У ВАРОЖАЙ БЛАКАДЗЕ

Уладзіміру Іванавічу Кісялёву, калі пачалася вайна, споўнілася толькі адзінаццаць гадоў. Ужо ў дванаццаць хлопчык стаў партызанам. Па словах ветэрана, асабліва цяжкім і страшным для народных мсціўцаў стаў 1943. Тады фашысты імкнуліся знішчыць палесскіх партызан і арганізавалі супраць іх вялікую карную аперацыю. Да яе падключылі не толькі пяхотныя і танкавыя часці, але і авіацыю. Ужо ў жніўні пад бамбёжкамі запылалі  Хлупін, Перароў, Перароўскі Млынок – тыя паселішчы, у лясах паблізу якіх базіраваліся атрады. Іх байцы пад націскам гітлераўцаў пачалі адыходзіць у пушчы суседняга лельчыцкага раёна. Па ўспамінах Уладзіміра Іванавіча, іх рота таксама адступала, але, напэўна, нявопытнасць камандзіра сказалася. Ён не выслаў наперад разведку, і таму баявая адзінка трапіла ў засаду. Кісялёва выратавала ад куляметных чэргаў толькі тое, што хлопец паспеў схавацца ў разоры, і кулі прайшлі над галавою. Але падлетак добра бачыў, як яны касілі таварышаў, і чуў іх енк ад болю праз параненне. Не вытрымаўшы гэтай жудасці, Уладзімір падняўся і пабег да лесу. Відаць, гэта быў яго дзень, бо немцы, як думае цяпер былы партызан, пашкадавалі яго і спецыяльна не падцэлілі, хаця рухаўся па чыстым полі.

Далей былі блуканні па лесе. Харчаваўся толькі ягадамі. Праз тыдзень выйшаў да куранёў, дзе хаваліся мірныя жыхары. Дагэтуль Уладзімір Іванавіч памятае смак праснака, якім яго пачаставала адна жанчына.  Магчыма, блакадныя будні партызана і паўплывалі на выбар яго прафесіі. Яна ў Кісялёва была самая мірная — карміць удоваль хлебам народ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.