Прыказкі і прымаўкі Жыткаўшчыны

Прыказкі і прымаўкі — адзін з самых адметных і папулярных жанраў беларускай вуснай народнай творчасці. На Беларусі, у тым ліку і на Жыткаўшчыне, яны былі шырока распаўсюджаны даўней і бытуюць у цяперашні час. Імі карысталася і карыстаецца насельніцтва для выразнасці і даступнасці сваёй лексікі, думак, падмацавання сцвярджэнняў і суджэнняў.


Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі розныя па тэматыцы і зместу, адлюстроўваюць усё народнае жыццё, яго падзеі і з’явы, радасці і смутак. У артыкуле аўтар закранула толькі некаторыя бакі гэтай вялікай праблемы на прыкладах прыказак і прымавак, якія зафіксаваны на Жыткаўшчыне. Але ж трэба адзначыць, што многія з іх бытавалі раней ці бытуюць у наш час і ў іншых мясцінах Беларусі.


У прыказках і прымаўках адбіта сацыяльная няроўнасць, гаротнае жыццё сялян у перыяд прыгона: “Дужы і багаты рэдка вінаваты”, “Каму жыццё, а беднаму селяніну выццё”, “Сялянскія прыборы лапці ды аборы”…


Прыказкі і прымаўкі расказваюць аб сямейных адносінах, бяспраўным становішчы жанчыны, нявесткі, прымака, цяжкасцях догляду і выхавання дзяцей у старой (дарэвалюцыйнай) мнагадзетнай сялянскай сям’і. Аб гэтым яскрава сцвярджаюць наступныя прыказкі і прымаўкі: “Гаспадыня, твая рэч глядзець у печ”, “Вядома баба, а не чалавек”, “Курыца не птушка, нявестка не дачушка”, “Прымацкі хлеб сабацкі”, “Дзяцей гадаваць, век гараваць”, “Дзяцей як бобу, а хлеба ні дробу”, “Бяда без дзяцей, але ж бяда і з дзецьмі”, “Маці сама не з’есць, а дзяцей накорміць”, “Твае дзеці, табе і глядзеці”, “У каго матка, у таго галоўка гладка”, “Даў Бог дзеці, але няма іх дзе падзеці”…


У прыказках і прымаўках гаворыцца таксама аб горкай долі сіраты ў сям’і: “Усе бачаць, як сірата скача, але ніхто не бачыць, як яна плача”, “Ніхто не ведае, як сірата абедае”, “Сірату б’юць, а плакаць не даюць”, “Як сіраце жаніцца, дык і дзень кароткі”, “Сіратою жыць, слёзы ліць”…


Прыказкі і прымаўкі настаўляюць паважаць старых, бацькоў, асуджаюць тых людзей, якія нарушаюць даны прынцып. Гэта добра бачна з наступных прымавак і прыказак: “Шануй старога, як дзіця малое”, “Бацькоў любі, старых паважай”, “Як дачакаўся свайго хлеба, дык і бацька не трэба”, “Тады маці была міла, як на руках насіла”…


У прыказках і прымаўках адбіты каханне, шлюбныя адносіны, значэнне стварэння сям’і, асуджаюцца пераборлівасць пры заключэнні шлюбу, сямейныя разлады, а расхвальваюцца згода, руплівасць і гаспадарлівасць мужа і жонкі, іх клопаты аб дзецях: “Не піў, не еў бы, а на жонку глядзеў бы”, “Няма худшай кары, як жыць без пары”, “Кожная пачвара мае сваю пару”, Хто любіць, то і прыгалубіць”, “У добрай гаспадыні і певень нясецца”, “Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль пару сабраў”, “Не кайся рана ўстаўшы, а змоладу жаніўшыся”, “Замуж выйсці трэба знаць, позна легчы, а рана ўстаць”, “Як жэняцца скачуць, а як разводзяцца, дык плачуць”, “Мужык з жонкай сварацца, а ў печы трасца варыцца”, “З вялікіх перабораў засталіся толькі лапці і аборы”…


У прыказках і прымаўках адлюстраваны любоў насельніцтва да роднага краю, значэнне працы ў сялянскім жыцці, увасоблены шматвяковы вопыт народа, яго назіранні за з’явамі прыроды і звязаныя з імі разважанні і павучанні. У гэтых адносінах праўдзівы і цікавы наступныя прыказкі і прымаўкі: “Мілы той куток, дзе рэзалі пупок”, “Усюды добра, а дома лепей”, “Дорага тая хатка, дзе нарадзіла матка”, “Работа і поіць, і корміць”, “Хто працуе, той і мае”, “Хто любіць працаваць, той не будзе доўга спаць”, “Што трэба зрабіць сёння, не адкладвай на заўтра”, “Як рупіць, так і вочы пралупіць”, “Хто дбае, той і мае”, Сёння зробіш, а заўтра як знойдзеш”, “Што зробіш сёння, не будзеш рабіць заўтра”, “Ранняя пташка зубкі калупае, а позняя вочкі прадзірае”, “Раней устанеш, болей зробіш”, “Адклад не ідзе ў лад”, “Хто ўлетку гуляе, той узімку галадае”, “Паміраць сабраўся, а хлеб сей”, “Мала снегу, мала і хлеба”, “Як пасеюць дажджу не просяць, ён сам ідзе”, “Каса любіць брусок і сала кусок”, “Снег напаў, пастух прапаў”, “Касі каса пакуль раса”, “Садзі вішні, калі гарод лішні”, “Дзе пасееш густа, не будзе пуста”, “Сей смела, калі ў садзе бела”, “Зіма без снега, лета без хлеба”, “Дождж ідзе, будуць грыбы”, “Як кароўку накорміш, так і малака надоіш”, “Ваўка ногі кормяць”, “Дзе ягаднік, там і ягады”, “Дзе дубы, там і грыбы”, “Лета прыпасае, а зіма паядае”, “Увосень і верабей сыты”, “Пад ляжачы камень вада не падцякае”, “Сані наладзіў, а каня не мае”…


У прыказках і прымаўках адлюстраваны добрасуседскія, таварысцкія адносіны паміж людзьмі, пачуццё дружбы: “У дружбе жыць не тужыць”, “Добры сусед лепш, чым далёкі сваяк”, “Сябра пазнавай у бядзе”, “Новых сяброў нажывай, але ж і старых не губляй”, “Стары друг лепш за новых двух” і так далей.


У прыказках і прымаўках выказана павага да ветлівасці, праўдзівасці, спагадлівасці, памяркоўнасці, сціпласці, удаласці, умення і іншых прыгожых рыс характару чалавека: “Дораг не абед, а дораг прывет”, “З міру па нітцы голаму рубашка”, “Не адзенне ўпрыгожвае чалавека, а чалавек адзенне”, “У цеснаце не ў абідзе”, “Малы, але ж удалы”, “Што праўда, то не грэх”, “Хлеб і соль еш, а праўду рэж” і інш.


Прыказкі і прымаўкі выкрываюць і асуджаюць адмоўныя рысы характару і паводзін людзей (эгаізм, ману, сквапнасць, зайздрасць, ляноту, абыякавасць да чужой бяды і так далей): “Скупы ў два разы траціць больш”, “Хітрасцю свет пройдзеш, а назад не вернешся”, “Чужую бяду я і пальцам развяду”, “Адзін з’еш хоць вала, адна хвала”, “Скупы не раскінецца”, “У гультая ні да якой работы няма ахвоты”, “Лянота горш, чым хвароба”, “Калі хочаш прапасці, пачні красці”, “Сам сябе не хвалі, няхай цябе людзі пахваляць”, “Не хваліся праз дзень, а хваліся праз год”, “Граззю зарос, хоць рэпу сей”, “У пустой бочцы многа шуму”, “Лепш горкая праўда, чым салодкая мана” і гэтак далей.


Прыказкі і прымаўкі ўвасобілі калектыўны розум народа, яго веды, ідэалы дабра, разумення долі і нядолі, шчасця і няшчасця, праўды, няпраўды і злосці. Славуты рускі этнограф і мовазнавец ХІХ стагоддзя, аўтар вядомага “Толкового словаря великорусского языка” (у ім багата і беларускай народнай лексікі) Уладзімір Даль называў гэты жанр народнай творчасці кодэксам народнай мудрасці. І гэту высокую адзнаку ён адносіў і да беларускіх прыказах і прымавак, у якіх адлюстравана шмат мудрых абагульненняў, разважанняў, трапных суджэнняў, настаўленняў, павучанняў, што маюць вялікае выхаваўчае значэнне. І нельга тут не прывесці вось гэтыя мудрыя народныя беларускія выслоўі: “Золата і ў попеле блішчыць”, “Не радзіся красівай, а радзіся шчаслівай”, “Бяду не абысці, не аб’ехаць”, “Шыла ў мяшку не ўтоіш”, “Жыццё пражыць не поле перайсці”, “Жыві пакуль жывецца”, “Смерць не перабірае, нікога не мінае”, “Старасць не радасць”, “Калі баліць, нішто не весяліць”, “Адзін з сошкай, а сем з ложкай”, “Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць”, “Замок для добрых людзей”, “Чужое бокам вылезе”, “ Адзін і той не людзім”, “Не кожны хворы, што стогне”, “У ціхім балоце чэрці водзяцца”, “Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць”, “Ні дома, ні замужам”, “На злодзеі і шапка гарыць”, “Запас бяды не чыніць”, “Смех без прычыны — прызнак дурачыны”, “Спех людзям на смех”, “Не ўсякая сабака, што брэша, кусаецца”, “Што ў рацэ, яшчэ не ў руцэ” і г.д.


Гэта старадаўняя і мудрая народная педагогіка актуальна і ў наш час.


Г. ДУЛЕБА, этнограф.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.