Каб было смачна

Валянціна Леўкавец на кансервавы камбінат ААТ «Тураўшчына» прыйшла адразу пасля школы, у 1990 годзе. З таго часу  і прадаўжае справу, якую пераняла ад матулі.

Жанчына – варшчыца пладова-агародніннай сыравіны. Менавіта ад яе майстэрства, а рабочай яго не займаць, у значнай ступені залежыць, наколькі высокай якасці сыдзе з канвеера канчатковы прадукт.

– Шчырую на перапрацоўцы гароху, кукурузы, памідораў, яблыкаў, – расказвае Валянціна. – Каб паспяхова выконваць абавязкі, патрэбна добра ведаць тэхналагічны працэс і рэцэптуру.

З цеплынёй успамінае яна маленства, калі маці брала яе з сабой на кансервавы завод. Ужо тады дзяўчынцы было вельмі цікава, як атрымліваюць павідла або таматны сок, іншую прадукцыю. З дарослай разважлівасцю распытвала спецыялістаў пра тонкасці працэсу, а калі тыя дазвалялі, то і сама пад пільным наглядам спрабавала сябе ў справе. Валянціну не пужала ні спякота ў цэху, ні грукат абсталявання, ні доўгія змены.

– Гэта адданы чалавек абранай справе, – характарызуе падначаленую кіраўнік вытворчасці Анастасія Лісіцкая. – Бездакорную адданасць прафесіі пацвярджае высокай выпрацоўкай. Не цураецца выконваць і іншыя абавязкі. У прыватнасці, пастаянна шчыруе ў гаспадарчым агародніннасховішчы на пераборцы і нарыхтоўцы прадукцыі.

Годна працоўныя заслугі Валянціны Канстанцінаўны ацэнены і кіраўніцтвам акцыянернага таварыства. Напрыклад, напярэдадні прафесійнага свята яна была дэлегатам на другім рэспубліканскім форуме працаўніц вёскі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.