І нябесная канцылярыя ім не перашкода

– У нас цудоўны і дружны калектыў, – характарызуе сваю каманду начальнік марохараўскага малочна-таварнага комплексу Святлана Бусел. – Дзякуючы прафесіяналізму працаўнікоў, іх самаадачы, а таксама высокай тэхнічнай аснашчанасці нам удаецца не першы год дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў.

Красамоўным доказам слоў Святланы Стахееўны, дарэчы, жывёлавода больш як з трыццацігадовым стажам, служаць вытворчыя дасягненні яе падначаленых. Напрыклад, даглядчыца Таццяна Майшук сярод калег з гаспадарак, якія ўваходзяць у ТАА «БК-Мілк»,  па выніках працы – лепшая. Аператар абслугоўвае 206 галоў маладнячку ва ўзросце да трох месяцаў і мае 845 грамаў сярэднясутачных прываг. Алена Макарэвіч, аператар машыннага даення, на прайшоўшым аграфэсце кампаніі стала другой. Жанчына надаіла з пачатку года амаль сямсот тон малака. Зразумела, што гэтыя поспехі не з паветра бяруцца, а нялёгкай штодзённай працай даюцца не толькі перадавікамі, але і іншымі членамі калектыву.

– Клопатаў у нас заўсёды хапае. Асабіста я даглядаю 250 цялушак, раздойваю іх, выпойваю цялят, – расказвае пра свае абавязкі жывёлавод Таццяна Мікуліч. – Я пераехала ў гаспадарку з іншага рэгіёна і мне тут падабаецца. Умовы добрыя, жыллём надзялілі і заробак годны. Патрабуецца толькі працавітасць і стараннасць.

З прыезджых і механізатар Васіль Кавальскі. На комплексе яго «Амкадор» пастаянна знаходзіцца ў рабоце. Мужчына то на пагрузцы кармоў, то на ачыстцы памяшканняў, на іншых работах задзейнічаны. Але таксама не наракае на цяжкасці.

А вось Андрэй Бібік з мясцовых. Ён заняты на кармленні жывёлы. Яго сучасны самаходны кармараздатчык дзякуючы ўмельству механізатара здольны не толькі развезці кормасумесь па кармавых сталах, але і прыгатаваць яе з улікам фізіялагічных асаблівасцей жывёлы.

Зараз на марохараўскім МТК працуе 34 чалавекі. Комплекс – фабрыка не толькі па вытворчасці малака, але і адкорму жывёлы. Для гэтага рэканструявалі і прыстасавалі памяшканні старой фермы. На апошнім аб’екце стараннасцю вызначаюцца Анжэла Какора, Святлана Сыса, Аляксандр Какора, Валянціна Аліфяровіч і Любоў Масла.

– Цяпер наша пагалоўе – 2700 кароў, і цялят, – расказвае Святлана Бусел. – Жывёла ўтрымліваецца ў добрых умовах, мае багатыя і паўнацэнныя рацыёны. Кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды ўдзяляе нашай галіне ўвагу, таму ўзнікаючыя праблемы ўхіляюцца неадкладна. А гэта таксама станоўча адбіваецца на дзейнасці.

Усё пабачылі падчас невялікай экскурсіі па комплексе, якую агранізавалі начальнік структурнага падраздзялення і галоўны спецыяліст па вытворчасці ААТ «Прыазёрскае-Агра» Святлана Цімашчэня. Поўныя траншэі сіласу і сенажу найяскравей сведчылі, што мясцовыя кормаздабытчыкі папрацавалі на славу. Па таварыству на адну ўмоўную галаву маецца па 32 кармавыя адзінкі. Толькі травяністых кармоў больш як трыццаць тысяч тон нарыхтавалі. А яшчэ ў запасе і плюшчаная кукуруза і сушанае зерне з яе. Яго намалацілі сёлета 5700 тон. Ёсць рапс і каласавыя, бабовыя. Усё гэта ідзе на вытворчасць камбікармоў, якія рыхтуюць непасрэдна ў гаспадарцы. Таму і аддача адпаведная. З пачатку года ў ААТ «Прыазёрскае-Агра» вытворчасць малака перавысіла сем тысяч чатырыста тон, а ад каровы надаілі па 5341 кілаграму. Большая яго частка атрымана менавіта на марохараўскім комплексе.

Работа жывёлагадоўчай галіны ў акцыянерным таварыстве – гэта яскравае пацверджанне, калі поле плённа працуе на ферму. Таму і стараюцца павышаць адачу кожнага гектара, хаця на нянадта ўрадлівых і засушлівых землях гэта зрабіць нялёгка. Дабівацца станоўчых вынікаў дазваляе пастаянны клопат  аб абнаўленні машыннага парку. Цяпер ён налічвае як айчынную высокаэфектыўную тэхніку, так і замежную. Таму мясцовыя механізатары ўпраўляюцца своечасова і якасна не толькі з сялянскімі клопатамі на надзелах таварыства, але і дапамагаюць калегам з гаспадарак, якія ўваходзяць у холдынг.

– Пастаяннае ўдасканаленне вытворчых працэсаў, укараненне найсучаснейшых тэхналогій, захаванне вернасці сялянскай працы і роднай зямлі – дзякуючы гэтаму калектывы акцыянерных таварыстваў «Прыазёрскае-Агра» і «Дзякавічы» вырашаюць стратэгічна-важную задачу для краіны, атрымліваюць больш прадукцыі, становяцца фінансава устойлівымі, – акрэсліў вектар развіцця дырэктар сельгаспрадпрыемстваў Аляксандр Барышнікаў. І віншуючы з прафесійным святам усім, хто звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, ветэранам галіны пажадаў моцнага здароўя, новых працоўных поспехаў, згоды ў сем’ях, шчасця і дабрабыту.

Сяргей Белка

Фота Аляксандра Кіцуры

Механізатар Андрэй Бібік корміць жывёлу

Механізатар Васіль Кавальскі не наракае на цяжкасці

У начальніка марохараўскага МТК Святланы Бусел

і жывёлавода Таццяны Мікуліч клопатаў хапае

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.