Старэйшына вёскі – Любоў Варановіч

Аўтарытэтным чалавекам у вёсцы Грэбень з’яўляецца Любоў Варановіч. Яна заўсёды знаходзіцца сярод людзей,пастаянна адгукаецца на іх праблемы. Напэўна гэтая акалічнасць і адыгрывае важную ролю, што вось ужо напрацягу некалькіх гадоў запар аднавяскоўцы на сваім агульным сходзе даручаюць ёй быць старэйшынай сваёй вёскі.


Здаецца, гэтая жанчына ніколі не сумуе, а дрэнны настрой ёй таксама не ўласцівы. І прычын гэтага шукаць глыбока не патрэбна. Любоў Іванаўна пастаянна сябруе з песняй, маючы цудоўны голас, па-майстэрску выконвае іх. Ды і праца загадчыцы сельскім клубам таксама не дазваляе сумаваць. Які ж гэта культработнік, як ён зможа радаваць людзей, калі сам не ўмее радавацца. Можа таму і збіраюцца ў яе культурнай установе поўныя залы, калі Варановіч ладзіць чарговае мерапрыемства. Яны асабліва падабаюцца людзям і цікавыя як для старых, так і для моладзі.


Сваю працу культработнікам Любоў Іванаўна гарманічна спалучае для выканання і грамадскіх абавязкаў. Усё ж яны не менш адказныя. Таму, як лічаць у сельсавеце, не знайсці лепшага чалавека, які давядзе вяскоўцам пазіцыю мясцовай улады па тым ці іншым пытанні, арганізуе людзей на нейкую грамадскую справу. Такіх даручэнняў за гады дзейнасці на пасадзе вясковага старэйшыны Варановіч выканала безліч. Вынік гэтага — станоўчае вырашэнне многіх праблем вяскоўцаў. Любоў Іванаўна пра іх ведае добра і пастаянна ўздымае на пасяджэннях сельвыканкама, членам якога таксама з’яўляецца.


Вялікая роля старэйшыны і ў тым, што яна вядзе актыўную прапаганду ў сваім населеным пункце асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Так бы мовіць, з’яўляецца яшчэ і вясковым ідэолагам. Не раз перападала ў яе канцэртных нумарах мясцовым выпівохам, або нячыстым на руку землякам. Пастаянна ў клубе выступаюць і з лекцыямі па арганізацыі здаровага ладу жыцця, і іншых надзённых тэмах. Ініцыятарам іх правядзення, няцяжка здагадацца, з’яўляецца Любоў Іванаўна.


— Энергія ў нашай Любы б’е праз край, — кажуць пра сваю старэйшыну вяскоўцы. — Дзякуючы ёй і наш культурны адпачынак не горшы чым гарадскі. Свята провадаў зімы зладзіла, так павесяліла, пацешыла, надоўга запомніцца.


Словы падзякі выказвае Любові Іванаўне не толькі дарослае насельніцтва, але і моладзь. Для іх культурная ўстанова, якой кіруе Варановіч, адзінае месца, дзе ў вольны час яны могуць раскрыць свае схільнасці і таленты. Таму дзверы вясковага клуба для маладых заўсёды гасцінна расчынены.


Паважае Любоў Іванаўну і кіраўніцтва сельсавета за яе актыўнасць і стараннасць. Бо працуе жанчына, як і мясцовая ўлада, дзеля аднаго — каб палепшыць вясковы быт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.