У жыткаўчанкі Ніны Салко ёсць сэрцу мілы куток — вёска Млынок

У жыткаўчанкі Ніны Салко ёсць сэрцу мілы куток, дзе яна не толькі спачывае душою, але і аддаецца свайму любімаму занятку. Знаходзіцца гэтая мясціна ў вёсцы Млынок.

– Лічы ўвесь год на ўлонні прыроды, – расказвае жанчына. – Бацьку споўнілася дзевяноста, за ім патрэбна догляд. За адно ўжо і за сядзібаю прыглядваю. Няёмка ж перад суседзямі, калі агарод зарасце і ўсюды беспарадак будзе. Тым больш што і часу для такой працы маю дастаткова.

Ужо трынаццаць гадоў Ніна Сяргееўна на заслужаным адпачынку. Усё жыццё адпрацавала на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Таму, так бы мовіць, высока ад зямлі не адарвалася. Менавіта з агарода і пачала. У хуткім часе ля град з памідорамі і агуркамі, загонаў з бульбай і морквай сталі гарманічна суіснаваць і кветкі.

– Неяк і не заўважыло, што яны займаюць усё большую і большую плошчу, – расказвае гаспадыня. – Цяпер мой двор у фарбах суквеццяў патанае ад ранняй вясны да позняй восені.  Канечне, клопату шмат, але ж гэта і супакойвае, і захапляе адначасова.

Насенне Ніна Сяргееўна купляе на рынках, а вось расаду вырошчвае самастойна. Для гэтага маюцца цяплічкі. З цягам часу ўпарадкавала з сёстрамі і дом. Зрабілі рамонт, нядаўна правяла электрычнае ацяплення. Вясковая хата стала па камфортнасці не горшай за  гарадскую кватэру.

– Галоўнае, каб жаданне мелася паляпшаць уласны быт. Цяпер усё для гэтага ёсць, – разважае Ніна Сяргееўна, – а, каб жыла родная хата для кожнага нашчадка з’яўляецца святым і пачысным абавязкам.

І з гэтым не паспрачаешся. Вось бы так усе патомкі падыходзілі б да месца, дзе нарадзіліся і выраслі, як робіць гэта Ніна Салко. Тады і весялейшымі былі вясковыя вуліцы і не патрабавалася высілкаў мясцовай улады, каб ачысціць іх ад занядбалых будынін і навесці парадак на пустуючых участках.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.