Поспех куецца за рулём

З поўным на тое правам трэба сказаць, што аўтатранспартнае прадпрыемства №16 на тэрыторыі нашай Жыткаўшчыны, вобразна кажучы, іграе галоўную скрыпку ў арганізацыі як пасажырскіх, так і грузавых перавозак. Увогуле ж Жыткавіцкая аўтабаза была заснавана ў красавіку 1967 года. Цераз 20 гадоў была перайменавана ў аўтамабільны парк №16. А сённяшняя юрыдычная яе назва — рэспубліканскае даччынае аўтатранспартнае прадпрыемства АТУП-16 — было прынята ў канцы 2000 года. Заснавальнікам прадпрыемства з’яўляецца рэспубліканскае аўтатранспортнае ўнітарнае прадпрыемства “Гомельаблаўтатранс”.


У 2007 годзе кіраваць калектывам было даручана Віктару Бугуку, і з прыходам новага дырэктара як вонкавае, так і ўнутранае аблічча прадпрыемства атрымала сваё новае нараджэнне. Пачынаючы з новай шыльды над варотамі аўтатранспартнікаў. Бо люба-дорага стала прайсціся па тутэйшай акультуранай тэрыторыі, прысесці ў цішыні з густам зробленай альтанкі, палюбавацца ўлетку ружамі на клумбах. Былі праведзены значныя рамонтныя работы ў адміністрацыйным памяшканні, што цяпер не ідзе ні ў якое параўнанне з ранейшай канторай. Вабяць вока абуладкаваныя па-новаму кабінеты, калідор, актавая зала. А ў бытавых памяшканнях можна не толькі памыць рукі, але і прыняць душ, паабедаць, паглядзець тэлевізар. І, што характэрна, усё гэта было зроблена сваімі рукамі, без якой-небудзь дапамогі з боку. Так што адрас прадпрыемства застаўся ранейшы, а “сядзібу” з тых пор — не пазнаць…


Геаграфія дзейнасці АТУП – 16 даволі шырокая. Толькі ў рэспубліканскім маштабе яна ахоплівае некалькі абласцей, не кажучы ўжо пра міжнародныя перавозкі, дзе галоўным партнёрам з’яўляецца Расійская Федэрацыя. А інакш і нельга, бо іх дзейнасць проста неабходная людзям, якія штодзённа карыстаюцца транспартнымі паслугамі. Калектыў транспартнікаў не без падстаў лічыцца адным з самых дынамічна развітых прадпрыемстваў раёна. З улікам жа таго, што мэты гаспадарчай дзейнасці даволі шырокія, аўтамабілісты працягваюць шукаць новыя віды дзейнасці, тым самым прадастаўляюць людзям і прадпрыемствам разнастайны сектар паслуг. На сённяшні дзень, напрыклад, гэта не толькі транспарціроўка грузаў, пасажырскія перавозкі, але і тэхнічнае абслугоўванне, рамонт тэхнікі, дыягностыка аўтатранспарту і правядзенне тэхнічнага агляду. Пастаянна клапоцяцца тут і пра абнаўленне аўтамабільнага парка.


— У бягучым годзе набылі два новыя пасажырскія аўтобусы, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства, выконваючы абавязкі дырэктара АТУП-16 Сяргей Галавач. — Адзін з іх — МАЗ-152: міжгародні, камфартабельны аўтобус на 47 пасадачных месцаў, абсталяваны відэасістэмай, кандыцыянерам, міні-барам, у якім, напрыклад, можна прыгатаваць гарачую каву. Абслугоўвае ён рэйсы па маршрутах Тураў — Гомель, Жыткавічы — Давыд-Гарадок, Жыткавічы — Мінск, а таксама абслугоўвае тыя ці іншыя заказы як на прасторах нашай Беларусі, так і на дарогах Украіны. На прыгарадных і міжгародных маршрутах можна бачыць і новы “Радзіміч” на 25 пасадачных месцаў. На двух гэтых новых пасажырскіх адзінках транспарту стаяць імпартныя рухавікі. Да таго ж купілі і два новыя грузавікі МАЗ-5516 АП грузападымальнасцю 20 тон кожны. Яны задзейнічаны на адвозцы грузаў у беларускай сталіцы, там для нас і пастаянная работа, і рэгулярныя даходы.


На балансе прадпрыемства знаходзяцца таксама аўтастанцыя “Жыткавічы”, аўтакаса “Тураў”, адкуль штодзённа ва ўсе куткі раёна, а таксама іншыя гарады рэспублікі адпраўляюцца аўтобусы ў рэйсы. Як паведаміла вядучы эканаміст АТУП-16 Лідзія Касцюк, за студзень — верасень 2009 года быў паспяхова выкананы план перавозкі пасажыраў, які склаў 617,6 тысячы іх. Замест планавых 7446,8 тысячы пасажыра-кіламетраў за 9 месяцаў 2009 года фактычна выканана 8054,6 тысячы пасажыра-кіламетраў, што склала 108,2 працэнта да планавай лічбы і 101,7 працэнта да ўзроўню мінулага года.


Калі за тры кварталы мінулага года платныя паслугі насельніцтву склалі 508,1 мільёна рублёў, то сёлета — 635,6 мільёна, пры плане 624,9 мільёна рублёў, што склала 101,7 працэнта да плана і 125,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.


Акрамя 23 аўтобусаў, тут маецца і 13 адзінак грузавога аўтатранспарту, у тым ліку 5 аўтамабіляў МАЗ, што задзейнічаны на міжгародніх перавозках. Аўтобусамі прадпрыемства абслугоўваюцца 5 гарадскіх, 4 міжгародніх і 19 прыгарадных маршрутаў. У калектыве, дзе, згодна сярэднеспісачнай колькасці, працуе 86 чалавек, няблага выконваюцца патрабаванні па эканоміі і беражлівасці. Так, замест планавых “мінус” 11 працэнтаў тут выйшлі на паказчык “мінус” 14,1 працэнта. У параўнанні з 9 месяцамі 2008 года чысты прыбытак тут сёлета вырас у 6 разоў.


Паспяхова працуе і ўведзеная ў эксплуатацыю ў лютым 2008 года станцыя дыягнастычнага кантролю транспартных сродкаў, якая праводзіць дзяржаўны тэхнічны агляд. Дастаткова адзначыць, што калі за 10 месяцаў 2008 года на станцыі было праверана 5165 адзінак транспарту, то за тры кварталы бягучага года ўжо 7780 адзінак. Запатрабавана на сучасным рынку і станцыя гарантыйнага і паслягарантыйнага абслуговання ўсіх відаў МАЗаў. Наладжана работа і на станцыі тэхнічнага абслугоўвання легкавых аўтамабіляў, дзе праводзіцца дробны рамонт. Прычым на ўсе віды дзейнасці атрыманы адпаведныя дзяржаўныя сертыфікаты. І гэта яшчэ адно пацверджанне якасці выконваемых работ. Да таго ж вядуцца работы па адкрыцці платнай мыйкі.


За ўсімі працоўнымі дасягненнямі і станоўчымі паказчыкамі стаіць нялёгкая, адказная, карпатлівая праца вадзіцеляў, якія ў любое надвор’е ў дарозе, у рэйсе, бо поспехі куюцца менавіта за рулём. Гаспадары пасажырскага і грузавога транспарту, што складаюць касцяк калектыву, маюць вялікі вопыт работы. Таму і моладзі ёсць на каго раўняцца. Так, у вадзіцеля аўтобуса Івана Ігнаціка ў працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс, зроблены ў 1972 годзе. За гэты час яму даводзілася працаваць на міжнародных, прыгарадных, гарадскіх маршрутах. І ўвесь час ён стараецца працаваць надзейна, сумленна. Паважаны, аўтарытэтны ў калектыве чалавек і Міхаіл Рагалевіч. Больш чвэрці стагодзя ён дастойна працуе вадзіцелем аўтобуса. Нас таксама прасілі назваць прозвішчы вадзіцелей Уладзіміра Саўчыца, Алега Ястрэмскага, Васіля Федаровіча, Фёдара Лаўніковіча, Паўла Сафонава, Андрэя Навіцкага, аўтаэлектрыка Вячаслава Гатчэні, слесара па рамонту паліўнай апаратуры Андрэя Бандзюка, слесара па рамонту аўтамабіляў Міхаіла Ачапоўскага і іншых. Так што застаецца толькі пажадаць калектыву аўтатранспартнікаў моцнага здароўя, надзейнай дарогі ды бяспечнай работы.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.