Памочніца пажылым

Галоўнымі якасцямі сваёй прафесіі Наталля Астрашаб лічыць ветлівасць і чуласць. Без іх жанчына не ўяўляе сваёй працы. Яна ў яе вельмі адказная і вельмі неабходная пажылым людзям.

Наталля Васільеўна працуе сацыяльным работнікам. Яна абслугоўвае дзесяць бабуль і дзядуль, якія пражываюць у вёсках Бялёў і Марохарава. Штораніцы жанчына дабіраецца з аднаго населенага пункта да другога. Яе падапечныя сустракаюць як самага дарагога госця. Хто ж як не Наталля Васільеўна раскажа ім свежыя вясковыя навіны, дапаможа справіцца па гаспадарцы, схадзіць у краму і на ФАП.

— Пажылым людзям больш увагі патрэбна, — гаворыць сацыяльны работнік. — Добрае, ветлівае слова для іх, нібы гаючыя лекі.

З гэтага і пачынае сваю працу Наталля Васільеўна. Пакуль упраўляецца і пра здароўе распытае, і пра многае іншае. Работа ў руках Астрашаб спорыцца хутка. Паспець жа не ў адну хату патрэбна. Дапамагае накоплены вопыт. Больш дваццаці гадоў працуе Наталля Васільеўна на такой важнай і клопатнай рабоце. За гэты час зарэкамендавала сябе як вопытны і спрактыкаваны спецыяліст не толькі ў калектыве тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, але і сярод пажылых людзей. Яна добра вывучыла псіхалогію пажылых людзей, якіх абслугоўвае, таму ў апошніх ніколі няма нараканняў на свайго сацыяльнага работніка. Бо Наталля Васільеўна, акрамя паўсядзённых бытавых паслуг, аказвае садзейнічанне дзядулям і бабулям у пасадцы агародаў, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы агародніны на зіму.

Ведаюць Наталлю Астрашаб у калектыве яшчэ як чалавека актыўнага. Не аднойчы яна прымала ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, дзе паказвала выдатныя вынікі.

Дысцыплінаваная і руплівая, добрасумленная — так адзначаюць працу сацыяльнага работніка Наталлі Астрашаб тыя грамадзяне, якім яна дапамагае.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.