Безгаспадарлівасць ці злачынства? Што выявіла пракуратура Жыткавіцкага раёна на адной з ферм.

Праверкі захаванасці маладнячку на грамадскіх фермах гаспадарак для работнікаў пракуратуры сумесна са спецыялістамі райсельгасхарчу – справа пастаянная і звыклая. Але ўбачанае на верасніцкай малочна-таварнай ферме павергла кантралёраў у шок.
Увагу намесніка пракурора Марыі Шынвары прыцягнула бязладна наваленая ў вуглу пад навесам куча саломы. Падышоўшы бліжэй, праваахоўнік угледзела пад ёю рэшткі мёртвых цялятак. Пасля таго, як салому разгрэблі, там налічылі шэсць галоў невытворча выбытага маладнячку. Разбірацца сталі неадкладна. Аказалася, што чатыры цяляці палі, а двое — мёртванароджаныя. Падзёж, як засведчылі ў гаспадарцы, не прыхоўвалі, правялі неабходныя даследаванні, аформілі дакументальна, устанавілі вінаватых. Абурыла ж супрацоўніка пракуратуры і спецыяліста райсельгасхарчу тое, што мёртвая жывёла ляжала пад павеццю, дзе ў клетках-доміках утрымліваліся цяляты-малочнікі, ужо прыкладна з месяц. За такі значны перыяд у сельгаспрадпрыемстве не знайшлі магчымасці, каб вывезці падзёж на магільнік і ўтылізаваць там яго згодна з ветэрынарнымі патрабаваннямі. Безумоўна, грубае парушэнне ветэрынарных і санітарных нормаў не пакінулі без увагі. У дачыненні ветэрынарнага ўрача заведзена справа аб адміністрацыйным правапарушэнні. Зразумела, за ўпушчэнне ў рабоце ён атрымае заслужанае спагнанне, а віноўныя пакрыюць страты гаспадаркі.
—Сёлета за неналежнае выкананне прававых нарматыўных актаў, якімі рэгулюецца парадак утрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, прыцягнута да адказнасці восем службовых асоб прадпрыемстваў АПК. Выстаўлена іскаў на 796 рублёў. Прычым у большасці выпадкаў меры ўздзеяння прымаліся да кіраўнікоў і спецыялістаў, — канстатуе вынікі надзорнай дзейнасці пракурор Жыткавіцкага раёна Ігар Арцёменка. –З пачатку года сумесна з прадстаўнікамі райсельгасхарчу праведзена 25 праверак важнай сельскагаспадарчай дзейнасці ва ўсіх прадпрыемствах. На жаль, у гэтай справе пакуль не ўсё ў парадку.
Сапраўды, гэта так. У сельгасарганізацыях раёна з-за дапушчаных хібаў на фермах невытворча выбыла 836 галоў БРЖ. Гэта восем працэнтаў ад народжанных. Па словах спецыялістаў райветстанцыі, асноўнымі прычынамі невытворчага выбыцця жывёлы з’явіліся: неналежнае кармленне і ўтрыманне пагалоўя, а таксама несвоечасовае выканане ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў на месцах. У тых жа ААТ “Тураўшчына” за адзінаццаць месяцаў пала 274 галавы буйной рагатай жывёлы, “Прыазёрскае-Агра” – 61, “Людзяневічы” –62, “Дзякавічы” – 46, у КСУПах “Бялёў” – 66, “Чырвоны Бор” –60, “Коленскае” — 102.
Улічваючы сур’ёзнасць праблемы, пракуратура з ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання і надалей будуць трымаць сітуацыю з падзяжом на кантролі. Мера вымушаная, але без яе пакуль не абысціся, бо страты гаспадарак ад невытворчага выбыцця жывёлы нясуць даволі значныя.
Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.