць карыстацца «блакітным палівам» у сваім жыллі. Таму пачалі рупіцца пра афармленне дамоў. Стараемся дапамагаць.

Не застаецца па-за ўвагай Анжалікі Міхайлаўны і бяспека людзей. Яна актыўна ўдзельнічае ў назіральных камісіях сельсавета. Гэта яшчэ адна нагода, каб дэталёва даведацца пра праблемы вяскоўцаў. Асаблівы клопат у яе пра апякунскія сем’і. Іх у Хільчыцах дзве.

— Так склалася, што бабулі гадуюць унукаў. Таму часта дарослыя прыходзяць за кансультацыямі, просяць парады. Прычым не толькі як ад педагога, а проста звычайнага чалавека, — акрэслівае чарговы спектр сваёй дзейнасці давераная асоба старшыні Савета.

Анжаліка Міхайлаўна — ураджэнка Хільчыц. Тут нарадзілася, вырасла, вярнулася на малую радзіму, каб прыносіць карысць землякам.  І робіць гэта паспяхова, бо людзі добра ведалі яе бацькоў і гэтак жа добра ведаюць яе. І на гэтым даверы і грунтуецца як прафесійная, так і грамадская супраца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.