Увагу тэмпам і якасці

OLYMPUS DIGITAL CAMERAМенавіта гэтым якасцям веснавых палявых работ была нададзена найперш увага падчас раённага семінара з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў райсельгасхарчу, гаспадарак, механізатараў. Не засталося гэтае мерапрыемства па-за ўвагай і старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, які выказаў сваё гледжанне на ход яравой сяўбы. Прымалі калег-аграрыяў і прадстаўнікоў раённай улады на адным з палеткаў працаўнікі КСУПа “Коленскае”.

Напачатку прысутныя на семінары змаглі азнаёміцца з наборам машын і агрэгатаў, якія неабходны, каб тэхналагічна правесці сяўбу кукурузы. На гэты аспект звярнулі ўвагу на семінары недарэмна. Як зазначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Наўныка, кукуруза на цяперашні час з’яўляецца асноўнай культурай для атрымання зерня і сіласу для грамадскай жывёлагадоўлі. Да таго ж, як даводзілася кіраўніком аграрнай галіны раёна, выдаткі на яе вырошчванне затрачваюцца даволі значныя, але не ўсюды атрымліваецца з кукурузнага палетка належная аддача. Таму і сабраліся кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, каб перад масавай сяўбой гэтай важнай культуры ўзнавіць неабходныя веды, з мэтай недапушчэння пралікаў у тэхналогіі вырошчвання кукурузы. Па словах Аляксандра Міхайлавіча, усе беды пачынаюцца менавіта з сяўбы, калі ў гаспадарках выкарыстоўваюцца неадрэгуляваныя сеялкі, з-за чаго не захоўваюцца параметры высеву насення, глыбіня яго заштукавання ў глебу, шырыня міжраддзя і іншыя, што ў далейшым негатыўна сказваецца на доглядных работах за пасевамі і фарміраванні ўраджаю. Звернута ўвага і на нездавальняючыя тэмпы сяўбы, якія таксама не спрыяюць добраму ўраджаю. Таму начальнік райсельгасхарчу запатрабаваў ад кіраўнікоў і спецыялістаў, механізатараў сельгаспрадпрыемстваў больш увагі звяртаць на важныя аспекты на сяўбе кукурузы, якую павінны ўсе пачаць неадкладна. У гэтым Аляксандра Наўныку падтрымаў і старшыня райвыканкама Мікалай Какора.
— Час не церпіць, глеба падсыхае вельмі хутка, адпаведна і тэмпы сяўбы патрэбна павялічваць, — адзначыў Мікалай Міхайлавіч. — Яны ж, у першую чаргу, залежаць ад арганізацыі на месцах, з чым пакуль маюцца немалыя праблемы ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў.
Сур’ёзныя заўвагі наконт хода сяўбы яравых культур Мікалай Какора выказаў у адрас кіраўнікоў і спецыялістаў КСУПаў “Дзякавічы”, “Бялёў”, ААТ “Прыазёрскае-Агра”. Акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама і на такіх важных пытаннях, звязаных з правядзеннем палявых работ, як эканомія паліўных рэсурсаў, на якія не вельмі багатыя аграрыі раёна, таксама звернута ўвага і на ідэалагічнае забеспячэнне пасяўной.
Падчас практычнай часткі ўдзельнікі семінара азнаёміліся з асноўнымі рэгуліроўкамі кукурузнай сеялкі. Пра гэта падрабязна расказаў і наглядна прадэманстраваў галоўны інжынер райсельгасхарчу Андрэй Ляшкевіч. Пабачылі прысутныя і агрэгат непасрэдна ў справе. Галоўнае ж, што павінен быў вынесці кожны ўдзельнік мерапрыемства: патрэбна сеяць хутка і якасна, часу для раскачкі няма.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.