Стараннасць заўсёды ў пашане

Па выніках работы за мінулы год у лік лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства “Бялёў” выйшла і даглядчыца Антаніна Агіевіч. Як зазначыла дырэктар гаспадаркі Валянціна Точка, праца гэтага жывёлавода характарызуецца стабільнасцю, таму і паказчыкі ў яе пастаянна высокія.


Шлях на ферму для Антаніны Іванаўны як і для многіх працаўнікоў яе ўзросту пачынаецца з дзяцінства.


— Працавалі жывёлаводамі бацькі, бегала ім дапамагаць, а потым і сама пачала даглядаць цялят, — расказвае жанчына. — Вось ужо дваццаць гадоў і займаюся гэтай справай.


Два дзесяткі гадоў — вопыт даволі значны. І кожны гэты год напоўнены непасільным цяжарам працы. Нават у наш час, калі на фермах стараюцца ўкараняць на асноўных вытворчых працэсах механізацыю, даглядчыкам даводзіцца нямала працаваць уручную. Асабліва тым, якія даглядаюць самых маленькіх цялятак. Іх і папаіць малачком патрэбна, і канцэнтратаў насыпаць у час, і чысціню ў памяшканні навесці, і многа іншых абавязкаў зрабіць. Таму і нядзіўна, што працоўны дзень у Антаніны Іванаўны пачынаецца вельмі рана. У сем гадзін раніцы яна ўжо на ферме, завіхаецца каля сваіх гадаванцаў. Іх на цяперашні час у групе Агіевіч больш васьмідзесяці. Спрытна спраўляецца жанчына са сваімі абавязкамі, таму праз гадзіны дзве ўсё дагледжана і прыбрана. Есць крыху часу, але сядзець няма калі. Хуценька бяжыць дадому, трэба і сваю гаспадарку дагледзець. Управілася дома — і зноў на ферму. Патрэбна атрымаць канцэнтраты і раздаць іх цялятам. Дарэчы, за гэтым заняткам і засталі жанчыну на ферме. Гэтая работа таксама часу нямала патрабуе і выконваецца рукамі жанчыны. Але ж ці прывыкаць ёй да такіх цяжкасцей, у ранейшыя гады яшчэ больш рукамі рабілася на фермах і нічога не наракалі, стараліся атрымаць большыя прывагі. Імкнецца да гэтага Антаніна Іванаўна і цяпер. І выходзіць у яе нядрэнна. У сярэднім за суткі яе гадаванцы прыбаўляюць у вазе больш чым па шэсцьсот грамаў. Зразумела, што хочацца даглядчыцы і яшчэ большага выніку дабіцца. Таму стараецца, каб кармоў падвозілася ў дастатковай колькасці і своечасова, і былі яны належнай якасці. Калі не так з гэтым, жанчына будзе адстойваць свае правы перад любым спецыялістам. І такой прыходзіцца бываць Антаніне Іванаўне. Гэта сведчыць, што чалавек не раўнадушны да абранай справы.


Рабочы дзень даглядчыцы заканчваецца позна ўвечары, калі рукі і ногі гудуць ад стомы. Але жанчына стараецца гэтага не заўважаць, бо яшчэ адзін дзень пражыты недарэмна. І гэтым варта ганарыцца.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.