У нас розныя шляхі

Дай бог побольше разных стран,

не потеряв своей однако.

Дай бог, чтобы твоя страна

Тебя не пнула сапожищем.

Е.Евтушенко “Дай Бог”

Гэтыя радкі паэта прыйшлі на памяць пасля таго, як прынялі Закон аб змяненні Закона “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. І хутчэй не сам дакумент, а той гвалт, што ўчынілі за мяжой нашыя  беглыя апазіцыянеры.  Асабліва тых паправак, якія тычацца магчымасцей страты беларускага грамадзянства, прыдбанага пры нараджэнні, — “у сувязі з наяўнасцю ўступіўшага ў законную сілу прыгавора суда Беларусі, які пацвярджае ўдзел дадзенай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці, або прычыненне ім цяжкай шкоды Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Беларусі”.

Сапраўды, захад своечасовы і правільны, што дзяржава нарэшце дасць добрага “пэндэля” тым, хто прызываў  народ на плошчы, каб звергнуць законна абраную ўладу. Калі гэта не атрымалася, схаваўшыся на Захадзе, не пераставаў паліваць яе граззю і адтуль, жадаючы супраць краіны і яе народу санкцый і ганенняў,  іншых пакаранняў. Інакш як здрадніцтвам сваёй Радзіме гэта назваць нельга. А са здраднікамі і паступаць патрэбна адпаведна – няшчадна караць. І гэты працэс распачаўся. У сродках масавай інфармацыі час ад часу распавядаецца пра суды, якія ідуць над манкуртамі, што ва ўгоду сваіх заакеанскіх гаспадароў, гатовыя прадаць, пазбавіць незалежнасці сваю сінявокую. Прыклад такой дзейнасці цяпер добра бачны  ва Украіне. Ці не гэтага дабіваліся і дабіваюцца пратэстуны. І чаму дзяржава не можа пазбавіць грамадзянства такіх людзей, якія праяўляюць да яе лютую нянавісць. І, як складзецца далейшы лёс іх, ужо не наш клопат. Жывіце сабе, як хочаце і дзе хочаце.

Вельмі здзіўляе, што некаторыя слаі нашага соцыуму наступаюць на адны і тыя ж граблі – менавіта здабыць незалежнасць і стварыць дабрабыт краіны пад уладай чужынцаў. Тая ж БНР абвешчана пад кайзераўскай і белапольскай акупацыяй. Патугі часткі дзеячоў аднавіць беларускую самастойнасць былі і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У выніку што?  Мільёны смярцей, дзясяткі тысяч спаленых паселішчаў, павальнае рабаўніцтва, супрацоўніцтва з акупантамі – вось чым абярнулася  незалежніцкая дзейнасць тагачасных “змагароў-адраджэнцаў”. Сёння  аб ёй беларусам нагадваюць шматлікія тамы крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якую расследуе пракуратура. Ці не гэтага жадала для нас і цяперашняе пакаленне барацьбітоў з ражымам. А колькі зламана лёсаў людзей, якія дзякуючы іх прапагандзе паверылі “гора-палітыканам” і выйшлі на вуліцы і плошчы. Дарэчы, да тых, хто заблытаўся, наша грамадства ў чарговы раз праяўляе сваю талерантнасць. На гэтым акцэнтаваў увагу і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, які на свята Нараджэння Хрыстова фактычна прызваў грамадства перагарнуць тыя старонкі, якія перагарнуць настала пара. І за мяжой, і ўнутры краіны ёсць грамадзяне, што ў жніўні 2020 –га  па розных прычынах зрабілі памылкі, але ўжо асэнсавалі іх і пакаяліся. Бо Беларусь – наш агульны дом, які патрэбна берагчы і абараняць таксама разам, асабліва сёння, а не ваяваць там, дзе даўно можна памірыцца.

У кожнага грамадзяніна  краіны ёсць не толькі правы, але і абавязацельствы перад ёю. Здавалася б, і беглыя павінны любіць і клапаціцца пра шчасце нашай сінявокай. Але рабілі яны гэта толькі ў сацыяльных сетках. На самой жа справе патрабавалі агрэсіі і бомбаў. Праўда, не знайшлі іх пасылы водгук ў беларускім грамадстве, якое заўсёды цаніла мір і стваральную працу. Дарэчы, бягучы год пройдзе менавіта пад гэтым знакам. І пад ім будзе зроблена нямала добрых спраў у розных галінах жыццядзейнасці. Менавіта гэтым мы і пакажам усяму свету, што сваю любімую краіну нікому і ніколі не аддадзім. Ну, а з тымі, хто жадае нам нягод і бед, беларусам гісторыяй наканавана ісці рознымі шляхамі.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.