Працаўнікам «Жыткавічыхімсервіс» паспяховасць бачыцца ва ўмацаванні матэрыяльнай базы

Працаўнікам акцыянернага таварыства «Жыткавічыхімсервіс» паспяховасць бачыцца ва ўмацаванні матэрыяльнай базы, развіцці вытворчасці, зніжэнні выдаткаў і павелічэнні выручкі, а таксама ў дбайнасці ў справах. Менавіта на гэтым засяродзіў увагу падначаленых на гадавым сходзе дырэктар Ігар Галавач.
Аналізуючы леташнюю дзейнасць, Ігар Уладзіміравіч з задавальненнем пералічваў станоўчыя моманты, якіх удалося дабіцца. Іх у рабоце нямала. Напрыклад, вытворчасць сельгаспрадукцыі вырасла ўдвая. Добра паказалі сябе гандаль, а таксама перавозкі малака, іншыя структурныя падраздзяленні. Дзякуючы гэтаму атрымалі прыбытак, які даў магчымасць абнаўляць аб’екты. Гэта і сховішчы для мінеральных угнаенняў, складскія памяшканні, адміністрацыйны будынак і другія.
– Работа ў згаданым накірунку будзе працягнута і ў бягучым годзе, – запэўніў калектыў Ігар Уладзіміравіч. – Найперш патрэбна ўмацавацца тэхнікай для збору донных адкладанняў на ўчастку па здабычы сапрапелю.
Засяродзіў на гэтым увагу кіраўнік не выпадкова. Драмаць у шапку не даюць канкурэнты, якія пастаянна паніжаюць цану, што прыводзіць да страты кантрактаў. Таму, каб выконваць тэхналагічныя працэсы больш аператыўна і ў сціслыя тэрміны, арганізацыі патрэбны машына для збору торфу і трактар. Гэта дазволіць выкарыстоўваць лепшыя пагодныя ўмовы, каб збіраць на пляцоўках сыравіну з найменшымі затратамі і дастаўляць яе на базу для перапрацоўкі. Дарэчы, каб яна заставалася сухой, запланавана аднавіць і складское памяшканне, а таксама шукаць новыя рынкі збыту.
– Адмаўляцца ад прыбытковай справы, нягледзячы на складанасці, мы не будзем, а пастараемся прыняць меры, каб наша прадукцыя стала яшчэ больш канкурэнтаздольнай і карысталася належным попытам у спажыўцоў, – зазначыў Ігар Галавач.
Яшчэ адзін накірунак працы – грузаперавозкі. Каб нарошчваць іх аб’ёмы, таварыства мае намер прыкупіць тягачы. Такі набытак не толькі станоўча адаб’ецца на аб’ёмах, але і дапаможа больш стабільна і бесперабойна выконваць узятыя перад партнёрамі абавязацельствы. Ёсць моманты, на якія неабходна звярнуць увагу, каб павялічваць і зборы на сельгасвытворчасці. І ў першую чаргу, па словах Ігара Галавача, гэта належнае выкананне ўсіх агратэхнічных прыёмаў, тады ўласныя палеткі будуць радаваць большай ураджайнасцю.
– У ААТ «Жыткавічыхімсервіс» маецца ўсё, каб паспяхова выконваць пастаўленыя задачы, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, які прыняў удзел у сходзе. – Гэта не аднойчы калектыў даказваў стваральнай працай не толькі на ўласнай вытворчасці, але і дапамагаючы тэхнікай гаспадаркам раёна. Накірункі дзейнасці вызначаны правільныя, наколькі вынікова іх асіліць таварыства, непасрэдна залежыць ад яго рабочых і спецыялістаў.
Мяркуючы па шматлікіх узнагародах, якімі адзначылі перадавікоў вытворчасці, у арганізацыі шчыруе нямала прафесіяналаў, якім любыя справы па плячу. Галоўнае, што калектыў гатовы да працоўных здяйсненняў і прымнажэння сваіх здабыткаў. Важным момантам мерапрыемства стала і ўручэнне прэмій дзецям работнікаў арганізацыі, якія выдатна вучацца і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Паказальны штрых гэтай традыцыі, што ўдалося прыкмеціць на сходзе, у бацькоў перадавікоў і нашчадкі ў ліку лепшых.
Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.