Працоўнае саперніцтва на збожжавых палетках Жыткаўшчыны падышло да кульмінацыі

Працоўнае саперніцтва на збожжавых палетках, якое аб’явіў райкам прафсаюза работнікаў АПК, падышло да сваёй кульмінацыі. Па традыцыі барацьба за першынство сярод вадзіцеляў, камбайнераў разгарнулася на хлебнай ніве акцыянернага таварыства “Тураўшчына”.

Як ні цяжка вяскоўцам ўбіраць ураджай, перашкаджаюць частыя дажджы, але ж пры любой магчымасці яны імкнуцца папоўніць уласныя вытворчыя здабыткі. Хто ж на цяперашні час мае найважэйшыя паказчыкі?

На восьмае жніўня ў раёне ўжо два вадзіцелі-тысячнікі. У прыватнасці, Міхаіл Касач і Дзмітрый Рай перавезлі з поля на ток 1097 і 1008 тон зерня адпаведна. Дванаццаць тон да запаветнага рубяжу засталося і Ігару Сяргеевічу. Сярод маладых шафёраў лепшы вынік у Яўгена Пількевіча – 835 тон дастаўленай збажыны.

У саперніцтве камбайнераў задае тон малады механізатар Міхаіл Бабарыка. Яго намалот 945 тон. Відавочна, каб стаць камбайнерам-тысячнікам, яму не дастае ўсяго аднаго дня сонечнага надвор’я.

Значна сур’ёзней справа ў спаборніцтве сярод сталых хлебаробаў ААТ “Тураўшчына”. Іх майстэрства пацвярджае шчыльнасць паказчыкаў на ўборцы. Уладзімір Матарас выдаў з бункера свайго КЗСа 859 тон збажыны, Віталій Сімончык – 788 і Мікалай Швец — 749 тон.

Ёсць свае перадавікі і ў іншых гаспадарках раёна. Так, сярод камбайнераў: у КСУПе “Бялёў” гэта  экіпаж у складзе Генадзя Галавача і Максіма Савіча, якія намалацілі 224 тоны, Раман Салавей з ААТ “Людзяневічы” — 164 тоны, Вячаслаў Юхневіч з ААТ “Прыазёрскае-Агра” — 553 тоны, Мікалай Дамарад з КСУПа “Коленскае” — 134,8 тоны зерня.

Бясспрэчна нельга не адзначыць і старанне вадзіцеля Сяргея Макарэвіча з акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра”, які перавёз 938 тон збожжа.

Жніво ў раёне ўшчыльную наблізілася да экватару. Пры сярэдняй ураджайнасці 23,5 цэнтнера намалочана 9720 тон зерня. Што ж, будзем чакаць ад працаўнікоў вёскі новых дасягненняў на хлебнай ніве.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.