Новыя поспехі ў адзінстве і прафесіяналізме

горгаз1Уявіць жыццё сучаснага чалавека без выкарыстання для ўласных і вытворчых патрэб “блакітнага паліва” проста немагчыма. І каб газ бесперабойна і безаварыйна паступаў у нашыя дамы і на прадпрыемствы, да іншых спажыўцоў кругласутачна працуе  мноства спецыялістаў розных прафесій. У Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах гэтая адказная задача ўскладзена на калектыў філіяла Жыткавіцкага вытворчага ўпраўлення (ВУ “Жыткавічыгаз”).

Пра цяперашнія здабыткі работнікаў гэтага прадпрыемства расказвае яго дырэктар Іван Купрацэвіч. Іван Віктаравіч працуе ў газавай галіне раёна  19 гадоў. Прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы, а з 2011 года ён узначаліў працоўны калектыў ВУ “Жыткавічыгаз”. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у нашым рэгіёне масава пайшлі  работы па пераводзе спажыўцоў на прыродны газ.  І, як сведчыць практыка, дабіліся на гэтай ніве жыткавіцкія газавікі немалых поспехаў.

— На цяперашні час на балансе прадпрыемства знаходзіцца 276 кіламетраў газаправодаў, — гаворыць дырэктар. — Пачыналі, калі працягласць гэтых камунікацый была ўсяго крыху больш за паўтара дзясятка кіламетраў.

Папрацавалі жыткавіцкія газавікі вельмі і вельмі плённа. Зараз толькі адных газафікаваных кватэр абслугоўваецца 32984, з якіх 17762 — у нашым раёне. А яшчэ ў ліку карыстальнікаў прыроднага газу і патэнцыйных кліентаў гэтага працоўнага калектыву адзінаццаць прамысловых прадпрыемстваў і шэсцьдзясят камунальна-бытавых спажыўцоў. І з кожным годам іх колькасць прырастае. Для прыкладу возьмем паказчыкі сямі месяцаў бягучага года. Дзякуючы старанням працаўнікоў са звадкаванага на прыродны газ пераведзена 167 спажыўцоў пры плане 131. Толькі ў нашым раёне працягласць газаправода павялічылася амаль на кіламетр. У Петрыкаўскім раёне гэты паказчык увогуле вымяраецца дзясяткам кіламетраў. А яшчэ ж  маецца і такі важны аб’ект як Подаўж-3, дзе прадугледжана пракладка 8,2 кіламетра газаправода.

Як сведчаць прыведзеныя лічбы, працэс газіфікацыі рэгіёна прыродным газам набраў нядрэнныя тэмпы, якія год ад году толькі нарастаюць. І да гонару жыткавіцкіх спецыялістаў газавай галіны, з такім напружаным рытмам яны спраўляюцца паспяхова, асвойваюць на гэтай дзейнасці па некалькі мільярдаў недэмінаваных рублёў за год.

Добра ідуць справы ў працоўнага калектыву філіяла і з выкананнем іншых вытворчых задач. Спажыўцам адпушчана 10,8 мільёна метраў кубічных прыроднага газу і 1081 тона звадкаванага. Яшчэ 161 тона паліва рэалізавана праз газазаправачную станцыю, аказана платных паслуг на 2,5 мільярда недэмінаваных рублёў. І гэта ўсё пры значнай эканоміі энергарэсурсаў. Пры заданні  выйсці  на паказчык па іх скарачэнні — 1,5, фактычна атрымалі мінус 11.

Асобна хочацца сказаць аб склаўшымся мікраклімаце ў працоўным калектыве гэтага прадпрыемства. Тут  няма месца песімізму, а заўсёды пануюць дух стваральнай дзейнасці на карысць  жыхароў раёна,  разуменне кожным спецыялістам, на цяперашні час гэта 173 прафесіяналы, важнасці тых вытворчых задач, якія стаяць перад усімі, а таксама ўзаемавыручка, дысцыплінаванасць і бачанне перспектывы ў сваёй рабоце.  Адным словам, у Купрацэвіча падабралася дружная каманда, якой любая справа па плячы. І за кожнага свайго падначаленага кіраўнік гатовы гарой стаяць. Красамоўны таму прыклад, што падчас апошняй рэарганізацыі прадпрыемства выйсці з гэтага працэсу філіялу ўдалося практычна без страт: кіраўніцтва зрабіла ўсё, каб людзі не засталіся без працы.  Шмат робіцца на прадпрыемстве па добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый, а таксама па стварэнні належных умоў для працы і быту спецыялістаў, іх бяспекі, а таксама для павышэння іх прафесійнага ўзроўню. Толькі сёлета на рамонты ў вытворчых і бытавых памяшканнях зрасходавана паўсотні мільёнаў недэмінаваных рублёў. У гэтым накірунку дзейнасці маюцца напрацоўкі і на будучае.

Згуртаванасць жыткавіцкіх газавікоў дасягнута не толькі еднасцю вытворчых інтарэсаў, але і праз сукупнасць  уласных захапленняў работнікаў. Многія спецыялісты ВУ “Жыткавічыгаз” актыўна займаюцца спортам. Не адну перамогу на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню здабылі мясцовыя спартсмены. Вось і сёлета яны сталі першымі ў абласной спартакіядзе сярод прадпрыемстваў газавай галіны Гомельшчыны. Выдатна выступае па многіх відах спорту  каманда “Газавік” і ў раённай спартакіядзе сярод  калектываў фізічнай культуры. А ўсё таму, што ёсць ініцыятыўныя працаўнікі, якія здольныя павесці за сабой іншых работнікаў.  У філіяле сярод такіх лічыцца не адзін год адказны за арганізацыю спартыўнага жыцця Аляксандр Касцюк. Ініцыятарам правядзення многіх культурна-масавых мерапрыемстваў з’яўляецца старшыня прафкама Жанна Кучыц і іншыя. Гэтыя абавязкі яны выконваюць у сваёй большасці на грамадскіх пачатках, але падтрымка з боку адміністрацыі, што аказваецца пастаянна, скіроўвае  карысную работу па сплачэнні калектыву ў патрэбнае рэчышча вытворчых здабыткаў. Таму і не дзіўна, што Іван Купрацэвіч напярэдадні  прафесійнага свята ветэранам, працаўнікам газавай галіны раёна не скупіцца на словы пахвалы і віншаванняў. Кіраўнік справядліва лічыць, што яны гэтага заслужылі, і жадае кожнаму поспехаў у працы,  здароўя і дабрабыту. Напэўна, у гэтым і заключаецца чалавечае шчасце.

38 год свайго жыцця Інеса рубіс аддала бухгалтарскай спецыяльнасці. І аб гэтым ніколькі не шкадуе, бо ўпэўнена, што поспех усякай вытворчай дзейнасці напрамую залежыць, наколькі моцны яе фінансавы падмурак.

Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей, сцвярджае народнае выслоўе. Менавіта яно і прывяло ў 2003 годзе Інесу Аляксандраўну на пасаду галоўнага бухгалтара МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Прыйшла яна сюды ўжо даволі вопытным і спрактыкаваным спецыялістам.  Да гэтага кіравала фінансамі аўтабазы спажывецкага таварыства.

— Канечне, спецыфіка прадпрыемстваў розная, патрабаваўся час, каб унікнуць на новым месцы ў справы, — расказвае Інеса Рубіс, — але дзякуючы падтрымцы калектыву з гэтым усё атрымалася хутка. Я люблю сваю прафесію. Ды і багаж ведаў даволі грунтоўны, закончыла Гомельскі кааператыўны інстытут, і самаадукацыяй пастаянна займаюся.

Высілкі свайго галоўнага фінансіста жыткавіцкія газавікі цэняць вельмі высока.  Інеса аляксандраўна мае належную павагу і заслужаны аўтарытэт у калектыве. І ганаровая грамата ад кіраўніцтва РВУП “Гомельаблгаз”, да якой напярэдадні прафесійнага свята яе прадставілі, таксама яскравае гэтаму сведчанне.

Старшы майстар Васіль Ганчароў, слесары Аляксей Сысаў, Рыгор Пракаповіч, Аляксандр Макарэвіч, Генадзь Макарэвіч, Барыс Алексіевіч, Дзяніс Крычаўцоў – гэта спецыялісты, ад якіх непасрэдна залежыць бесперабойная і безаварыйная падача газу спажыўцам. Менавіта іх служба займаецца абслугоўваннем 150 кіламетраў газаправодаў і больш за тры дзясяткі адзінак збудаванняў і абсталявання на іх.  Як адзначыў кіраўнік вытворчага падраздзялення, паспяховай рабоце спрыяе сплаў вопыту і маладосці, а таксама прафесіяналізм і  стараннасць працаўнікоў. Пра майстэрства спецыялістаў вышэйзгаданай службы сведчыць і такі факт, што слесар Барыс Алексіевіч кіраўніцтвам ВУ “Жыткавічыгаз” прадстаўлены да ўзнагароджвання Ганаровай граматай райвыканкама.

Бяспека ў дамах спажыўцоў газу ў многім залежыць ад таго, наколькі спраўна працуе неабходнае абсталяванне. Аб гэтым клапоцяцца ў ВУ “Жыткавічыгаз” спецыялісты службы  вонкавых газаправодаў і збудаванняў на іх, унутрыдамавых газавых сістэм і абсталявання.

Гаспадарка ў гэтых працаўнікоў даволі вялікая. Яны пільна сочаць за станам 268 воданагравальнікаў праточных газавых, 6550 газавых пліт, а таксама за вялікай колькасцю катлоў, 2021 з якіх замежнай вытворчасці. Спецыялісты здольныя прафесійна разабрацца ў самай складанай і сучаснай тэхніцы, наладзіць яе бесперабойную і якасную работу. Яшчэ прыкладам высокага майстэрства гэтых газавікоў з’яўляецца тое, што сёлета іх каманда ў складзе старшага майстра Паўла Калеснікава, слесараў Генадзя Сядзельніка і Ігара Лабанка стала бронзавым прызёрам у абласным працоўным саперніцтве, якое праходзіла ў Добрушы. Дарэчы, выступаць паспяхова на такім узроўні для жыткаўчан з’яўляецца ўжо традыцыяй. У мінулым годзе яны таксама былі  ў ліку лідараў. Па словах Паўла Віктаравіча, для спецыялістаў службы на прадпрыемстве створаны належныя ўмовы, каб спраўляцца з ускладзенымі на іх абавязкамі. Адзінае, што турбуе кіраўніка структурнага падраздзялення, гэта нежаданне некаторых спажыўцоў прадастаўляць на абслугоўванне ацяпляльнае газавае абсталяванне, якім яны карыстаюцца.

— Гэта грубае парушэнне патрабаванняў па эксплуатацыі, — гаворыць Павел Калеснікаў. — Але такім неахайным гаспадарам нагадаю, што з газам жарты кепскія. Нават самыя дробязныя ўпушчэнні пры яго эксплуатацыі могуць прывесці да вялікай бяды. Мы ж сваёй працай імкнемся яе папярэдзіць.

У працоўны калектыў жыткавіцкіх газавікоў Андрэй Мамайка прыйшоў у 1993 годзе. Быў на пасадзе кантралёра па выпуску аўтатранспарту.  З 2000 года працуе вадзіцелем.

Вопыт і старанне Андрэя Васільевіча кіраўніцтва прадпрыемстве вельмі цэніць. Як гавораць рабочыя, якім даводзіцца працаваць разам з Мамайка, такі не падвядзе, заўсёды прыйдзе на выручку. На цяперашні час вопытны вадзіцель дастаўляе да месца працы спецыялістаў службы эксплуатацыі вонкавых газаправодаў, збудаванняў і абсталяванняў  на іх. Хаця і клопатная гэта справа, пастаянна даводзіцца бываць у раз’ездах, таму аўтамабіль павінен быць заўсёды ў баявой гатоўнасці, але напружаны графік толькі мабілізуе Андрэя Васільевіча. Яму прыемна працаваць  з такім зладжаным калектывам. Цяпер жа выконваць свае абавязкі яму прыемней удвая – тры месяцы назад вадзіцель атрымаў новы аўтамабіль. Для чалавека, які правёў за рулём шмат гадоў, такі давер кіраўніцтва з’яўляецца найлепшай падзякай за працу і старанне.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.