З верай, надзеяй і цярплівасцю
Пра работу з сацыяльна небяспечнымі сем’ямі мы папрасілі расказаць старшыню Юркевіцкага сельскага Савета Алену Шпакевіч, якая звыш 30 гадоў працуе ў сельвыканкаме.
— У васьмі населеных пунктах нашага сельсавета пражывае каля 1000 чалавек, а сацыяльна небяспечных толькі тры сям’і, прычым дзве з іх здымаюць з уліку літаральна на днях. Трэба верыць, што яны не прапалі, хоць часцей за ўсё яны абяцаюць кінуць піць, а потым зноў і зноў зрываюцца. Аднак веру ўсё роўна страчваць нельга. Калі страчваеш веру — значыць, перастаеш змагацца за чалавека. Калі хоць бы адзін чалавек вяртаецца да нармальнага ладу жыцця – гэта для мяне сапраўднае свята.
З імі вельмі шмат трэба размаўляць, мець пастаянныя стасункі. Мы не імкнемся чалавека караць, толькі складаць пратаколы. Важна, каб людзі разумелі, чаму мы ад іх нешта патрабуем. Мы вядзем улік не толькі тых, хто ўжо з’яўляецца сацыяльна небяспечным, але і тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі. Асабліва ўважліва сочым за жанчынамі, якія неабыякавыя да алкаголю. Калі здараюцца нейкія зрывы, вельмі акуратна, вельмі карэктна працуем з людзьмі. Імкнемся да іх так прыходзіць, каб па вёсцы не было ажыятажу, бо ўлічваем самалюбства чалавека. А ў іх яно абвостранае. Здаралася, вядома, што і нашых супрацоўнікаў сустракалі агрэсіўна. За тое, што мы дзіця забіралі з сям’і. а калі б не забралі, то яно магло б загінуць. Дарэчы, мяне вельмі засмучае, калі прыходзіцца дзяцей адбіраць. А калі вядуць сябе вельмі агрэсіўна, то да такіх ідзем з участковым. Дапамагаюць усе супрацоўнікі: савет жанчын, старасты вёсак, усе работнікі сельвыканкама. У нас калектыў зладжаны.
Так званыя сацыяльна небяспечныя і самі да нас часта прыходзяць. Галоўнае – верыць, што чалавек можа змяніцца. І ён павінен гэта адчуваць. Бо калі чалавек п’е, то ён бязвольны. І калі пры гэтым яму пастаянна гавораць, што ён алкаголік, што ён бомж, то як ён можа вырвацца з гэтага стану? Чалавека трэба не лаяць і ганіць, а больш хваліць, шукаць у ім нешта станоўчае. Нават калі ён зрабіў зусім крыху добрага, яму трэба сказаць, які ён малайчына. І гэта дапамагае. Людзі потым прыходзяць, дзякуюць. І боьшасць насельніцтва іх падтрымлівае пасля таго, як кінулі піць.
Самае галоўнае – не падманваць гэтых людзей, размаўляць з імі шчыра. Яны вельмі абвострана гэта адчуваюць. Нават калі размова ідзе на павышаных танах. Дарэчы, такія людзі зараз на вёску часта прыбіваюцца. Або родам адсюль, або сваякі тут, або проста нікому не патрэбныя. Яны прадаюць жыллё ў горадзе, прыязджаюць сюды, і нам даводзіцца з імі працаваць. Такім людзям трэба знайсці матывацыю для жыцця, даказаць, што яны камусьці патрэбныя.
У нас шмат прыкладаў, калі жанчыны кінулі піць. Самае галоўнае для іх – дзеці. Прыемна, калі выцягваеш жанчыну з п’янства і даеш ёй станоўчую характарыстыку, каб яна магла вярнуць сабе мацярынства. Вядома, ёсць і тыя, каго мы не змаглі выцягнуць. Яны абавязаныя асобы, пастаянна трапляюць у месцы пазбаўлення волі. Любяць збіраць кампаніі і піць. Калі мы паставілі іх на ўлік як сацыяльна небяспечных, то задумаліся. А тут для адной вакансія знайшлася. Мы дапамаглі ёй уладкавацца на работу і цяпер не шкадуем.
У сваёй рабоце нарколагаў часам прыцягваем да супрацоўніцтва. Да кадзіравання зрэдку звяртаемся. Толькі не з усімі. Многія, у якіх “код закончыўся”, самі потым трымаюцца і не п’юць. Трэба, каб чалавек адчуў, што ёсць іншы шлях – без алкаголю.
У нас зараз застаецца толькі адна сям’я, з якой мы працягваем працаваць. У зоне рызыкі яшчэ дзве. У іх зараз не п’юць, але мы наглядаем за імі, хоць у жыццё і не ўмешваемся. Гэта ўсё трэба рабіць вельмі карэктна. Лічу, што не лячэбна-працоўныя прафілакторыі трэба ствараць, а нейкія комплексныя цэнтры, дзе б чалавек атрымліваў не толькі лекі, але ў першую чаргу псіхалагічную дапамогу. Тады вельмі шмат людзей можна было б выратаваць. Дарэчы, тыя, хто вяртаецца пасля лячэбна-працоўных прафілакторыяў, амаль усе потым п’юць. А ім патрэбны ў першую чаргу псіхолаг, які будзе разбураць стэрэатыпы, што склаліся на працягу іх гаротнага жыцця. Іх трэба, перш за ўсё, навучыць паважаць сябе.
Запісаў Сяргей ВЕЧАРОВЫ.
P.S. Згадзіцеся, што з боку Юркевіцкага сельвыканкама і ў першую чаргу яго вопытнага, дасведчанага старшыні Алены Шпакевіч да вышэйпамянёных праблем шмат новых, нестандартных падыходаў. І яны даюць свой добры плён. Бо перш за ўсё трэба дастукацца да душы чалавечай. Звярнуць яе да розуму, святла і дабра. І тут ёсць над чым падумаць, ёсць над чым паразважаць…